Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі наведаў намеснік Старшыні Акадэміі навук Балгарыі, член-карэспандэнт, доктар гістарычных навук Васіл Нікалаў. У рамках рабочай сустрэчы з удзелам адміністрацыі Цэнтра, дырэкцыі Інстытута мовазнаўства, доктара Honoris Causa Сафійскага ўніверсітэта прафесара Г.А. Цыхуна, загадчыка аддзела славістыкі і тэорыі мовы Н.А. Снігіровай былі абмеркаваны найбольш актуальныя пытанні далейшага двухбаковага супрацоўніцтва з Балгарыяй у галіне навукі і культуры.
Сярод іх першачарговае значэнне мае неабходнасць завяршэння працы над “Балгарска-беларускім слоўнікам”, падрыхтаваным спецыялістамі аддзела славістыкі і тэорыі мовы.У сувязі з тым, што ў працэсе падрыхтоўкі рукапісу слоўніка на этапе перадвыдавецкага рэдагавання былі выяўлены праблемы, звязаныя з падборам дакладных перакладчыцкіх адпаведнікаў, неабходны навуковыя сесіі і кансультацыі з балгарскімі лексікографамі і лексіколагамі. Сумесная праца беларускіх і балгарскіх калег дазволіць пераадолець вялікі “ментальны кантраст” пры перакладзе лексічных адзінак і сінтаксічных канструкцый, аптымізаваць выкарыстанне значнага корпусу тэкстаў балгарска-беларускага ўзаемаперакладу і вызначыць перспектывы супастаўляльных і глотагенетычных даследаванняў у галіне славянскага мовазнаўства, якія могуць быць рэалізаваны ў выніку публікацыі слоўніка.
Акрамя таго, з мэтай аднаўлення мовазнаўчых навуковых сувязей паміж Балгарыяй і Беларуссю, якія мелі значныя традыцыі ў ранейшыя часы і заклалі трывалы падмурак для наладжвання плённага супрацоўніцтва на новым этапе, былі разгледжаны прапановы па сумесным выданні зборніка навуковых артыкулаў па балгарыстыцы беларускіх і балгарскіх даследчыкаў, магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў па далейшай распрацоўцы і ўдасканаленні інструкцыі па перадачы балгарскіх геаграфічных назваў на беларускую мову, што звязана з пераадоленнем аб’ектыўных цяжкасцей, у тым ліку праблемамі адэкватнай перадачы фанетычных асаблівасцей балгарскай мовы, а таксама пытанні арганізацыі майстар-класаў для перакладчыкаў ад спецыялістаў у галіне беларуска-балгарскага / балгарска-беларускага перакладазнаўства.