Круглы стол “Мова пісьменніка”

У аўторак, 13 снежня, у Мемарыяльнай зале Дома літаратараў Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі быў праведзены круглы стол “Мова пісьменніка”.

Актуальнасць і своечасовасць мерапрыемства прадвызначаны практыкай сучаснага літаратурнага працэсу, калі на першы план выходзяць праблемы культуры мовы пісьменніка, самым непасрэдным чынам звязаныя з развіццём і функцыянаваннем беларускай літаратурнай мовы, што падкрэсліў у сваім выступленні дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў.

Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” А.І. Чарота, вядомыя пісьменнікі Навум Гальпяровіч і Віктар Праўдзін разам з загадчыкам аддзела сучаснай беларускай мовы В.П. Русак, загадчыкам аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі В.М. Курцовай, галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай літаратуры В.К. Мароз, загадчыкам сектара камп’ютарнай лінгвістыкі У.А. Кошчанкам і некаторымі іншымі супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, разважалі над суадносінамі паміж агульнапрынятай у літаратурнай мове нормай і тымі задачамі, што ўзнікаюць перад пісьменнікам як мастаком.  

У пасяджэнні круглага стала таксама прынялі ўдзел: загадчык аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы А.А. Васілевіч, загадчык кафедры беларускай і замежнай філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў А.М. Пісарэнка разам са сваімі студэнтамі, сябрамі літаратурнага гуртка “БУКет”.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы