НА ШЛЯХУ МІЖРЭГІЯНАЛЬНАГА БЕЛАРУСКА-ЎКРАІНСКАГА НАВУКОВАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч  Капылоў і загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Мікалаеўна Курцова 3-4 кастрычніка ўдзельнічалі ў рабоце Другога форуму рэгіёнаў Украіны і Рэспублікі Беларусь, які адбыўся ў Жытоміры. На гэтым міжрэгіянальным форуме праходзіла многа важных міждзяржаўных мерапрыемстваў, на якіх прапаноўваліся рэальныя і патэнцыяльныя шляхі супрацоўніцтва нашай краіны з суседняй. Адметным складнікам у комплексе агульных мерапремстваў былі навуковыя. Навуковыя імпрэзы мелі разнавектарны характар. Адна з іх – круглы стол "Захаванне моўнага, культурнага і прыроднага асяроддзя трансгранічных тэрыторый: гісторыя і сучаснасць", які праходзіў на базе Жытомірскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Франко.

 Актуалізацыя праблем гуманітарна-прыродазнаўчага накірунку ў рамках разнастайных мепрапрымстваў Форуму не выпадковая: падзеленыя сучаснай дзяржаўнай мяжой краіны маюць надзвычай багатую культурна-моўную спадчыну, агульную па сваіх вытоках. Таму вывучэнне гэтага спадчыннага набытку таксама павінна быць агульным клопатам беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў. Якраз пра тое, якія навуковыя праекты могуць ажыццявіць разам выкладчыкі Жытомірскага ўніверсітэта і супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа паведаміў у сваім дакладзе “Праблемы і перспектывы вывучэння моўных сувязей беларуска-ўкраінскага прыгранічча” І. Л. Капылоў. Сярод прыярытэтных даследаванняў ім былі вылучаны наступныя: стварэнне ўкраінска-беларускага і беларуска-ўкраінскага паралельных карпусоў на базе існуючых перакладных тэкстаў, распрацоўка з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій беларуска-ўкраінскага лексікона WordNet, падрыхтоўка новага “Украінска-беларускага слоўніка”. Актуальнымі і надзвычай запатрабаванымі, як адзначыў дырэктар Інстытута, з'яўляецца вяртанне, вывучэнне і папулярызацыя помнікаў старажытнага пісьменства. Такім жа каштоўным навуковым даследаваннем можа стаць і праект у галіне дыялекталогіі “Лінгвістычны ландшафт украінска-беларускага памежжа: сучасны стан і гістарычная рэтраспектыва”. Паглыбіць і пашырыць веды пра лексічны ландшафт прыгранічных беларуска-ўкраінскіх тэрыторый дазволіць таксама комплекснае вывучэнне мясцовай анамастыкі. Пералік толькі некаторых тэм, агучаных І. Л. Капыловым, сведчыць, што ўкраінскім і беларускім даследчыкам ёсць чым займацца не толькі ў бліжэйшы час, але і ў аддаленую перспектыву.

 

Пра месца прыгранічных народных гаворак на моўнай карце Беларусі, аб іх адметным этнагенетычным абліччы і асаблівым статусе ў моўнай прасторы ўсёй Славіі расказала ў сваім дакладзе “Дыялектны ландшафт паўднёвай этнагенетычнай групы гаворак беларускай мовы ў прасторы і часе” В. М. Курцова. Паколькі палескі беларуска-ўкраінскі рэгіён з'яўляецца тэрыторыяй, дзе захаваліся шматлікія архаічныя асаблівасці славянскіх гаворак, гэты прасторавы лінгваарэал вымагае асаблівай увагі даследчыкаў. Моўныя рарытэты, якія вылучаюцца тут, патрабуюць вельмі сур'ёзных адносін да іх. Сёння, як адзначыла В. М. Курцова, даследчыкам трэба прыкласці максімальныя намаганні, каб не проста паглыблена даследаваць гэты ўнікальны лінгваландшафт, яго трэба зберагчы для патомкаў як адметную культурна-гістарычную нематэрыяльную каштоўнасць. Выступоўца таксама спынілася на праблемах больш грунтоўнага апісання заходнепалескіх гаворак, якія ў межах беларускай дыялектнай прасторы выступаюць як адметнае ўтварэнне. На думку дакладчыка, вельмі запатрабаванымі сёння могуць быць навуковыя комплексныя праекты, прысвечаныя вывучэнню беларуска-ўкраінскіх ізаглос. Якраз даследаванні такога тыпу дазволяць вырашыць шматлікія лінгвістычныя праблемы сумежжа, якія дагэтуль хаваюць шмат неразгаданых таямніц.

Акрамя ўдзелу ў працы Круглага стала, І. Л. Капылоў і В. М. Курцова сустрэліся з рэктарам Жытомірскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Франко Галінай Яўгеньеўнай Кірычук. У час сустрэчы адбылася зацікаўленая размова. Яе вынікам з'яўляецца рашэнне падпісаць дагавор паміж Жытомірскім універсітэтам і Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа аб супрацоўніцтве. Такая дамова стане, як думаецца, трывалым падмуркам для рэалізацыі шматлікіх супольных праектаў, патрэбу ў выкананні якіх выразна адчуваюць беларускі і ўкраінскі бакі. Каб супрацоўніцтва ўжо сёння стала рэальнасцю, каб працы Інстытута мовазнаўства ўжо сёння маглі выкарыстоўваць дасціпныя студэнты і зацікаўленыя выкладчыкі, было вырашана, што ў дар навуковай бібліятэцы беларускім бокам будуць перададзены электронныя версіі шматлікіх выданняў у галіне дыялекталогіі нацыянальнай мовы. Гэты падарунак стане канкрэтным крокам, накіраваным не толькі на пашырэнне ведаў пра супольную моўную гісторыю, але і будзе спрыяць папулярызацыі вынікаў даследчай працы беларускіх навукоўцаў.

Праца Круглага стала, прысвечаная праблемам вывучэння культурна-моўнага і прыроднага асяроддзя трансгранічных тэрыторый, сустрэча праўстаўнікоў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа з рэктарам Жытомірскага ўніверсітэта вельмі зацікавіла журналістаў мясцовых масмедыя. Яны звярнуліся да беларускіх даследчыкаў, каб пачуць ад іх пра атрыманыя ўражанні аб правядзенні такіх мерапрыемстваў і іх мэтазгоднасці, каб даведацца, якая атмасфера пануе ў дні Форуму ў Жытоміры сярод вучоных. Адказваючы на пытанні журналістаў для мясцовага тэлебачання, В. М. Курцова звярнула ўвагу на важнасць падобных навуковых мерапрыемстваў на ўзроўні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Яна таксама заўважыла, што такое супрацоўніцтва стане тым больш плённым і эфектыўным, бо цяпер яно мацуецца на канкрэтных міждзяржаўных дамоўленасцях па яго ажыццяўленні.

 

                                                  Ігар Капылоў

                                                  Вераніка Курцова

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы