З пашанай да творчага набытку класіка

Напярэдадні знакавай падзеі – 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа – у Інстытуце мовазнаўства адбылася Рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас – адзін са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы». У мерапрыемстве прынялі ўдзел не толькі навукоўцы – лінгвісты, літаратуразнаўцы, філосафы – але і педагогі-практыкі, спецыялісты ў галіне дадатковай адукацыі і інш.

Падчас урачыстага адкрыцця канферэнцыі з прывітальным словам выступіў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, які слушна адзначыў, што шматграннасць творчай асобы Коласа адкрывае ўсё новыя і новыя гарызонты ў даследаванні яго сапраўды багатай спадчыны. Прысутных прывітаў таксама дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Іванавіч Лакотка, які падкрэсліў надзвычайную грамадскую запатрабаванасць, надзённасць і актуальнасць твораў класіка. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, пажадаўшы ўсім удзельнікам форуму цікавых абмеркаванняў і дыскусій, заўважыў: «Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо больш за 66 гадоў са дня смерці пісьменніка, за гэты час напісаны тысячы навуковых артыкулаў і сотні манаграфій, спадчына класіка нашай літаратуры ўсё ж цалкам не асэнсавана. Найбольш маштабныя задачы – падрыхтоўка слоўніка мовы Якуба Коласа, распрацоўка партала і выданне энцыклапедыі, прысвечаных класіку». Цёплыя словы ўспамінаў госці і ўдзельнікі пачулі ад унучкі пісьменніка Марыі Міхайлаўны Міцкевіч.

На пленарным пасяджэнні былі разгледжаны новыя аспекты навуковай, творчай і педагагічнай дзейнасці пісьменніка. Так, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ Ніна Барысаўна Мячкоўская выступіла з дакладам «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» як крыніца сведчанняў па гісторыі беларускай мовы ў першай чвэрці XX стагоддзя». Ніна Барысаўна падкрэсліла блізкасць мовы трылогіі да мовы нашаніўскай пары, прадставіла дакументальную панараму лексічнага багацця рамана. «Грані коласаўскага слова» раскрыла ў сваім выступленні загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства Валянціна Паўлаўна Русак. Распавядаючы пра тэматычную разнастайнасць твораў пісьменніка, Валянціна Паўлаўна паказала спецыфіку моўна-выяўленчых сродкаў у мастацкім дыскурсе аўтара, а пасля звярнулася да пытання лексікаграфічнага апісання моўнага багацця песняра, якім зараз займаюцца супрацоўнікі аддзела. Так, прысутныя даведаліся, што на аснове поўнага збору твораў пісьменніка пры дапамозе праграмнай апрацоўкі матэрыялу ажыццяўляецца работа па ўкладанні «Слоўніка мовы Якуба Коласа», які павінен заняць пачэснае месца ў шэрагу выданняў, прысвечаных апісанню лексічнага багацця твораў выбітных мастакоў слова.

Падчас выступлення з дакладам «Першая кніга Якуба Коласа: перадумовы, абставіны, наступствы з’яўлення “Другога чытання для дзяцей беларусаў”» старшы навуковы супрацоўнік Інстытута навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках РАН Аляксандр Аляксандравіч Суша падзяліўся фотаздымкамі архіўных матэрыялаў, звязаных з выданнем падручніка Якуба Коласа, раскрыў ролю і ўплыў гэтай кнігі на пазнейшае з’яўленне іншых беларускіх чытанак. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Сярэдння школа № 140 г. Мінска» Святлана Аляксандраўна Курбанава на прыкладзе фрагментаў вучэбных заняткаў паказала выключную ролю слова Якуба Коласа ў літаратурным развіцці сучасных школьнікаў. Лагічным і відовішчным завяршэннем «педагагічнай плыні» пленарнага пасяджэння стала дэманстрацыя Іванам Сільвестравічам Дубовікам, вядучым навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, настольнай гульні «Жыццё па Коласу», а таксама 3D рэканструкцыі мінскіх мясцін, звязаных з жыццём і працай класіка.

Шматлікія аспекты навуковага асэнсавання і сучаснай рэцэпцыі мастацкай спадчыны пісьменніка сталі прадметам абмеркавання даследчыкаў падчас секцыйных пасяджэнняў. Можна з упэўненасцю сказаць, што сёння айчынная філалогія працягвае плённа развівацца, абапіраючыся на вопыт славутых папярэднікаў, у шэрагу якіх Якуб Колас – чалавек, які стаяў ля вытокаў стварэння Інстытута мовазнаўства, – займае самае пачэснае месца.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы