У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа прайшло першае мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы. Ім стала сустрэча дырэкцыі Інстытута, яго супрацоўнікаў і запрошаных спецыялістаў са школьнікамі-пераможцамі абласных алімпіяд па беларускай мове і гісторыі.
Адкрыў мерапрыемства дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, які звярнуўся з прывітальным словам да лепшых знаўцаў роднай мовы і гісторыі сярод вучняў 9―11-х класаў Мінскай вобласці. У сваёй прамове І.Л. Капылоў расказаў пра структуру Інстытута і асноўныя напрамкі яго дзейнасці.
Глыбей асэнсаваць значнасць навуковых дасягненняў у галіне мовазнаўства школьнікам дапамагла спецыяльна арганізаваная выстава найбольш значных навуковых выданняў, падрыхтаваных супрацоўнікамі Інстытута.
Загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Н.В. Паляшчук расказала пра «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», этапы яго стварэння, структуру слоўнікавых артыкулаў.
Больш падрабязна пра некаторыя помнікі старабеларускага пісьменства і іх факсімільныя выданні распавялі супрацоўнікі аддзела Э. Ярмоленка («Слуцкае Евангелле», «Жыціе Еўфрасінні Полацкай») і І. Будзько («Полацкае Евангелле», «Буквар» Спірыдона Собаля).
Загадчык аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі С.А. Траццяк зрабіў агляд дзейнасці Інстытута гісторыі.
Завяршылася сустрэча экскурсіяй у музей Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Анастасія Марозава