
11 лістапада ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся круглы стол. Ён быў прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння выбітнага дыялектолага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алены Іванаўны Чабярук. На круглым стале прысутнічалі дачка Алены Іванаўны Яўгенія Мікалаеўна Яфімава і ўнучка Марыя Анатольеўна Яфімава. Іх прысутнасць дадала асаблівай цеплыні і ўзрушанасці пасяджэнню. Дзякуючы ўспамінам родных прысутныя даведаліся пра Алену Іванаўну як маці і бабулю, прыгадалі яны таксама, што запомнілася ім з расповедаў Алены Іванаўны пра падзеі, звязаныя са стварэннем атласа, пра палявыя даследаванні.

Выступае Я.М. Яфімава

Выступае М. А. Яфімава
Круглы стол распачаў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў. Выступоўца адзначыў важнасць захавання і шанавання памяці пра тых даследчыкаў, хто зрабіў грунтоўны ўнёсак ў беларускую нацыянальную навуку, хто стварыў гонар і славу беларускай нацыянальнай дыялекталогіі. Алена Іванаўна Чабярук прыйшла ў беларускае мовазнаўства ў той час, калі пачыналі сваю даследчыцкую дзейнасць Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч, Анцінея Рыгораўна Мурашка, Мікалай Васільевіч Бірыла, Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі, Аляксандр Антонавіч Крывіцкі, Яўгенія Міхайлаўна Рамановіч і іншыя навукоўцы. У пасляваенны перыяд было падрыхтавана капітальнае даследаванне “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (ДАБМ, 1963) – адно з найбуйнейшых навуковых дасягненняў беларускіх дыялектолагаў, у 1970-я гады разгарнулася праца па стварэнні “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак” (ЛАБНГ, 1993–1998). У напісанні гэтых найважнейшых капітальных прац брала непасрэдны ўдзел Алена Іванаўна Чабярук. Таму вельмі важна, каб кожнае новае пакаленне даследчыкаў, філолагаў, наогул прадстаўнікоў гуманітарнай навукі памятала імёны тых, хто стварыў фундаментальныя творы пра беларускую нацыянальную мову – яе традыцыйныя мясцовыя гаворкі.

Выступае І.Л. Капылоў
Сярод прысутных на пасяджэнні была Тамара Мікалаеўна Трухан. Яна ўзгадала, як ўпершыню студэнткай пачула пра ДАБМ і потым, калі прыйшла на працу ў Інстытут мовазнаўства, увачавідкі ўбачыла многіх з тых, хто працаваў над гэтым унікальным выданнем. Расказала, як вучылася складаць лінгвагеаграфічныя карты, як дапамагала ёй у гэтай справе Алена Іванаўна. Успомніла яна і пра сумесныя палявыя даследаванні, якія былі адметнай часткай працы ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі.

Выступае Т.М. Трухан
Добрымі словамі ўспамінаў аб даследчыцы А.І. Чабярук падзялілася Валянціна Паўлаўна Русак.
Пра жыццёвы шлях Алены Іванаўны Чабярук расказала прысутным Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі.

Выступае В.М. Курцова
Нарадзілася будучы дыялектолаг акурат 11 лістапада 1925 г. на станцыі Прыяміна ў Барысаўскім раёне. На яе лёс выпалі ваенныя выпрабаванні. Каб уратавацца ад прымусовага выгнання ў Германію, працавала на чыгунцы, у верасні 1945 г. была звольнена, бо паступіла на вучобу. Вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, на працягу 1951/1952 вучэбнага года працавала настаўніцай у г.п. Узда, амаль 40 гадоў (пачынаючы з 1952 г.) месцам яе працоўнай дзейнасці была Нацыянальная акадэмія навук, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. Большая частка даследаванняў звязана з дыялекталогіяй. Уражвае наступны факт: мовавед удзельнічала ў 87 дыялекталагічных экспедыцыях. Яе першыя экспедыцыі адбыліся ў 1949–1951 гг., калі Алена была яшчэ студэнткай (на той час яна мела прозвішча А.І. Владыка, у палявых даследаваннях 1959 г. яе імя пазначана як А.І. Чабярук), апошняя, афіцыйна засведчаная экспедыцыя была праведзена ў 1985 г. Для ДАБМ Алена Іванаўна сабрала матэрыял у 12 вёсках, для ЛАБНГ – у 37 (з іх 13 па праграме “Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа”), для “Слоўніка паўночна-заходніх гаворак Беларусі і яе пагранічча” (СПЗБ) – у 38. У палявыя даследаванні досыць часта выязджалі двойчы на год. Звычайна працавалі разам з калегай і сяброўкай Я.М. Рамановіч.
За стварэнне комплексу прац: “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы”, “Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак” (1968; інтэрпрэтацыя ізаглос), “Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак” (1969; карты ізаглос), “Нарысы па беларускай дыялекталогіі: вучэбны дапаможнік” (1964) – Алене Іванаўне Чабярук у складзе аўтарскага калектыву (13 даследчыкаў) у 1971 г. была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.
Званне лаўрэата А.І. Чабярук атрымлівала двойчы. У 2000 г. фундаментальнае навуковае даследаванне “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак”, для якога яна падрыхтавала 202 карты з навуковымі каментарымі да іх, было адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Выява 2. ЛАБНГ
Досыць актыўную даследчую працу над планавымі тэмамі аддзела вучоны спалучала з індывідуальнай. У 1969 г. пад кіраўніцтвам Р.І. Аванесава А.І. Чабярук абараніла дысертацыйнае даследаванне “Лічэбнік у беларускіх народных гаворках”. На аснове кандыдацкай працы ў 1977 г. апублікавала манаграфію з такой жа назвай.

Выява 3. Лічэбнік
У аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Алена Іванаўна, акрамя лінгвагеаграфічных даследаванняў, займалася таксама вывучэннем лексічнага ладу беларускіх народных гаворак. Яна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і публікацыі пяцітомнага “Слоўніка паўночна-заходніх гаворак Беларусі і яе пагранічча” – самага буйнога ў беларускай дыялектнай лексікаграфіі даведніка аб лексічных асаблівасцях гаворак паўночна-заходняга рэгіёна Беларусі. Для выдання мовазнавец распрацавала больш за 5 тысяч слоўнікавых артыкулаў.
Шэраг яе публікацый прысвечана разнастайным праблемам лексікалогіі, у тым ліку і пытанням балта-славянскіх міжмоўных кантактаў. Найбольш буйным даследаваннем па лексікалагічнай праблематыцы з’яўляецца раздзел у манаграфіі «Лексічныя ландшафты Беларусі: жывёльны свет» (1995).

Выява 4. Лексічныя ландшафты
За час сваёй працы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Алена Іванаўна надрукавала каля 70 навуковых прац па беларускай дыялекталогіі, значная частка іх – гэта раздзелы ў кніжных выданнях.
Побач з Аленай Іванаўнай Чабярук заўсёды было цікава як з кампетэнтным даследчыкам, спакойна, светла і камфортна як з чалавекам, які умеў паслухаць, падтрымаць і парадавацца за поспехі, абнадзеіць. Такой яна і жыве ў нашых успамінах, хоць з 2007 г., калі яе не стала, мінула ўжо нямала часу.
В.М. Курцова







