Дыялекталагічная экспедыцыя ў Веткаўскі раён

З 5 па 9 ліпеня 2021 года старшыя навуковыя супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдаты філалагічных навук Юрый Маліцкі і Вадзім Шклярык знаходзіліся ў планавай дыялекталагічнай экспедыцыі, якая праходзіла ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці. Трэба адзначыць, што ў 2020 годзе з прычыны аб’яўленай пандэміі экспедыцыйныя выезды аддзелам не праводзіліся, а сёлета праца ў палявых умовах ажыццяўлялася з пэўнымі абмежаваннямі (камунікаванне з інфармантамі адбывалася па магчымасці на вуліцы, з захаваннем дыстанцыі).

Падчас экспедыцыі запісы ўзораў дыялектнага маўлення ўдалося зрабіць у аграгарадках Малыя Нямкі, Навасёлкі, Неглюбка, Старое Сяло, Стаўбун, Янова і вёсцы Пералёўка Веткаўскага раёна. У выніку кожны населены пункт аказаўся прадстаўлены маналогамі 2–3 мясцовых старажылаў. Атрымалася нават запісаць расказ ветэрана 1926 года нараджэння на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Аформленыя ў выглядзе тэкстаў запісы будуць адлюстраваны ў выданнях «Беларуская дыялекталогія» і «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона», а ў аўдыяфармаце – у нацыянальным гукавым фондзе беларускай мовы.

Плённая праца па зборы дыялектнага матэрыялу стала магчымай дзякуючы спрыянню прадстаўнікоў раённых улад і работнікаў сферы культуры. Так, у вырашэнні транспартнага пытання і планаванні выездаў дапамогу аказалі намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама Н. А. Дарашэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама Д. І. Ісачанка, а таксама А. В. Скідан, навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. Непасрэдна ў населеных пунктах камунікаванне з інфармантамі было арганізавана супрацоўнікамі мясцовых устаноў культуры.

 

Вадзім Шклярык

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы