Усходнепалескія гаворкі: новыя лінгвістычныя дасягненні па вывучэнні мясцовага лінгваландшафту

Адметнай падзеяй у жыцці Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа стала прэзентацыя ў лістападзе мінулага года новага выдання. Ім з'яўляецца "Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны". Кніга выйшла ў выдавецтве "Беларуская навука" (2016) пад агульнай рэдакцыяй доктара філалагічных навук, прафесара, вядомага славіста Г. А. Цыхуна.

"Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны" — гэта публікацыя, якая шэрагам сваіх асаблівасцей адрозніваецца ад іншых навуковых мовазнаўчых прац. Выданне належыць да даследаванняў у галіне лінгвагеаграфіі. Таму яно ўяўляе сабой атлас, у якім на 315 картах, створаных вядомым дыялектолагам Ф. Д. Клімчуком і супрацоўнікам аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа У. А. Кошчанкам, з дапамогай спецыяльных геаметрычных знакаў расказваецца пра моўную адметнасць усходнепалескай разнавіднасці гаворак беларускай мовы.

"Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны" — гэта даследаванне, якое чакала свайго з'яўлення больш чым 35 гадоў. Так склаліся навуковыя і жыццёвыя абставіны. Задума стварыць спецыяльную навукова-даследчую працу як своеасаблівы, заключны дадатак да "Тураўскага слоўніка" ў 5-ці тамах (1982—1987) узнікла ў аўтарскага калектыву збіральнікаў матэрыялаў слоўніка. З гісторыі вывучэння ўсходнепалескага рэгіёна вядома, што дыялекталагічны атрад у складзе А. А. Крывіцкага, Г. А. Цыхуна, І. Я. Яшкіна, П. А. Міхайлава, Т. М. Трухан на працягу больш чым 10 гадоў працаваў на Тураўшчыне. Навукоўцы рабілі магнітафонныя запісы, рэгістравалі ўжыванне розных слоў у мясцовым маўленні, запісвалі апавяданні тубыльцаў. Сабранае ў наступным парадкавалася ў выглядзе алфавітнай картатэкі і расшыфраваных тэкстаў. Пазней на аснове апрацаванага і быў выдадзены добра вядомы ў славянскім свеце "Тураўскі слоўнік", які ўтрымлівае звыш 20 тысяч слоўнікавых артыкулаў, змешчаных па алфавітным парадку па загалоўных словах. Такая колькасць слоў — досыць істотнае багацце мясцовай гаворкі, якая па сваіх характэрных рысах вылучаецца ў дыялекталагічнай навуцы як усходнепалеская група гаворак паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы. Лексічныя мясцовыя сродкі таксама ўвасабляюць яе яскравыя асаблівасці. Склалася такое слоўнае багацце невыпадкова. Яно абумоўлена асаблівым становішчам Турава і Тураўшчыны ў мінулым: гэты край быў цэнтрам буйнога раннефеадальнага княства. Не толькі на Палессі, але і на ўсім паўднёва-заходнім абшары Беларусі Тураў узвышаўся як важны адміністрацыйны, гаспадарчы, культурны цэнтр княства. Гэта і пакінула свой след у лексічным ладзе мясцовай гаворкі. Геаграфічная адметнасць краю, пражыванне тут пераважна аўтахтоннага насельніцтва спрыялі захаванню багацейшых этнаграфічных, культурна-гістарычных, моўных традыцый да нашага часу. Таму "Тураўскі слоўнік" такі сакаўны на адметныя словы, выразы, словаформы. Нягледзячы на досыць унушальны аб'ём, слоўнік уключае далёка не ўсё, што занатавалі на той час даследчыкі. У слоўнікавым каталогу пераважае толькі традыцыйная лексіка. Да традыцыйных лексічных набыткаў адносяць пераважна словы, якія бытуюць у мясцовай гаворцы як вынік гістарычнага складвання і развіцця яе лексічнай сістэмы.

Слова, пададзенае ў слоўніку як спецыяльна ўпарадкаваная ў рэестр адзінка, не дазваляе ўбачыць яго месца ў прасторы, выявіць яго адносіны з іншымі лексічнымі сродкамі. Гэтыя магчымасці дэманструе лінгвагеаграфічны атлас. Менавіта атлас пры ўмелым чытанні зместу яго карт дазваляе раскрыць гісторыю слова ў прасторы і часе, выявіць яго з'яўленне і развіццё, адказаць, на ліку адносна новых па часавых крытэрыях ці архаічных, надзвычай старажытных, належыць лексема.

Лінгвістычны Тураўшчыны мае вызначэнне мікраатласа, бо даследаваннем была ахоплена вельмі абмежаваная моўная прастора — тураўская гаворка. Яе складае мясцовая дыялектная мова Турава і амаль усіх яго навакольных вёсак. Тураўская гаворка займае заходні край усходнепалескіх гаворак, мяжуючы з сумежнымі, вельмі адметнымі ў складзе беларускай дыялектнай мовы заходнепалескімі гаворкамі. На гэтым абшары Тураўшчына знаходзіцца фактычна ў цэтральнай частцы. Яе геаграфічнымі арыенцірамі, як адзначае ў прадмове да мікраатласа Г. А. Цыхун, з'яўляюцца з поўначы Прыпыць, па ўсходзе і поўдні рака Моства, прыток Прыпяці, і Сцвіга, на захадзе — Гарынь. Населеныя пункты (скарочана — н. п.), размешчаныя галоўным чынам у гэтым прасторавым куце, склалі сетку мікраатласа. Акрамя н. п. гэтага рэгіёна, даследчыкамі былі абследаваны і іншыя вёскі, аддаленыя ад цэнтра Тураўшчыны. Агульны спіс абследаных населеных пунктаў налічвае 67 паселішчаў. Большасць з іх знаходзяцца ў Столінскім (29) і Жыткавіцкім (25) раёнах, у Лельчыцкім, Лунінецкім, Пінскім, Пружанскім, Петрыкаўскім, Драгічынскім і Брэсцкім раёнах даследаваннем было ахоплена ад 3 да 1 н. п.

Для стварэння лінгвагеаграфічнага атласа на працягу 1979—1992 гг. даследчыкі збіралі неабходныя звесткі. Збіранне матэрыялаў праводзілася па спецыяльным апытальніку, распрацаваным А. А. Крывіцкім. Першапачаткова ў апытальнік былі ўключаны такія раздзелы: "Анамастыка", "Фанетыка", "Марфалогія", "Лексічны склад". З пералічаных лінгвістычных рубрык на картах мікраатласа ўвасобіліся адказы толькі па раздзелах "Марфалогія" (тэма № 4, якую складае 55 пытанняў) і "Лексічны склад" (тэмы № 5—24, з рознай колькасцю пытанняў у кожнай паасобнай тэме, што залежала ад яе зместу). Няпоўнае адлюстраванне папярэдне задуманых раздзелаў адбылося па розных аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах. Але нават наяўныя 315 лінгвістычных карт, якія дэманструюць адказы на розныя тэматычныя пытанні, выступаюць найбагацейшай крыніцай звестак пра мясцовы лінгваландшафт. Так, наўрад ці з ходу нават спецыяліст-мовавед адкажа, што ведае слова купјць у значэнні 'гарэць без полымя'. Не менш таямніц хавае ў сабе і лексема негѕпта (егѕпта), сэнс якой вызначаецца як 'непраходнае месца на балоце', а таксама такія тураўскія словы, як  талогљніцца 'цягнуцца, валачыся', ћпа 'нарасць' (у каровы, на дрэве), краснљць (пра пачатак вясны), жмљркѕ 'дробненькія пухірчыкі, якія паднімаюцца з дна, калі паварушыш мул', і многія-многія іншыя, загадкавыя, знаёмыя і зусім невядомыя…

Якраз пра падобныя адметныя словы, якія дазволяць, калі расшыфраваць таямніцы іх з'яўлення, раскрыць гісторыю фарміравання лексічнага ландшафту краю, а разам з гэтым і адказаць на шматлікія пытанні, чым абумоўлена ўнікальнасць Палесся на моўным абшары Славіі, гаварыў прысутным на прэзентацыі Г. А. Цыхун. Вельмі шчыра дзялілася ўспамінамі пра свае паездкі на Тураўшчыну супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Т. М. Трухан. Пра зробленае, пошукі найбольш дакладных спосабаў стварэння легендаў да карт мікраатласа распавядаў Ф. Д. Клімчук, выдатны знаўца і даследчык Палесся. Значнасць новага адметнага выдання для акадэмічнай філалагічнай навукі была ацэнена дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І. Л. Капыловым і намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры А. А. Лукашанцам. Важнасць створанай лінгвагеаграфічнай працы не толькі для фундаментальнай навукі, але і для вышэйшай школы адзначыў загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Д. В. Дзятко. Цёплыя словы ў адрас непасрэдных выканаўцаў працы, укладальнікаў мікраатласа Ф. Д. Клімчука, У. А. Кошчанкі, І. І Лапуцкай, М. А. Саскевіча, аўтарскага калектыву — А. А. Крывіцкага, Г. А. Цыхуна, І. Я. Яшкіна, П. А. Міхайлава, Т. М. Трухан, Ф. Д. Клімчука — адрасавалі В. М. Курцова, М. А. Саскевіч і іншыя выступоўцы.

"Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны", які ўбачыў свет, з'яўляецца сапраўдным скарбам незлічоных моўных багаццяў пра адметную культуру, гісторыю, этнаграфію Тураўшчыны — асаблівага месца на карце Беларусі. Гэта выданне не проста завяршае комплекс навукова-даследчых прац, прысвечаных назапашванню факталагічных матэрыялаў пра ўсходнепалескія гаворкі беларускай мовы. Мікраатлас — гэта фундаментальнае навуковае даследаванне, якое зацікавіць і прыцягне да сябе лінгвістаў і спецыялістаў розных галін гуманітарных навук.

 

Вераніка Курцова,

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы