Беларуска-татарскія мовазнаўчыя сувязі

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў прыняў удзел у Міжнародным навуковым сімпозіуме “Сучасныя тэндэнцыі развіцця лінгвістычнай навукі: праблематыка і метадалогія даследаванняў”, які прайшоў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва імя Г. Ібрагімава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан.  У сімпозіуме ўдзельнічалі вучоныя-мовазнаўцы з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі (Масква, Санкт-Пецярбург,  Нальчык, Кемерава, Казань, Грозны, Ялабуга, Якуцк, Краснадар,  Махачкала,  Благавешчанск, Іжэўск, Томск, Новасібірск, Чабаксары, Іашкар-Ала, Саранск, Уфа, Перм і інш.), а таксама Казахстана і Кыргызстана.

Праблемнае поле сімпозіума было даволі шырокае: тэндэнцыі развіцця лінгвакультуралогіі і кагнітыўнай лінгвістыкі, фарміраванне сістэмнай пісьменнасці ў дзяцей-білінгваў, праблемы сістэмна-структурнага даследавання моў у сінхранічным аспекце і пытанні захавання моўнай ідэнтычнасці ва ўмовах шматмоўя, пытанні вывучэння моў у дыяхранічным і арэальным аспектах і інш. Ігар Лявонавіч выступіў на пленарным пасяджэнні з дакладам “Актуальныя праблемы беларускага мовазнаўства ў святле  сучасных навуковых даследаванняў”, у якім расказаў пра асноўныя напрамкі дзейнасці Інстытута мовазнаўства і выкарыстанне сучасных тэхналогій у навукова-даследчым працэсе. Асаблівую цікавасць у аўдыторыі выклікала інфармацыя пра вынікі вывучэння рукапіснай спадчыны беларускіх татар: каталогі «Рукапісы беларускіх татар канца XVII – пачатку XX ст. з дзяржаўных кніжных збораў краіны», «Рукапісы беларускіх татар XVIII – пачатку XXI стагоддзя з дзяржаўных і грамадскіх кніжных збораў краіны», «Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кніжных збораў Беларусі» і інш.

Падчас сімпозіума быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Інстытутам мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы