13 лютага 2020 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылося адкрыццё Школы юнага лінгвіста.
Школа з’яўляецца дадатковай формай адукацыі вучнёўскай моладзі, якая садзейнічае больш глыбокаму і ўсвядомленаму пранікненню ў сутнасць моўных з’яў пры дапамозе аналітычнай работы над тэкстамі розных стыляў і жанраў. Дзейнасць Школы ажыццяўляецца ў кірунку некалькіх аспектаў.
Навукова-даследчы аспект заключаецца ў тым, што Школа выступае своеасаблівай пляцоўкай для лінгвістычных дыскусій і навуковага пошуку. Яна аб’ядноўвае навучэнцаў, зацікаўленых у навуковым росце: работа Школы пабудавана такім чынам, каб сфарміраваць навыкі пастаноўкі навуковай праблемы, уменне прымяняць навуковую метадалогію ў самастойнай даследчай рабоце. Дзейнасць школы накіравана на тое, каб дапамагчы ў падрыхтоўцы да публічных выступленняў на мерапрыемствах навуковага (навукова-даследчага і навукова-практычнага) характару.
Выхаваўчы і развіццёвы аспекты рэалізуюцца праз усталяванне больш цесных сувязей паміж старэйшым і малодшым пакаленнем даследчыкаў, што забяспечыць пераемнасць у навуковай дзейнасці. Фармат мерапрыемстваў школы ўключае выступленні і лекцыі супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа па актуальных напрамках даследаванняў, абмеркаванне самых значных акадэмічных выданняў, знаёмства з апошнімі дасягненнямі ў галіне беларускага мовазнаўства, правядзенне сустрэч, семінараў са школьнікамі і настаўнікамі.
Вучэбна-адукацыйны аспект дзейнасці школы заключаецца ў аказанні кансультацыйнай і метадычнай дапамогі, у навуковым каментаванні па складаных праблемах беларускай лінгвістыкі, навучанні алгарытму працы са слоўнікамі розных тыпаў, даведнікамі, дапаможнікамі для школы, лінгвістычнымі атласамі, энцыклапедыямі.
Задачы Школы юнага лінгвіста:
- павышэнне ўзроўню лінгвістычнай культуры школьнікаў, развіццё навукова-даследчых, інавацыйных і крэатыўных кампетэнцый;
- фарміраванне ў школьнікаў шырыні кругагляду, умення бачыць праблему, карыстацца рознымі інфармацыйнымі крыніцамі, лагічна і сістэмна структураваць матэрыял;
- выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі; прадастаўленне дадатковых магчымасцей для самарэалізацыі школьнікаў; фарміраванне матывацыі да ўдзелу ў навукова-даследчай дзейнасці і падтрымка творчых ініцыятыў;
- павышэнне інтарэсу да вывучэння гісторыі, дзейнасці навуковых школ, сучасных тэндэнцый і працэсаў у беларускай лінгвістыцы;
- дэманстрацыя і прапаганда самых значных дасягненняў мовазнаўчай навукі і іх укараненне ў вучэбна-адукацыйны працэс;
- захаванне і трансляцыя культурна-гістарычнай спадчыны будучым пакаленням на аснове мовазнаўчага матэрыялу.