Ці жыве сёння беларуская гаворка на Сувалкаўшчыне (па выніках дыялекталагічнай экспедыцыі)

З 23 ліпеня па 1 жніўня праводзілася дыялекталагічная экспедыцыя навукоўцаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук на Беласточчыну. Палявыя даследаванні з’яўляюцца часткай міжнароднага навуковага праекта “Даследаванні ў галіне дыялекталогіі і лексікаграфіі беларускай і польскай моў” (2017–2019 гг.). Праект выконваецца сумесна навукоўцамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Інстытутам славістыкі ПАН (Варшава). Рэалізуецца ён на ўмовах безвалютнага эквівалентнага абмену вучонымі паміж нацыянальнымі акадэмія Польшчы і  Беларусі.

У складзе сёлетняй экспедыцыі з беларускага боку бралі ўдзел каардынатар праекта Курцова Вераніка Мікалаеўна, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, Капылоў Ігар Лявонавіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства, Снігірова Наталля Аляксандраўна, загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы, Марозава Анастасія Андрэеўна, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі. Польскі бок прадстаўляў Міраслаў Янковяк, які з часу падпісання дамовы аб выкананні праекта з’яўляўся яго каардынатарам. Сёння вядомы замежны беларусіст працуе ў Чэшскай акадэміі навук, аднак ён, як і раней, удзельнічае ў палявых даследаваннях.

 

Праведзеная ў гэтым годзе сумесная экспедыцыя беларускіх і польскіх даследчыкаў была чацвёртай па ліку. Як і ў папярэднія гады, кірунак маршруту вызначаўся рухам на поўнач у адносінах да Беластоку. Палявыя даследаванні праходзілі пераважна ў наваколлі гміны Ліпск (Lipsk) на Сувалкаўшчыне. Выбар гэтага рэгіёна абумоўліваўся тым, што якраз тут знаходзяцца апошнія беларускамоўныя вёскі, абследаваныя ў 50—60-я гады мінулага стагоддзя паводле сеткі населеных пунктаў, прынятай для лінгвістычнага атласа беларускіх і ўкраінскіх гаворак Беласточчыны (Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny; АУГБ). Як адзначалася ў інфармацыйным дадатку Атласа, далей тэрыторыі гміны  усходнеславянскія гаворкі не распаўсюджаны. Стваральнікі дадзенай лінгвагеаграфічнай працы таксама пісалі, што на той час у вёсках гаварылі па-беларуску пераважна людзі сталага веку, часам не ўсе з іх, а асобныя, моладзь выкарыстоўвала ў зносінах польскую мову.

Ведаючы пра асаблівасці пашырэння і выкарыстання беларускай дыялектнай мовы ў Ліпскім рэгіёне, сумесная дыялекталагічная экспедыцыя 2018 г. была накіравана найперш на тое, каб засведчыць, ці жывая яшчэ сёння на самым ускраінным беразе свайго  пашырэння традыцыйная беларуская гаворка, або гаворка папросту, як пераважна называюць яе мясцовыя жыхары. Пагэтаму і былі наведаны тут вёскі Воўкуш (Wołkusz), Старыя, Лясныя і Новыя Багатыры (Bohatery), Раковічы (Rakowicze), Ялова (Jałowo), Крапіўна (Kropiwno), Востраў (Ostrowie) і інш. Пабылі мы таксама і ў вёсцы Ячнае (Jaczno), якая адносіцца да гміны Дуброва Беластоцкая (Dąbrowa Białostocka).

Нашы ўяўленні, угрунтаваныя на звестках Атласа Беласточчыны, што беларускія гаворкі з-за абмежаванай колькасці іх карыстальнікаў па сутнасці страчаны на тэрыторыі Ліпска, не спраўдзіліся. Сустрэчы, гутаркі з вяскоўцамі старэйшага пакалення паказалі: беларуская дыялектная мова і сёння жыве, функцыянуе ў гэтым рэгіёне. Нам не трапілася ніводнага выпадку, калі б вясковец проста адмовіўся з намі гаварыць па-мясцоваму, хоць, зразумела, тутэйшае насельніцтва двухмоўнае. Усюды, куды мы прыязджалі, панавала здзіўленне, што да іх прыехалі даследчыкі менавіта з Беларусі, праяўлялася гатоўнасць расказаць, падзяліцца сваімі ведамі пра ўсё, што пытаюць. Мясцовая гаворка Ліпскага рэгіёна, якую мы чулі з вуснаў тутэйшых жыхароў, не ўяўляе сабой, натуральна, ідэальны варыянт беларускай дыялектнай мовы. Паводле лінгвагеаграфічных крытэрыяў яна характарызуецца комплексам моўных рыс, уласцівых гродзенска-баранавіцкім гаворкам, працягам якіх з’яўляецца на сучаснай польскай тэрыторыі. Польскамоўны ўплыў, асабліва моцны ў галіне лексікі і ў значнай ступені на акцэнталагічным узроўні, тут відавочны. Праўда, ён індывідуалізаваны і ў розных варыянтах маўлення праяўляецца па-рознаму. Але сэнс у іншым. Экспедыцыя яшчэ раз пераканала: асобныя тэарэтычныя меркаванні, тэзісы лінгвістаў, якія былі папулярныя ў навуковай дыялекталагічнай літаратуры першай паловы ХХ стагоддзя аб дынаміцы развіцця дыялектнай мовы, найперш ва ўмовах адсутнасці непасрэдных кантактаў з гаворкамі метраполіі, не спраўдзіліся. Мова старэйшых карэнных жыхароў сённяшняй Сувалкаўшчыны, засвоеная імі ў маленстве ад бацькоў, дзядоў, на працягу апошняга больш чым паўстагоддзя не знікла незваротна. Гэта вельмі важныя навуковыя назіранні. Назапашаныя ў час гэтай і папярэдніх дыялекталагічных экспедыцый матэрыялы дазволяць па-іншаму ахрактарызаваць моўныя працэсы, якія адбываюцца ў народных гаворках, што працяглы час функцыянуюць у ізаляцыйных умовах.

Экспедыцыя ў Ліпскі рэгіён развеяла таксама і яшчэ адну пашыраную і нават папулярную сярод даследчыкаў усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны думку, што традыцыйную беларускую гаворку часцей можна найперш пачуць у праваслаўных вёсках, жыхары каталіцкіх вёсак ужо не гавораць ці проста не хочуць гаварыць па-беларуску, хоць і з’яўляюцца носьбітамі мясцовых моўных традыцый. У каталіцкай вёсцы Воўкуш нас сустрэла гасцінная гаспадыня Фэля Грышкова, якая не толькі некалькі гадзін сама размаўляла з намі, але і паказала мясцовыя ваколіцы, адвяла нас у суседнія вёскі, папрасіла тутэйшых жыхароў адкласці асабістыя справы і пагаварыць з людзьмі, што “прыехалі ажно з Мінска з Акадэміі навук, каб паразмаўляць з вяскоўцамі, а затым кніжку напісаць”. Незабыўным застанецца і дзень, праведзены ў вёсцы Ялова, дзе побач з праваслаўнымі ў згодзе жывуць католікі па веравызнанні. Шчыра, па-сямейнаму цёпла і гасцінна сустрэла нас сям’я Панасевічаў. Іван Уладзіміравіч і яго жонка Ніна, адклаўшы будзённыя клопаты, без залішняй перасцярогі, што прыйшлі невядомыя, чужыя людзі, паклікала да сябе на падворак у цянёк, у альтанку. Некалькі гадзін жывой размовы закончыліся тым, што гаспадары запрасілі прыехаць да іх зноў і заўважылі пры гэтым, што не варта жыць у гасцініцы, а лепей спыніцца ў іх доме і спакойна сабе працаваць. Так, маўляў, лацвей. Такіх нечакана цёплых сустрэч, зацікаўленых размоў з боку нашых інфармантаў было шмат. Яны разбураюць стэрэатыпы, што суправаджаюць любога навукоўца ў час працы ў замежжы, і паказваюць яе карыснасць і запатрабаванасць, важнасць не толькі для даследчыкаў. Яны цікавыя самім мясцовым насельнікам.

Дыялекталагічная экспедыцыя, праведзеная ў наваколлі Ліпска на Сувалкаўшчыне, атрымалася вельмі плённай па сваіх выніках. Найперш былі зроблены шматгадзінныя дыктафонныя аўдыёзапісы, якія маюць вялікую навуковую каштоўнасць, бо з’яўляюцца найважнейшай крыніцай інфармацыі пра сістэму беларускай дыялектнай мовы, якая працяглы час функцыянуе ў шматмоўным асяроддзі пры адсутнасці прамых зносін з дыялектнамоўнымі носьбітамі этнагенетычна тоесных гродзенска-баранавіцкіх гаворак. Ужо па гэтай прычыне яны ўнікальныя як інфармацыйная крыніца звестак. Дадзеныя запісы маюць не толькі сённяшнюю дыялекталагічную вартасць, паколькі яны папоўняць нацыянальны гукавы фонд беларускай мовы, праца па стварэнні якога праводзіцца ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, а пасля іх расшыфроўкі і “Нацыянальны дыялектны тэкстаграфічны фонд”. Іх запатрабаванасць сярод даследчыкаў будзе ўзрастаць у перспектыве. Запісаныя на электронныя носьбіты і пераведзеныя ў далейшым у тэксты гукавыя запісы стануць вызначаць будучыню нацыянальнай мовазнаўчай навукі. І ў гэтым найважнейшы плён міжнародных праектаў, рэалізацыя якіх стала магчымай дзякуючы існаванню адпаведных пагадненняў аб навуковым супрацоўніцве паміж рознадзяржаўнымі акадэмічнымі цэнтрамі. Іх выкананне праз канкрэтныя сумесныя навуковыя даследаванні сёння дае свой плён і сведчыць пра правільнасць абраных стратэгічных напрамкаў уваходжання беларускай нацыянальнай навукі ў еўрапейскую інтэлектуальную прастору.

 

Вераніка Курцова,

загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства  імя Якуба Коласа

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы