У Інстытуце мовазнаўства 7 мая 2025 г. адбыўся круглы стол «Вайна – трагедыя і памяць народа», прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Дырэктар інстытута І.Л. Капылоў расказаў прысутным пра супрацоўнікаў акадэмічнай установы, якія змагаліся з фашысцкімі захопнікамі на франтах і ў партызанскіх атрадах, набліжаючы перамогу. Па-рознаму складваўся лёс у гады Вялікай Айчыннай вайны М.Г. Булахава, А.І. Жураўскага, М.П. Лобана, А.Я. Баханькова, М.В. Бірылы, А.А. Крывіцкага, В.У. Мартынава, П.М. Гапановіча, І.М. Гайдукевіча, У.В. Анічэнкі, П.В. Вярхова, У.К. Жураўлёва. За сваю мужнасць і адвагу, гераізм і самаадданую працу ў часы вайны яны былі ўганараваны шматлікімі ордэнамі і медалямі. Пасляваеннае жыццё былых франтавікоў і партызан цесна звязана з Інстытутам мовазнаўства, дзе яны шчыра працавалі на ніве лінгвістычнай навукі і пакінулі значны след у гісторыі айчыннага мовазнаўства. Імі былі падрыхтаваны шматлікія слоўнікі, атласы, даведнікі і манаграфіі, якія не страцілі сваёй актуальнасці да сённяшняга дня.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Л.П. Кунцэвіч пазнаёміла з кнігай «Вайна – трагедыя і памяць народа. Расказваюць сведкі падзей». У гэтым выданні сабраны гісторыі-ўспаміны людзей, якія перажылі цяжар акупацыі, канцлагераў і прымусовай працы ў Германіі. Многія з інфармантаў былі дзецьмі ў гады вайны, таму іх успаміны выклікаюць асаблівыя эмоцыі.
Ігар Лявонавіч Капылоў адзначыў, што мы заўсёды павінны помніць, якой цаной здабылі мір беларусы. Памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікі Інстытута ўшанавалі хвілінай маўчання.