У апошнія дні верасня ў Лельчыцкі раён з Мінска была накіравана дыялекталагічная экспедыцыя, удзельнікамі якой сталі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вольга Васілеўская і Вадзім Шклярык, а таксама выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алег Копач. Гаворкі жыхароў гэтай часткі Гомельскай вобласці адносяцца да паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы і мазырскай групы гаворак у яго складзе. Сярод характэрных моўных асаблівасцей рэгіёна даследчыкамі вылучаюцца наступныя: вымаўленне [о] на месцы [а] (вода́, коро́ва замест вада́, каро́ва), вымаўленне [у] на месцы [ы] (му, ву́піў замест мы, вы́піў), ужыванне -са ў зваротных дзеясловах (мы́ўса, нае́ўса замест мы́ўся, нае́ўся), выкарыстанне асобных слоў, не ўласцівых беларускай літаратурнай мове (напрыклад, нябо́га ‘пляменніца’, чо́баты ‘боты’) і інш.
В. А. Шклярык з К. А. Герман, жыхаркай в. Данілевічы
Вывучэнню моўнага ландшафту Лельчыцкага і суседніх раёнаў прысвечана не адна праца як айчынных, так і замежных (найперш украінскіх) спецыялістаў. У гэтым плане дастаткова прыгадаць такія буйныя праекты, як «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (1993—1998), «Лексичний атлас правобережного Полісся» М. В. Ніканчука (1994), выданне «Лексіка гаворак Беларускага Прыпяцкага Палесся: атлас, слоўнік» (2008), у якіх знайшлі адлюстраванне шматлікія адметнасці мясцовых гаворак. Разам з тым лакальная моўная сістэма не застаецца нязменнай, яна ўвесь час развіваецца і зазнае тыя або іншыя ўплывы. Па гэтай прычыне праверка наяўных звестак для выяўлення таго новага, што з’явілася ў гаворках за апошнія дзесяцігоддзі, была і будзе адной з прыярытэтных задач для даследчыкаў, асабліва ў святле стварэння ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа «Зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак».
Д. А. Калеснік і К. М. Малец, жыхаркі в. Стадолічы
Усяго цягам трох дзён удзельнікам накіраванай у Лельчыцкі раён экспедыцыі ўдалося наведаць 9 вёсак (Астражанка, Глушкавічы, Данілевічы, Дуброва, Жмурнае і інш.), запісаць на дыктафон гаворку 19 мясцовых жыхароў (агулам каля 17 гадзін), а таксама некалькі соцень назваў урочышчаў. У цэлым паездка атрымалася даволі плённай, што стала магчымым дзякуючы ўсебаковай падтрымцы і каардынацыі з боку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама Наталлі Гаўрылавец, галоўнага спецыяліста аддзела Галіны Лісіцкай і намесніка дырэктара ДУ «Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Наталлі Некрашэвіч. Зробленыя даследчыкамі запісы будуць адлюстраваны ў выданнях «Беларуская дыялекталогія» і «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона», а ў аўдыяфармаце — у нацыянальным гукавым фондзе беларускай мовы, які будзе змешчаны ў інтэрнэце.
Вадзім Шклярык,
навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі