УДЗЕЛ СУПРАЦОЎНІКАЎ АДДЗЕЛА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў МЕРАПРЫЕМСТВАХ, ПРЫСВЕЧАНЫХ МІЖНАРОДНАМУ ДНЮ РОДНАЙ МОВЫ

22 лютага Паляшчук Наталля Вікенцьеўна, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы, і Ярмоленка Эльвіра Валер’еўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы, прынялі ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы, дзе выступілі з навукова-папулярнай лекцыяй “Жывое ў вяках беларускае слова”.

Чытачам бібліятэкі, вучням 10-х і 11-х класаў СШ № 53, 76, 188 г. Мінска Э.В. Ярмоленка распавяла пра месца і ролю кнігі ў жыцці нашых продкаў, моўную разнастайнасць твораў, што існавалі на беларускіх землях у старажытны перыяд, асаблівасці рукапісных і друкаваных кніг і іх жанрава-стылявую прыналежнасць (былі прадэманстраваны аркушы помнікаў дзелавога, рэлігійнага і свецка-мастацкага зместу).

Н.В. Паляшчук расказала пра фарміраванне і развіццё лексічнага складу беларускай мовы, змены, якія адбываліся ў ім на працягу стагоддзяў, звярнула ўвагу на ролю і месца слоў іншамоўнага паходжання, прывяла прыклады старабеларускіх лексічных адзінак, якія могуць выкарыстоўвацца ў сучаснай моўнай практыцы.

Сустрэча завяршылася правядзеннем займальнай тэматычнай віктарыны, заданні якой былі накіраваны на пашырэнне ведаў прысутных пра гісторыю роднай мовы і яе слоўнага фонду.

23 лютага Ярмоленка Эльвіра Валер’еўна правяла майстар-клас для студэнтаў-замежнікаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта “Гавары са мной па-беларуску”, падчас якога яны пазнаёміліся з адметнасцямі беларускага алфавіта, правапісу і вымаўлення (аканне, яканне, дзеканне, ужыванне афрыкаты дж і літары ў і інш.), даведаліся пра некаторыя лексічныя асаблівасці беларускай мовы (мелі магчымасць пачуць і паспрабаваць паўтарыць, як гучаць па-беларуску назвы абутку і адзення, гарадскіх аб’ектаў, часавых паняццяў і месяцаў, этыкетныя формулы). А ў канцы мерапрыемства прысутныя ўжо самастойна спрабавалі чытаць па-беларуску, адгадваць беларускія загадкі і нават спяваць беларускія песні.

23 лютага Мароз Валянціна Канстанцінаўна, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы, правяла гутарку “Бацькі і дзяды нашы мову стваралі, каб звонка звінела, была, як агонь” з вучнямі 5-х класаў дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска”. У форме дыялогу абмяркоўваліся пытанні: Што такое родная мова, якое значэнне яна мае для кожнага чалавека? Чаму важна ведаць думкі пра родную мову слынных беларусаў – Францыска Скарыны, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых? Якія творы беларускай літаратуры, засвоеныя на ўроках, могуць быць прыкладам для тых, хто сам спрабуе пісаць вершы ці прозу?

Былі прапанаваны заданні гульнявога характару наступнага зместу. Напрыклад, прадоўжыце радкі: “Мова! Як сонца маё беларускае ....” (свецішся словам кожным); вызначыце аўтара цытаваных радкоў: “У любімай мове роднай, наскай // Ах, якія словы: «Калі ласка!...»” (П. Броўка);  назавіце герояў любімых твораў і інш.

Навучэнцы паказалі трывалыя веды, добрае валоданне роднай мовай, любоў і павагу да нацыянальнай культуры.

 

24 лютага Будзько Ірына Уладзіміраўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы, загадчык кафедры “Беларуская і руская мовы” Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Паляшчук Наталля Вікенцьеўна і Ярмоленка Эльвіра Валер’еўна прачыталі студэнтам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта навукова-папулярную лекцыю “Беларуская мова на старонках даўніх рукапісаў і старадрукаў” (прысутнічалі студэнты аўтатрактарнага факультэта, факультэта энергетычнага будаўніцтва і іх выкладчык Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, унук знакамітага песняра Беларусі Якуба Коласа).

І.У. Будзько прысвяціла сваё выступленне Полацкаму Евангеллю ХІІ ст., якое лічыцца першакнігай беларусаў. Яна расказала пра гісторыю бытавання Евангелля (манускрыпт сёння знаходзіцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына (170 аркушаў) і Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы (3 аркушы), яго змест і структуру, адметнасці мовы, кадыкалагічныя асаблівасці, а таксама пра выданне “Святое Евангелие: Воспроизведенный текст, научный комментарий” (2012), у якім прадстаўлены ўзноўлены тэкст рукапісу, у тым ліку ўпершыню расчытаны запісы на палях, і вынікі яго навуковага даследавання.

Э.В. Ярмоленка распавяла прысутным пра асаблівасці старабеларускіх рукапісных помнікаў, тыпы кірылічнага пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс), мастацкае афармленне і аздабленне рукапісаў і старадрукаў; спынілася на пытаннях перакладу малазразумелых і незразумелых слоў, паказала прыклады тлумачэння невядомых слоў на палях аркушаў даўніх кніг, расказала пра царкоўнаславянска-беларускі слоўнік Лаўрэнція Зізанія (1596). Таксама студэнты даведаліся пра жанравую разнастайнасць старабеларускіх тэкстаў і нават паспрабавалі пачытаць і перакласці на сучасную беларускую мову рукапісны ўрывак з папулярнага ў сярэдневякоўі перакладнога рыцарскага рамана “Аповесць пра Трышчана”.

Н.В. Паляшчук пазнаёміла студэнтаў з фундаментальным “Гістарычным слоўнікам беларускай мовы” ў 37 выпусках, са спецыфікай працы над ім, пералічыла старабеларускія помнікі, што сталі крыніцамі матэрыялу для лексікаграфавання; расказала пра запатрабаванасць слоўніка ў навукова-даследчай, выкладчыцкай, лексікаграфічнай, выставачнай дзейнасці, у мерапрыемствах па папулярызацыі нацыянальнай гістарычнай і культурнай спадчыны, дасягненняў беларускіх вучоных у нашай краіне і за яе межамі; а таксама пра магчымасці яго выкарыстання асобамі без спецыяльнай лінгвістычнай падрыхтоўкі, якія цікавяцца мінулым нашай краіны, гісторыяй роднай мовы.

25 лютага Мароз Валянціна Канстанцінаўна ў Мікалаеўшчынскай сярэдняй школе імя Якуба Коласа (Мінская вобласць Стаўбцоўскі раён) правяла гутарку “Родная мова, цудоўная мова!…”. Знаёмства з вучнямі пачалося з вытлумачэння паходжання іх прозвішчаў, якія адлюстроўваюць адметныя рысы іменніка не толькі вёскі Мікалаеўшчына, але і агульнага беларускага. Шукаліся і знаходзіліся цікавыя прыклады дасціпных слоў і выразаў з мікалаўскай гаворкі, з ахвотай чыталіся вершы народнага паэта Якуба Коласа, а таксама настаўнікаў і вучняў школы. Усіх зацікавіў каляндар да 500-годдзя выхаду ў свет паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Кожны патрымаў у руках важкі энцыклапедычны том “Беларуская мова для вучняў і студэнтаў”. Таксама ў школьную бібліятэку былі перададзены зборнікі навуковых артыкулаў “Каласавіны”, у якіх змешчаны публікацыі пра Мікалаеўшчынскую школу, паходжанне мянушак і прозвішчаў землякоў-мікалаўцаў, адметнасць мясцовага фальклору і, вядома ж, пра творчасць народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Было выказана спадзяванне, што названая тэматыка знойдзе сваё прадаўжэнне ў конкурсных працах вучняў. Сустрэча праходзіла ў школьным музеі “Спадчынны куток”, дзе сабраны экспанаты народнай культуры, а таксама плён творчай працы сучаснай моладзі, напоўнены любоўю да ўсяго роднага.

26 лютага Макітрук Святлана Мікалаеўна, навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы, арганізавала і правяла віктарыну “Роднае слова на старонках слоўнікаў” у нядзельнай школе прыхода храма святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі ў г. Мінску. Вучням і прыхаджанам былі прапанаваны разнастайныя заданні па лексіцы беларускай мовы (“Пазнаём”, “Перакладаем”, “Прыгадваем”, “Тлумачым”, “Залацінкі народнай мудрасці” і інш.).

У бібліятэцы прыхода дзеці і дарослыя пазнаёміліся са слоўнікамі беларускай мовы (“Слоўнік беларускай мовы” І. Насовіча, “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы”, “Слоўнік фразеалагізмаў” І. Лепешава, “Слоўнік беларускай мовы: амафоны, амаформы, амографы, амонiмы, антонiмы, паронiмы, сiнонiмы” і інш.). Час сустрэчы праляцеў непрыкметна. Удзел у мерапрыемстве станоўча паўплываў на павышэнне ўзроўню валодання беларускай мовай, пашырэнне маўленчай практыкі дзяцей і дарослых, удасканаленне культуры моўных зносін.

 

Супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы