Навуковыя стажыроўкі ў Эстонскім літаратурным музеі

 
Супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мелі магчымасць праходзіць навуковыя стажыроўкі ў Эстонскім літаратурным музеі (г. Тарту) Эстонскай акадэміі навук у межах беларуска-эстонскага супрацоўніцтва ў сферы фалькларыстыкі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Эстоніі (Праект па развіцці супрацоўніцтва 69-2016-A).

 
Эстонскі фальклорны архіў Эстонскага літаратурнага музея (Eesti Kirjandusmuuseumi Eesti Rahvaluule Arhiiv, ERA) — адзін з найбуйнейшых у свеце фондаў вуснай народнай творчасці. 24 верасня 2017 года адзначалася 90-годдзе галоўнага сховішча духоўнай спадчыны эстонскага народа і этнічных груп, якія пражываюць або пражывалі на тэрыторыі Эстоніі. Фальклорны архіў ERA, як аўтаномная ўстанова пры Эстонскім нацыянальным музеі, быў створаны ў 1927 годзе. Але яшчэ ў 1888 году знакаміты збіральнік фальклору і прадметаў нацыянальнай культуры Якаб Хурт звярнуўся да насельніцтва з заклікам запісваць народныя песні, казкі, паданні і г.д. Яго заклік быў падхоплены многімі збіральнікамі даўніны, і за некалькі дзясяткаў гадоў удалося назапасіць найбагацейшы фальклорны матэрыял. Сёння ў архіве захоўваецца больш за 1,5 мільёна сабраных эстонскім народам рукапісных старонак фальклору і больш за 20 500 помнікаў рускай вуснай народнай творчасці. Акрамя таго, калекцыі архіва ўтрымліваюць фальклор замежных эстонцаў і іншых нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Эстоніі і за яе межамі: фінаў, немцаў, шведаў, габрэяў, латышоў, літоўцаў, сэту, водзі, карэлаў, ліваў, цыган і іншых. Пастаянна папаўняецца новымі матэрыяламі і фонд з фотаздымкамі (на сённяшні дзень тут налічваецца 62 000 здымкаў), аўдыя- і відэазапісаў (у архіве зарэгістравана 188 000 адзінак), бесперапынна павялічваецца збор тэкстаў у аналагавай і лічбавай форме (ужо алічбавалі больш за траціну архіва).
 
Падчас стажыровак супрацоўнікаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры былі пачаты асобныя выдавецкія праекты: у прыватнасці, плануецца выданне серыі кніг рускамоўнага фальклору з архіва ERA — міфалагічных тэкстаў, тэкстаў па народным хрысціянстве, замовах, календары, вяселлі, малых жанрах фальклору.
 
 
Боганевай А.М. у часе апошняй камандзіроўкі ў Тарту (з 8 па 31 сакавіка 2018 г.) вялася падрыхтоўка да выдання рускамоўнай часткі архіва Эстонскага літаратурнага музея па міфалогіі (міфалагічныя персанажы і наратывы) сумесна з супрацоўнікамі Эстонскага літаратурнага музея: загадчыкам аддзялення фалькларыстыкі і кіраўніком Эстонскага цэнтра перадавых даследаванняў доктарам філалогіі Марэ Кыйва, дыгітальным архівістам Вольгай Івашкевіч. Папярэдняя праца па адборы рукапісных тэкстаў у рамках дадзенай тэмы, складанні першаснага ўказальніка матываў была праведзена падчас камандзіровак у жніўні і снежні 2017 г. 
 
На сённяшні дзень зроблена сістэматызацыя набраных тэкстаў, удакладнены ўказальнік матываў з адсылкамі да нумароў тэкстаў, вядзецца праца над каментарамі і супастаўляльны аналіз славянскіх паралеляў і эстонскіх уплываў у намінацыях персанажаў і міфалагічных матывах.
 
Падчас камандзіровак 2017 г. Боганевай А.М. былі адсканаваны рускамоўныя матэрыялы (запісы 30-40-х гг.) па міфалогіі (персанажы, расліны, жывёлы, метэаралогія) і народным хрысціянстве, адрэдагаваны шэраг перакладаў на рускую мову эстонскамоўных этыялагічных наратываў. Усе гэтыя матэрыялы будуць выкарыстоўвацца для параўнальнага аналізу пры выкананні планавай тэмы аддзела “Міжславянскія моўныя і этнакультурныя кантакты: гісторыя і сучаснасць”.
 
 
Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўстава Антропаў М.П. і Боганева А.М. прынялі ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Variation in language, literature, folklore, and music” (7-8 снежня 2017, Эстонскі літаратурны музей, г. Тарту).
 
Дзякуючы дапамозе эстонскіх калег Боганева А.М. пазнаёмілася з архітэктурнымі, гістарычнымі і мастацкімі славутасцямі г. Тарту, наведала гарады Талін, Йыхві, Элві, а таксама Пюхціцкі Успенскі манастыр — праваслаўны жаночы стаўрапігіяльны манастыр Рускай праваславнай царквы, размешчаны ў в. Курэмяэ воласці Ілука (Іда-Вірускі павет Эстоніі).
 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы