У рамках ХХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 13 сакавіка адбылася прэзентацыя навукова-папулярнага выдання “Беларуская мова ад А да Я”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел аўтары кнігі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І. Л. Капылоў, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі А. М. Лапцёнак, а таксама малодшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы В. Д. Косціна, якая займалася распрацоўкай дызайну і камп’ютарнай вёрсткай кнігі. Вяла мерапрыемства загадчык рэдакцыі кніжных і перыядычных выданняў выдавецкага дома “Беларуская навука” В. М. Пручкоўская.
І. Л. Капылоў расказаў прысутным пра ідэю стварэння кнігі, адзначыў ролю беларускай мовы ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны, прадставіў структуру даведніка. Ён акцэнтаваў увагу на знакавых гістарычных выданнях, што з’яўляюцца крыніцай вывучэння нацыянальнай мовы, і згадаў вядомых мовазнаўцаў, а таксама агучыў некаторыя цікавыя моўныя факты.
На тэматычную разнастайнасць моўнай інфармацыі, прадстаўленай у “Беларускай мове”, звярнула ўвагу А. М. Лапцёнак. Слухачы даведаліся пра асобныя рубрыкі выдання, некаторыя катэгорыі прадстаўленай лексікі і адметнасці яе адбору, спецыфіку падрыхтоўкі сучасных слоўнікаў і асаблівасці афармлення старадрукаў.
Пра арганізацыю працы над кнігай, падрыхтоўку яе дызайну і размяшчэнне ілюстрацыйнага матэрыялу расказала наведвальнікам выставы В. Д. Косціна.
Прэзентацыя прайшла ў цёплай атмасферы і закончылася аўтограф-сесіяй.