Мерапрыемствы ў межах дыялогавай моладзевай пляцоўкі «Культура мовы — абавязак патрыёта»

Сучасныя падыходы ў выхаванні маладога пакалення заснаваны на сусветнай гуманістычнай тэндэнцыі захавання і развіцця нацыянальна-культурнай самабытнасці народаў, найважнейшым элементам якой выступае нацыянальная мова. У працэсе навучання патрабуецца падрыхтаваць не проста спецыяліста ў сваёй прафесійнай сферы, а камунікатыўна развітую асобу, з шырокім кругаглядам і сфарміраваным светапоглядам.

11 сакавіка 2024 года для вучняў 9-11 класаў з Мінскай вобласці была прачытана лекцыя, прысвечаная культуры мовы, і праведзены адукацыйны семінар у рамках выканання плана мерапрыемстваў канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах грамадства на 2024-2026 гады. Мерапрыемствы прайшлі на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў межах дыялогавай моладзевай пляцоўкі «Культура мовы — абавязак патрыёта», падрыхтавала і правяла іх навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Анастасія Марозава.

Мова ў паўсядзённым жыцці – настолькі звыклая з’ява, што рэдка хто з нас задумваецца над яе сутнасцю, як правіла, мова ўспрымаецца як нешта дадзенае. Між тым усе сувязі, якія існуюць паміж людзьмі, цалкам грунтуюцца на мове.

Мова – неад’емны складнік культуры любога народа. Гэта і найвялікшы дар ад продкаў, і спосаб спасціжэння нацыянальнай спадчыны, і форма для яе захавання і трансляцыі ад пакалення да пакалення. Мова (у яе пісьмовай і вуснай форме) з’яўляецца адначасова і прадметам навуковага асэнсавання, і ўніверсальным інструментам перадачы назапашаных за стагоддзі ведаў аб вялікім і разнастайным свеце.

Нормы, нібыта законы, рэгулююць жыццё мовы сярод людзей, у грамадстве. Няведанне моўных нормаў, іх неразуменне або недасканалае валоданне імі не дазваляе як мага лепш скарыстацца багаццем моўнага скарбу і ўскладняе працэс камунікацыі: дапушчаныя намі памылкі размываюць чысціню маўлення, скажаюць сэнс выказвання, што ў выніку зніжае інфармацыйную і эстэтычную каштоўнасць любога тэксту, змяншае эфектыўнасць зносін.

Для таго каб рэалізавацца як культурная і гарманічная асоба, трэба кожнаму з носьбітаў несці  абавязак па захаванні кампанентаў культуры свайго маўлення: выпрацоўваць у сабе навык сачыць за яго правільнасцю, чысцінёй, багаццем, лагічнасцю, дакладнасцю, дарэчнасцю, даступнасцю, выразнасцю і вобразнасцю, дабівацца ўдасканалення сваіх моўных кампетэнцый.

На вырашэнне гэтых задач і былі накіраваны праведзеныя мерапрыемствы. Акрамя таго, яны дапамагаюць выхоўваць пачуццё нацыянальнай і асабістай самапавагі, павагі да духоўнай і інтэлектуальнай культуры беларусаў, любоў да мастацкага слова на роднай мове.

 

Анастасія Марозава

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы