Захаванне моўнай разнастайнасці – агульная задача чалавецтва

У Рэспубліцы Саха (Якуція) з 30 чэрвеня па 5 ліпеня ў рамках праграмы ЮНЕСКА “Інфармацыя для ўсіх” прайшла Міжнародная канферэнцыя ”Захаванне моў народаў свету і развіццё моўнай разнастайнасці ў кіберпрасторы: кантэкст, палітыка, практыка”. Выбар месца правядзення канферэнцыі невыпадковы: Якуція з’яўляецца ўнікальным рэгіёнам у свеце, на яе тэрыторыі пражывае  больш за 120 нацыянальнасцей, у рэспубліцы вядзецца актыўная работа па захаванні, падтрымцы і развіцці моў, у тым ліку карэнных малалікіх народаў Поўначы, дзейнічаюць рэгіянальныя законы аб статусе родных моў, аб качавых школах, якуцяне свабодна валодаюць дзвюма і больш мовамі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Урад Рэспублікі Саха (Якуція), Расійскі камітэт праграмы ЮНЕСКА “Інфармацыя для ўсіх”, Паўночна-ўсходні федэральны ўніверсітэт імя М.К. Амосава, Міжрэгіянальны цэнтр бібліятэчнага супрацоўніцтва, кафедра ЮНЕСКА “Моўныя тэхналогіі для захавання і развіцця моўнай разнастайнасці”.

У рабоце міжнароднага форума  прынялі ўдзел каля 200 чалавек з 63 краін свету. Удзельнікамі канферэнцыі сталі грамадскія дзеячы, палітыкі, дыпламаты, этналінгвісты, сацыялінгвісты, этнапалітолагі, этнасацыёлагі, антраполагі,  філосафы, эксперты ў галіне фарміравання і аналізу нацыянальнай і моўнай палітыкі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, навукі, культуры.

Удзельнікаў канферэнцыі віталі намеснік Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Маэз Шакшук, Глава Рэспублікі Саха (Якуція) Асен Нікалаеў, Старшыня Урада Рэспублікі Саха (Якуція) Уладзімір Соладаў.

У рамках канферэнцыі прайшлі два пленарныя пасяджэнні і восем тэматычных секцый: моўная палітыка і глабалізацыя; мовы ў адукацыі; развіццё моўных рэсурсаў; шматмоўе ў Расійскай Федэрацыі; мовы і камунікацыя: філасофскія і гістарычныя аспекты; цыркумпалярныя мовы Расіі; грамадскія рухі і моўная палітыка; мовы і медыа.

Асноўнай мэтай канферэнцыі было прыцягненне ўвагі чалавецтва да пагрозы знікнення многіх моў свету, садзеянне актыўнаму функцыянаванню ў лічбавай прасторы мінарытарных моў у розных краінах свету, павелічэнне адукацыйнага і інфармацыйнага кантэнту. Разглядаліся  палітычныя, культурныя, сацыяльныя, этычныя і тэхналагічныя аспекты  дзейнасці, скіраванай на падтрымку і развіццё моў свету. Удзельнікі форума ставілі пытанне аб неабходнасці шырокага выкарыстання сучасных тэхналогій з мэтай распазнавання сінтэзу маўлення і  выкарыстання электроннага перакладу. Была ўзнята праблема моўнай палітыкі ў галіне адукацыі, культуры, навукі, СМІ, афіцыйнай сферы, бізнесу, турызму, паўсядзённага жыцця. Эксперты далі ацэнку рэальнаму становішчу моў у розных краінах планеты, падзяліліся станоўчым вопытам па захаванні моў у рэальным жыццці і кіберпрасторы.

Рэспубліку Беларусь на аўтарытэтным міжнародным форуме прадстаўлялі першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лукашанец і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў.

А. Лукашанец выступіў на канферэнцыі з дакладам  “Нацыянальныя мовы ў сучаснай інфармацыйнай прасторы: сацыялінгвістычныя і палітычныя аспекты развіцця сістэмы і функцыянавання (беларускі вопыт)”. У сваім дакладзе ён звярнуў увагу на неабходнасць разгляду праблемы захавання моў і развіцця моўнай разнастайнасці ў кіберпрасторы ў кантэксце сучасных працэсаў глабалізацыі і міжнароднай інтэграцыі. Пры гэтым вучоны адзначыў, што ўмовы дзяржаўнага блізкароднаснага двухмоўя прадугледжваюць пэўную спецыфіку ўключэння нацыянальных моў у сучасную кіберпрастору. У якасці асноўных умоў жыццяздольнасці беларускай мовы ў сучаснай інтэрнэт-прасторы Аляксандр Лукашанец назваў наступныя: наяўнасць дастатковай лінгвістычнай базы; праграмна-моўнага забеспячэння (нацыянальны алфавіт і нацыянальная раскладка клавіятуры, сістэма праверкі арфаграфіі, беларуская мова ў сістэме аўтаматычнага перакладу, паўнавартасны нацыянальны корпус беларускай мовы і г.д.);  фарміраванне ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя  беларускамоўнага інфармацыйнага поля ў інтэрнэт-прасторы; стварэнне паўнавартаснага нацыянальнамоўнага культурна-інфармацыйнага сегмента ў сусветнай кіберпрасторы;  фарміравванне дзяржаўнай палітыкі ўваходжання нацыянальнай беларускай мовы ў міжнародную кіберпрастору; заахвочванне асабістага энтузіязму і спонсарства і г.д.     

І. Капылоў у дакладзе “Роля інфармацыйных тэхналогій у захаванні і развіцці беларускай мовы як асноўнага фактара нацыянальнай ідэнтычнасці ва ўмовах глабалізацыі» засяродзіў увагу ўдзельнікаў канферэнцыі на праблемах функцыянавання нацыянальнай мовы ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму Беларусі, азнаёміў з палажэннямі Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, датычнымі моўнага пытання, расказаў пра ступень прадстаўленасці беларускай мовы ў кіберпрасторы (па выніках навуковага даследавання венгерскага матэматыка і лінгвіста Андраша Карная з 7776 сусветных моў беларуская мова ўваходзіць у лік 170 моў, або  2% ад усіх існуючых, жыццяздольных у анлайне), асобна спыніўся на выніках выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у рабоце акадэмічных вучоных-мовазнаўцаў з мэтай захавання і развіцця беларускай мовы.

Па выніках работы канферэнцыі была прынята рэзалюцыя, у якой вызначана стратэгія сусветнай моўнай палітыкі па захаванні моўнай  разнастайнасці.

 

Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства Імя Якуба Коласа 

 

 

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы