У панядзелак, 28 лістапада, у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася сустрэча са студэнтамі 2–3 курсаў філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.
Мерапрыемства арганізавалі супрацоўнікі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, каб бліжэй пазнаёміць будучых настаўнікаў-беларусаведаў з асаблівасцямі лексікаграфічнай дзейнасці.
Загадчыца аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі А.М. Лапцёнак зрабіла невялікі экскурс у гісторыю Інстытута мовазнаўства, азнаёміла з гісторыяй і дзейнасцю аддзела, паведаміла пра слоўнікавыя выданні, якія ствараліся супрацоўнікамі гэтай структурнай адзінкі. Галоўнай тэмай сустрэчы стаў “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 5 тамах, 6 кнігах, першы том якога выйшаў 45 гадоў назад. Алена Мікалаеўна расказала пра некаторыя падрабязнасці стварэння першага вялікага тлумачальнага слоўніка ў гісторыі айчыннай лексікаграфіі, спецыфіку падрыхтоўчай працы па распрацоўцы ТСБМ. Студэнтам прадэманстравалі карткі з картатэкі для ўкладання тлумачальнага слоўніка, а таксама расказалі, з якімі цяжкасцямі маглі сустракацца лексікографы падчас падрыхтоўкі такога роду выданняў.
Сёння праца па стварэнні новага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы вядзецца з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і з улікам найноўшых патрабаванняў лексікаграфічнай тэорыі і практыкі. Малодшы навуковы супрацоўнік сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Вячаслаў Мартысюк азнаёміў прысутных з лічбавымі лінгвістычнымі інструментамі, створанымі ў рамках падрыхтоўкі новага выдання і даступнымі на сайце Беларускага N-корпуса. Навуковец расказаў і пра іншыя праекты, падрыхтаваныя ў сектары, якія будуць цікавымі і карыснымі для студэнтаў.
На сустрэчы таксама была прадэманстравана праграма для ўкладання новага тлумачальнага слоўніка. Прысутныя маглі наглядна пераканацца, наколькі больш прадукцыйнай робяць працу лексікографаў сучасныя тэхналогіі.
У канцы мерапрыемства супрацоўнікі Інстытута адказалі на пытанні гасцей.
Л. Глушыцкі