Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа ў канцы красавіка правёў у г. Любань Мінскай вобласці Рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Любаншчына на гісторыка-культурнай карце Беларусі”, прымеркаваны да Года малой радзімы. Выбар рэгіёна быў невыпадковы. Любанскі раён займае ўнікальнае геаграфічнае становішча: ён ахоплівае дзве геаграфічныя зоны – Цэнтральную Беларусь і Усходняе Палессе. На гэтых землях беражліва захоўваюцца многія народныя традыцыі, а забытыя – адраджаюцца. Любаншчына партызанская ўнесла вялікі ўклад у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Любанскі край багаты на многія гістарычныя падзеі – Любань упершыню згадваецца ў XVI стагоддзі, паселішча ў розныя гістарычныя перыяды належала розным магнацкім родам (князям Алелькавічам, Тышкевічам, Радзівілам).
На любанскай зямлі нарадзіліся многія вядомыя беларусы: І.М. Каратчэня (беларускі палiтычны дзеяч, вучоны-эканаміст, доктар эканамічных навук, прафесар), С.П. Кукраш (беларускі вучоны ў галіне аграхіміі), І.М. Сяржанін (беларускі заолаг, член-карэспандэнт НАН Беларусі), У.Ц. Астрэйка (Герой Сацыялістычнай Працы), І.А. Муравейка (беларускі паэт), Л.С. Савік (беларускі літаратуразнавец, крытык), Б.М. Шапіра (доктар эканамічных навук, прафесар), С.Б. Шапіра (доктар эканамічных навук, прафесар) і многія іншыя.
У семінары прынялі ўдзел акадэмічныя вучоныя-гуманітарыі, выкладчыкі БДУ, кіраўнікі грамадскіх арганізацый “Беларускі фонд культуры” (Тадэвуш Стружэцкі), “Саюз пісьменнікаў Беларусі” (Алена Стэльмах), кіраўніцтва і творчая інтэлігенцыя раёна.
У межах работы семінара былі ўзняты цікавыя тэмы з гісторыі Любанскай зямлі і яе славутых прадстаўнікоў. Праграма ўключала некалькі тэматычных блокаў: гісторыя, культура, анамастыка, літаратура. Ураджэнец Любаншчыны, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Мікалай Крывальцэвіч расказаў пра старажытнае мінулае Любанскага краю па выніках археалагічных даследаванняў. Асобныя археалагічныя артэфакты, знойдзеныя ім падачс раскопак на тэрыторыі раёна, раней былі перададзены ў Любанскі дзяржаўны музей народнай славы. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза азнаёміў прысутных з вынікамі даследаванняў археалагічнага комплексу Обчын – вёскі, каля якой будуецца новы калійны камбінат, распавёў пра перспектывы і значэнне новага заканадаўства ў галіне аховы археалагічнай спадчыны. Невядомыя старонкі гісторыі Першай сусветнай, савецка-польскай і Вялікай Айчыннай вайны былі раскрыты ў выступленнях дырэктара Любанскага дзяржаўнага музея народнай славы Наталлі Сіняк, загадчыка аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксея Літвіна і старшага навуковага супрацоўніка гэтага аддзела Алены Трубчык.
Вялікую цікавасць выклікалі даклады, прысвечаныя традыцыйнай народнай культуры раёна, зробленыя вучонымі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (Таццяна Кухаронак “Традыцыі святкавання Вялікадня на Любаншчыне ў савецкі і постсавецкі час”, Таццяна Валодзіна “Каўтун ва ўяўленнях жыхароў Любаншчыны: хвароба і міф”, Ірына Смірнова “Беспечальное искусство Павла Мартиновича (влияние салонной живописи на искусство “маляваных дываноў” Любаншчыны”).
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў выступіў з прапановай стварыць “Анамастыкон Любаншчыны”, які будзе ўключаць у сябе мікратапонімы, гідронімы, гісторыю ўнутрыгарадскіх аб’ектаў, тлумачэнне паходжання назваў населеных пунктаў раёна і прозвішчаў яго жыхароў. Такі даведнік будзе шырока запатрабаваны сярод настаўнікаў, бібліятэкараў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіццца гісторыяй свайго краю. Малады даследчык Інстытута мовазнаўства Вадзім Шклярык азнаёміў з вынікамі анамастычнай экспедыцыі на Любаншчыну, падчас якой акадэмічнымі мовазнаўцамі было сабрана каля тысячы ўнікальных мясцовых назваў дробных геаграфічных аб’ектаў. У дакладзе загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Веранікі Курцовай было паказана месца гаворак Любаншчыны ў сістэме беларускай дыялектнай мовы.
Вучоныя-літаратуразнаўцы (Алесь Бразгуноў, Ігар Запрудскі) ў сваіх выступленнях расказалі пра Любаншчыну ў дакументальнай і літаратурнай памяці народа (Алесь Бразгуноў) і феномен творчасці вядомага пісьменніка, этнографа Паўла Шпілеўскага, ураджэнца вёскі Шапілавічы Любанскага раёна.
Адметнай падзеяй семінара стала падвядезнне вынікаў двух творчых конкурсаў, праведзеных Інстытутам мовазнаўства сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Любанскім раённым выканаўчым камітэтам сярод дарослых (творчы конкурс “”Люблю цябе, зямля бацькоў святая”) і школьнікаў (“Сцяжынкамі роднага краю”). Пераможцы былі адзначаны дыпломамі і кнігамі з аўтографамі пісьменнікаў.
У сваю чаргу Любанскім райвыканкамам была арганізавана вялікая культурная праграма, у рамках якой удзельнікі семінара даведаліся пра гераічнае ваеннае мінулае раёна, сустрэліся з фальклорнымі калектывамі, азнаёміліся з экспазіцыяй раённага музея, наведалі музей промыслаў і рамёстваў, дзіцячую школу народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзіцячую школу мастацтваў, Жораўскі дом народных традыцый, мемарыяльныя і культавыя мясціны. Такая багатая культурная праграма, падрыхтаваная мясцовымі ўладамі, дазволіла даследчыкам глыбей пазнаёміцца з асаблівасцямі гэтага рэгіёна краіны і дала цікавы матэрыял для далейшых навуковых распрацовак.
Падчас семінара прайшлі цікавыя творчыя сустрэчы са школьнікамі. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства Сяргей Гаранін правёў тры ўрокі ў розных школах горада на тэму “Кніга ў старажытнай Беларусі: 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню. Таксама ўдзельнікі семінара наведалі сярэднюю школу ў вёсцы Смольгава, дзе нарадзіўся вядомы беларуска-польскі пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля, сустрэліся з настаўнікамі і вучнямі, паглядзелі экспазіцыі школьных музеяў. Вядомы літаратуразнавец, паэтэса Ірына Багдановіч расказала вучням пра новыя, раней невядомыя факты з жыцця і творчасці іх славутага земляка. На завяршэнне ўдзельнікі семінара перадалі ў падарунак школе новыя пераклады твораў Сыракомлі і кнігі з асабістых бібліятэк.
Па выніках семінара запланавана выданне зборніка навуковых работ, які стане своеасаблівым укладам вучоных у скарбонку гісторыка-культурнай спадчыны Любанскага раёна і знойдзе шырокае прыктычнае выкарыстанне ў вучэбным працэсе, краязнаўчай рабоце і развіцці турызму ў рэгіёне.
Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа