Пасля доўгіх сакавіцкіх выходных прапануем Вам зноў далучыцца да цыклу асветніцкіх лекцый-дыскусій, якія, нагадваем, арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі і філіялам Дом-музей І з’езда РСДРП.
У час сакавіцкіх сустрэч мы прасякнемся атмасферай беларускай традыцыйнай культуры. Распачне гэты этнаграфічны цыкл з тэмай “Вобразы ў вясельнай абрадавай паэзіі беларусаў” Алена Паўлава – малодшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя Кандрата Крапівы.
Красавік, асабліва ў перыяд пасля Вялікадня, найбольш спрыяльны месяц для пачатку сезону шлюбаў. І мы прапануем Вам назапасіць веды пра традыцыі беларускага вяселля і даведацца пра разнастайныя цікавосткі.
Пры вывучэнні вясельных песень адным з актуальных і прыярытэтных пытанняў з’яўляецца даследаванне спецыфічных лексічных сродкаў, якія служаць для называння галоўных персанажаў вясельнага абраду – жаніха і нявесты. Падчас лекцыі Вы даведаецеся, напрыклад, што вобраз-персанаж «жаніх» заключае ў сабе розныя зааморфныя (мядзведзь, конь, заяц), арнітаморфныя (салавей, голуб, цецярук) і дэндралагічныя (дуб, ясень) асацыяцыі. Кожны з названых вобразаў дапамагае найбольш ёміста і яскрава раскрыць асобу маладога, адлюстраваць яго псіхалагічныя характарыстыкі.
Запрашаем актыўна далучыцца да дыскусіі, задаваць выступоўцам пытанні або распавесці пра ўласныя назіранні і думкі.
Чакаем Вас 15 сакавіка а 18.30.
Уваходны квіток у музей – 2 рублі.
УВАГА! Запісацца на лекцыю можна па тэлефоне +375 17 290-68-47 (Андрэй), або па адрасе электроннай пошты: domusmuseum@gmail.com