На пасяджэнні экспертнага савета па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову 10 кастрычнiка 2019 г. быў разгледжаны пераклад Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Указаны пераклад адобраны і рэкамендаваны да размяшчэння на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь.
Актыўнае абмеркаванне перакладу Кодэкса ўсімі чальцамі экспертнага савета пацвердзіла важнасць работы ў гэтым кірунку. Удзельнікі пасяджэння сышліся на думцы, што пераклад заканадаўчых актаў на беларускую мову важны як для развіцця беларускай мовы, так і для юрыспрудэнцыі ў цэлым.
Было адзначана, што падчас перакладу Кодэкса эксперты (а імі выступілі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі) не толькі забяспечылі аўтэнтычнасць тэрміналогіі, але і паглыбляліся ў юрыдычныя дэталі. Кансультацыі праводзіліся як з тэарэтыкамі права, так і з практыкамі.
На цяперашнім этапе працягваецца работа па перакладу Выбарчага кодэкса. Адначасова спецыялісты прыступілі да перакладу Грамадзянскага кодэкса.
Нагадаем, што з мэтай выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы, дадзенага 1 сакавіка 2019 г. падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі створаны савет па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову.
У склад экспертнага савета ўвайшлі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, вядучых вну краіны і іншых арганізацый, у тым ліку недзяржаўных.