ДА 235-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ІВАНА НАСОВІЧА

6 кастрычніка адбыўся круглы стол “Іван Насовіч: лінгвіст, этнограф і фалькларыст (да 235-годдзя з дня нараджэння)”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Прысутныя сабраліся, каб ушанаваць памяць І. Насовіча – вядомага дзеяча навукі і культуры XIX стагоддзя, выдатнага лексікографа і збіральніка беларускага фальклору.

З вітальным словам выступіў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Лявонавіч Капылоў, які адзначыў рознабаковасць таленту Івана Насовіча. Гэта быў педагог, перакладчык, гісторык, фалькларыст, філолаг, грамадскі дзеяч. Сёння цяжка пераацаніць яго дзейнасць у збіранні і папулярызацыі беларускага слова і народнай творчасці. І.І. Насовіч запісваў прымаўкі і прыказкі, казкі, песні, паданні і анекдоты ў розных кутках Беларусі. Сістэматызаваўшы сабраны моўны матэрыял, даследчык падрыхтаваў некалькі фальклорных зборнікаў. Ён быў аўтарам унікальнага гістарычнага слоўніка беларускай мовы “Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з “Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі”, які, на жаль, не быў выдадзены.

Але галоўнае месца ў навуковай спадчыне даследчыка займае “Слоўнік беларускай мовы”, які, як адзначыў І.Л. Капылоў, стаіць ля вытокаў беларускай лексікаграфіі. Выданне не страціла свайго значэння як лінгвістычная праца, мы і сёння звяртаемся да гэтай крыніцы, падрыхтаванай з улікам лексікаграфічных канонаў, што з’яўляюцца базавымі і ў сучаснай лексікаграфіі.

Ірына Іванаўна Караткевіч, загадчык кафедры рускай мовы як замежнай БДУ, спынілася на сацыяльна-гістарычных умовах стварэння “Слоўніка беларускай мовы”. На шматлікіх прыкладах з лексікаграфічнага выдання даследчыца паказала, што слоўнік сёння з’яўляецца выдатнай крыніцай інфармацыі пра жыццё беларусаў XIX стагоддзя, якая адлюстроўвае сацыяльныя і рэлігійныя ўмовы развіцця грамадства, яго светапогляд і міфалагічныя ўяўленні.

Пра гісторыю фільма “Іван Насовіч” (1991), знятага студыяй “Летапіс”, расказаў Уладзімір Вікенцьевіч Мароз, аўтар сцэнарыя гэтай дакументальнай стужкі. Ён падзяліўся з прысутнымі ўласнай гісторыяй знаёмства з асобай І.І. Насовіча і яго “Слоўнікам беларускай мовы”. Дакладчык расказаў пра ідэю карціны, спецыфіку здымачнага працэсу і працы з арыгіналамі дакументаў, а таксама згадаў мясціны, дзе здымаўся фільм.

Працягам мерапрыемства стаў прагляд дакументальнай стужкі “Іван Насовіч”. Дзякуючы выкарыстаным у фільме высокамастацкім выяўленчым сродкам у зале была створана своеасаблівая атмасфера.

Мерапрыемства працягнуў Вячаслаў Уладзіміравіч Мартысюк, малодшы навуковы супрацоўнік сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства, які паведаміў пра рукапісную спадчыну Івана Насовіча. Некаторыя матэрыялы, што захоўваюцца ў архівах Масквы і Санкт-Пецярбурга, вядомы толькі вузкім спецыялістам і не ўвайшлі ў шырокі навуковы ўжытак. Дакладчык адзначыў, што прадстаўленыя ім дакументы яшчэ не атрымалі патрэбнага навуковага асэнсавання, аднак яны могуць больш поўна і дакладна акрэсліць шматграннасць асобы Івана Насовіча.

У беларусаў вельмі багатая гістарычная пісьмовая спадчына – і друкаваная, і рукапісная, – такая думка прагучала ў дакументальным фільме “Ад прадзедаў спакон вякоў…” (1997), з фрагментам якога азнаёмілася аўдыторыя. Фільм-роздум пра лёс беларускай мовы стаў натуральным працягам тэматыкі круглага стала.

Абедзве дакументальныя стужкі былі падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (адбор матэрыялаў – М.Д. Раманава) у рамках пагаднення аб супрацоўніцтве.

Канстанцін Ігаравіч Рэмішэўскі, старшы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскай лабараторыі культурнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, закрануў у рамках круглага стала кінематаграфічную праблематыку. Даследчык адзначыў, што беларуская кінадакументалістыка заўсёды адгукалася на значныя сацыяльныя і гістарычныя падзеі, і фільмы, прысвечаныя знакавым асобам беларускай культуры, былі яе неад’емнай часткай.

Завяршылася мерапрыемства актыўным абмеркаваннем пытанняў, якія найбольш зацікавілі ўдзельнікаў круглага стала.

На кніжнай выставе “Спадчына Івана Насовіча”, падрыхтаванай супрацоўнікамі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі для мерапрыемства, былі прадстаўлены як кнігі, выдадзеныя І.І. Насовічам, так і матэрыялы сучасных даследчыкаў, прысвечаныя розным аспектам дзейнасці нашага славутага земляка.

 

А. Лапцёнак

Фота К. Расолька і А. Лапцёнак

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы