У цяперашні час у філіяле “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праходзяць навуковую стажыроўку ўзбекскія калегі – Мусаева Феруза Тараханаўна, кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута ўзбекскай мовы, літаратуры і фальклору Акадэміі навук Рэспублікі Узбекістан, і Жураева Мухтасархон Абдукахараўна, старшы выкладчык Какандскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан.
Стажыроўка нашых гасцей праходзіць у адпаведнасці са спецыяльна распрацаванай праграмай, у якой прадугледжаны як выкананне пэўных навуковых даследаванняў (іх тэмы звязаны з навуковымі напрамкамі дзейнасці аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, стажорамі якога яны з’яўляюцца, і адначасова ўзгоднены са сферай навуковых інтарэсаў саміх стажораў), так і ўдзел у разнастайных культурна-асветніцкіх мерапрыемствах. Асноўнымі мэтамі стажыроўкі ўзбекскіх філолагаў з’яўляюцца засваенне новых метадаў вывучэння моўных з’яў, азнаямленне з навейшымі навуковымі дасягненнямі і перспектывамі развіцця дадзеных напрамкаў у мовазнаўстве, распрацоўка канкрэтных прапаноў па ўдасканаленні арганізацыі навуковай дзейнасці ў галіне міжмоўных даследаванняў, абмен навуковым вопытам і пашырэнне навуковых і творчых кантактаў.
У самым пачатку стажыроўкі Ф.Т. Мусаева і М.А. Жураева сустрэліся з кіраўніцтвам інстытута – дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капыловым і першым намеснікам па навуковай рабоце Цэнтра акадэмікам А.А. Лукашанцам. Падчас сустрэчы адбылася размова аб арганізацыйнай структуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры ўвогуле і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ў прыватнасці, аб гісторыі стварэння інстытута, навуковых і іншых напрамках яго дзейнасці. Былі абмеркаваны перспектывы далейшага беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва ў галіне мовазнаўства паміж вучонымі ўзбекскіх навуковых і адукацыйных устаноў і акадэмічнымі навукоўцамі Беларусі.
З мэтай больш глыбокага азнаямлення з навуковай дзейнасцю супрацоўнікаў інстытута стажоры наведалі аддзел сучаснай беларускай мовы, аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі, аддзел гісторыі беларускай мовы, аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. У межах пасяджэння аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей адбыўся абмен вопытам па пытаннях міжмоўных даследаванняў і двухмоўя, а таксама было праведзена абмеркаванне падрыхтаваных за час стажыроўкі артыкулаў, якія мяркуецца апублікаваць у навуковых часопісах, у тым ліку беларускіх. Загадчык аддзела кандыдат філалагічных навук В.М. Нікалаева, якая з’яўляецца кіраўніком стажораў, пазнаёміла іх з тэмай, што распрацоўваецца зараз у аддзеле, з яе сутнасцю, метадамі даследавання фактычнага матэрыялу і вынікамі. Па пытаннях супастаўляльнага даследавання роднасных і няроднасных моў, перакладазнаўства, а таксама па праблемах функцыянавання моў ва ўмовах рэальнага двухмоўя вядучымі супрацоўнікамі аддзела былі праведзены навуковыя кансультацыі стажораў, прадэманстраваны публікацыі супрацоўнікаў аддзела па гэтай тэматыцы – калектыўныя манаграфіі, адна- і двухмоўныя слоўнікі і дапаможнікі.
Ф.Т. Мусаева выступіла на сустрэчы з супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа з інфармацыяй аб навукова-даследчыцкай дзейнасці Інстытута узбекскай мовы, літаратуры і фальклору Акадэміі навук Рэспублікі Узбекістан і навуковых працах вядомых узбекскіх філолагаў, ахарактарызавала сучасную моўную сітуацыю ва Узбекістане, дзе побач з дзяржаўнай узбекскай мовай функцыянуе і руская мова, паколькі ёю ў асобных моўных сферах працягвае карыстацца пэўная частка насельніцтва, асабліва гарадскога. Ф.Т. Мусаева закранула таксама пытанні аб спецыфічных з’явах узбекскай мовы, яе паходжанні, лексічным складзе і графіцы і іншыя важныя аспекты структуры, складу і функцыянавання дзяржаўнай мовы Узбекістана.
З мэтай атрымання спецыяльнай навуковай інфармацыі па пытаннях мовазнаўства і падрыхтоўкі навуковых артыкулаў М.А. Жураева і Ф.Т. Мусаева наведваюць Нацыянальную бібліятэку Беларусі, дзе вывучаюць спецыяльную навуковую літаратуру па вызначаных даследчыцкіх напрамках, збіраюць фактычны матэрыял, знаёмяцца з беларускімі кніжнымі навінкамі ў галіне мовазнаўства. Навукоўцы з Узбекістана прынялі ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі “Развитие сотрудничества регионов Республики Беларусь и Республики Узбекистан в гуманитарной, информационно-коммуникативной и научной сферах”, якая адбылася ў НАН Беларусі.
Калегам з Узбекістана прапанавана вялікая культурная праграма. Яны ўжо наведалі розныя музеі Беларусі – Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Беларускі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Замкава-паркавы комплекс “Мір” (Мірскі замак), дзе М.А. Жураева ўдзельнічала ў рыцарскім турніры і атрымала перамогу. Нашы госці пабывалі таксама на спектаклі ў Нацыянальным акадэмічным вялікім тэатры оперы і балета і на канцэртах, што праходзяць пад адкрытым небам на пляцоўцы перад Мінскай гарадской ратушай, падзівіліся на кветкі і расліны ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі.
Стажыроўку маладых навукоўцаў з Рэспублікі Узбекістан у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі можна разглядаць як узнаўленне актыўных навуковых і творчых сувязей беларускіх і ўзбекскіх філолагаў, якія ў далейшым будуць умацоўвацца.
Нікалаева В.М.,
загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных
сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа