Сустрэча ў БДУ

8 снежня 2021 г. на філалагічным факультэце БДУ адбылася сустрэча студэнтаў апошняга курса гэтай установы з супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Мэтай мерапрыемства было пазнаёміць будучых выпускнікоў з дзейнасцю вядучай мовазнаўчай установы краіны. Ініцыятарам сустрэчы выступіў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў, арганізатарам – загадчык кафедры беларускага мовазнаўства М.Р. Прыгодзіч. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа прадстаўлялі загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Н.В. Паляшчук, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі А.М. Лапцёнак, загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы Т.М. Аліферчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей А.Г. Ванкевіч і старшы навуковы супрацоўнік сектара камп’ютарнай лінгвістыкі С.А. Вагнер.

Н.В. Паляшчук азнаёміла прысутных з гісторыяй Інстытута мовазнаўства, акрэсліла асноўныя напрамкі дзейнасці і пералічыла навуковыя школы, сфарміраваныя на працягу дзейнасці ўстановы. Прысутныя даведаліся пра знакамітых вучоных і пісьменнікаў, якія кіравалі інстытутам у розныя часы, атрымалі інфармацыю пра навукова-даследчыя праекты, што выконваюцца супрацоўнікамі ў цяперашні час, убачылі манаграфічныя і слоўнікавыя выданні, падрыхтаваныя акадэмічнымі вучонымі. Студэнтаў асабліва зацікавілі мерапрыемствы па падтрымцы маладых вучоных, якія арганізуюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, умовы навуковай дзейнасці вучоных-пачаткоўцаў і магчымыя перспектывы творчага росту. Далей спецыялісты Інстытута больш падрабязна расказалі пра дзейнасць сваіх структурных падраздзяленняў.

Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай і добразычлівай атмасферы. Акадэмічныя вучоныя выказалі спадзяванне на тое, што ў недалёкай будучыні  калектыў Інстытута мовазнаўства папоўніцца маладымі спецыялістамі, выпускнікамі БДУ.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы