Алімпіядны рух на Міншчыне

З 9 па 13 студзеня ў Барысаве праходзіў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, на які прыехала 69 лепшых знаўцаў роднай мовы з розных гарадоў і вёсак Мінскай вобласці. Арганізацыю і правядзенне алімпіяды забяспечыла загадчык вучэбна-метадычнага аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ДУА “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі” Рыта Пятроўна Ільіна. У якасці членаў журы былі запрошаны таксама і супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры – І. У. Галуза, А. А. Карп і А. А. Марозава.

(На фота: дыпламанты Мінскай абласной алімпіядыпа беларускай мове і літаратуры.)

Супрацоўніцтва Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы мае ўжо досыць працяглую гісторыю: маладыя навукоўцы запрашаюцца на праверку алімпіядных заданняў вучняў Міншчыны з 2012 г.

Удзел у алімпіядным руху з’яўляецца адной з актыўных форм узаемадзеяння паміж сярэдняй школай (як інстытутам адукацыі) і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (як вядучай навуковай установай нашай краіны), падкрэслівае іх цесную сувязь і непарыўную еднасць. Падобны вопыт з’яўляецца карысным для абодвух бакоў: супрацоўнікам інстытутаў дазваляе не замыкацца ў сухім акадэмізме, а бачыць недахопы і планаваць далейшыя даследаванні прыкладнога характару, зыходзячы з патрэб жывой адукацыйнай практыкі, “алімпіёнікам” – атрымаць аб’ектыўную і навукова абгрунтаваную ацэнку іх ведаў і ўменняў спецыялістамі ў галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства.

Да таго ж, Ірына Галуза, Ганна Міхальчук,  Ірына Мяцеліца, Маргарыта Петухова штогод чытаюць асобныя лекцыі па розных раздзелах мовазнаўства і тэорыі літаратуры пераможцам абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. І варта падзякаваць Рыце Пятроўне Ільіной, якая заўсёды ахвотна кліча маладых супрацоўнікаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і “журыць” дзяцей, і  праводзіць з імі заняткі па падрыхтоўцы да розных этапаў алімпіяды, і складаць для алімпіяднікаў творчыя заданні, і працаваць з настаўнікамі лепшых вучняў рэспублікі. 

Алімпіядныя выпрабаванні (ХХХІІІ па ліку) традыцыйна складаліся з трох тураў.

Вучні 9–11 класаў, як звычайна, пачалі спаборнічаць з напісання водгуку. Надзвычай усцешыў выбар твораў для мастацкага асэнсавання складальнікамі алімпіядных заданняў: “Мара Скарыны” Н. Гілевіча (10 клас) і вершаў А. Вярцінскага “Дурман” і “Была узрушанасць парыва…” (9 і 11 класы адпаведна). Па-першае, аўтары знаёмыя вучням са школьнай праграмы, таму дзецям лягчэй праявіць сваю чытацкую кампетэнцыю (згадаць біяграфію і знакавыя творы). Да таго ж  мастацкі ўзровень выбраных твораў не выклікае сумненняў: у вершах лёгка вызначаецца тэма, відавочна ідэя, дастаткова сродкаў мастацкай выразнасці для аналізу. Пры гэтым тэмы дапускаюць глыбокія трактоўкі (у тым ліку індывідуальныя), а не павярхоўныя. Так, у вершы “Дурман” пры вызначэнні ідэі дзеці звярнулі ўвагу на тое, што ў людзей-“дурманоў” (прыгожыя і пустыя) таксама ёсць у грамадстве, магчыма, нейкая функцыя, прызначэнне, дзеля якога яны створаны. Разам з уменнем зразумець тэму і расчытаць ідэю вучні дэманстравалі ўласныя развагі пра жыццё і выяўлялі ўменне прымаць і паважаць думку іншага чалавека.

У другі дзень дзеці пісалі комплексную працу па лінгвістыцы і літаратуры, якая ўключала складаныя і разам з тым цікавыя заданні практычна па ўсіх галінах мовазнаўчай і літаратуразнаўчай навук: фанетыцы, арфаграфіі (у прыватнасці, правапісе геаграфічных найменняў), граматыцы, лексіцы і фразеалогіі, марфеміцы, словаўтварэнні, марфалогіі, сінтаксісе, стылістыцы, тоэрыі і практыцы перакладу з рускай мовы на беларускую. Літаратурная частка змяшчала заданні на веданне літаратуразнаўчай тэрміналогіі (у выглядзе крыжаванкі), літаратурнага працэсу, разуменне гісторыка-літаратурных рэаліяў і механізмаў ўключэння нацыянальнай літаратуры ў еўрапейскі кантэкст, тэорыі літаратуры (аперыраванне такімі паняццямі, як памер верша, тып рыфмоўкі, сінтаксічныя сродкі мастацкай выразнасці, тэма і ідэя твора і інш.).  Заданні размяшчаліся ў лагічнай паслядоўнасці ў залежнасці ад узроўню складанасці, некаторыя фармулёўкі мелі творчы характар: напрыклад, словаўтваральны разбор слова прапаноўвалася правесці, гатуючы “марфемны адвар”, для якога трэба “перабраць” кожны карэньчык, кожную сцяблінку і лісцік лекавых раслін.  

 Безумоўна, пераважная большасць заданняў была скіравана на праверку дакладных ведаў, аднак можна было праявіць і творчыя здольнасці. Так, адно з заданняў па літаратуры для 11 класа на веданне вершаваных памераў давала магчымасць не толькі працытаваць вывучаныя ў школе шэдэўры нацыянальнай лірыкі, але і скласці, пры жаданні, уласныя радкі. Некаторыя ж дзеці прыводзілі прыклады з сучасных аўтараў, што паказвае іх абазнанасць і зацікаўленасць літаратурным працэсам. Асобныя адказы выклікалі ў членаў журы ўсмешку: словазлучэнне “солнечные зайчики” было перакладзена як “сонечныя трусікі”, агурочныя лісты – як “гарбузовыя”, “пот стекал на падбородок” – як “пот цёк па патыліцы”, “катился с меня градом” – як “ліў як з вядра”, “гончие” (собаки) сталі “паляўнічымі”, таксама мы даведаліся, што “кнігі ў старажытнасці былі дарагія, бо пісаліся на перманганаце”, “Францыск Скарына нарадзіўся ў звычайнай вёсцы, у сям’і збяднелага купца, у час сонечнага зацмення, пад роў кароў” і былі ў нас “паэты-франтавікі Міхась Зарэцкі і Васіль Быкаў”.

Заключным конкурсам было вуснае выказванне на адну з прапанаваных тэм, спіс якіх, безумоўна, змяняецца і абнаўляецца штогод. Тэмы ўключалі ў сябе афарыстычныя выказванні і цытаты беларускіх пісьменнікаў, філасофскія і грамадзянскія пастулаты, былі прымеркаваны да памятных дат (21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, 2017 – Год навукі ў Рэспубліцы Беларусь, 125 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання). І гэтым разам алімпіяднікам прапанавалі паразважаць пра ўласнае прызначэнне, разуменне смерці, ролю перакладу і перакладчыкаў, беларускамоўныя перыядычныя выданні, пра камедыю як папулярны від драматургіі, сучаснае тэлебачанне і інш. Канверт з тэмамі ўскрываўся перад удзельнікамі алімпіяды непасрэдна ў дзень выступлення, затым яны цягнулі білеты, у кожным з якіх было па дзве тэмы – 1 на выбар. На падрыхтоўку да выступлення адводзілася 20 хвілін.

Падчас алімпіяды адбыўся абмен педагагічным і метадычным вопытам з калегамі з БДУ і БДПУ па выніках вывучэння тэарэтычных і практычных аспектаў выкладання беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе і ўзроўню валодання прадметамі навучэнцамі, абмеркаваны некаторыя прыватныя пытанні метадалогіі састаўлення і ўзроўню складанасці алімпіядных заданняў.

Важна адзначыць, што пераможцы-адзінаццацікласнікі са ста балаў за тры конкурсы набралі ад 83 да 88, што сведчыць пра вельмі высокі ўзровень іх падрыхтоўкі. Яны, як заўжды, праявілі неверагодную мэтанакіраванасць, упартасць у дасягненні пастаўленых мэт і задач. Вельмі цешыць тое, што гэтыя дзеці практычна ў аднолькавым складзе ідуць поруч ужо на працягу двух гадоў, пры гэтым розніца ў выніковых балах мінімальная.

Здзівіў абсалютна абноўлены склад дзясятага класа: літаральна некалькі чалавек брала ўдзел у алімпіядзе ў мінулым годзе. Хутчэй за ўсё, гэта можна патлумачыць тым, што лепшыя дзеці паступаюць ў мінскія ліцэі і каледжы. А вось сярод дзевяцікласнікаў назіралася адваротнае: летась васьмікласніцы Таццяна Пальчук і Ніколь Кулага змагаліся нароўні з дзецьмі, на год за іх старэйшымі, вельмі сябе добра зарэкамендавалі, прычым Т. Пальчук выйшла на рэспубліканскі ўзровень алімпіяды. І сёлета дзяўчаты зрабілі неверагодны рывок наперад і ўжо ўдзвюх едуць змагацца за месцы на Рэспубліцы.

Гонар Мінскай вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды будуць адстойваць сярод адзінаццацікласнікаў Паліна Забела (г. Слуцк), Любоў Агарова (г. Вілейка), Ірына Багдановіч (г. Івянец), Марыя Клімовіч (МДАЛ), Юлія Ратушнюк (г. Дзяржынск), сярод дзесяцікласнікаў – Марыя Захарэвіч (г. Барысаў), Надзея Каўрус (г. Вілейка), Валерыя Леу  (г. Капыль), Аляксей Гуліцкі (г. Барысаў), Мікіта Шаплыка (г. Любань), сярод дзевяцікласнікаў – Вікторыя Каросцік  (г. Вілейка), Таццяна Пальчук (г. Любань), Ніколь Кулага (г. Маладзечна), Алена Кашкан (в. Бараўляны), Паліна Дубовік (г. Слуцк). Асобна віншуем Паліну Забела, вучаніцу 11 класа ДУА “Гімназія №1 г. Слуцка”, якая ўжо другі год атрымлівае дыплом І ступені, а сёлета гэта азначае сто балаў на ЦТ па беларускай мове.

Хочацца пажадаць гэтым дзецям поспеху, шанцавання, атрымання асалоды ад іх штодзённай цяжкай карпатлівай працы і, безумоўна, бязмежнай веры ў свае сілы і свае магчымасці!

 

 

Ірына Галуза, Алена Карп, Анастасія Марозава,

супрацоўнікі Цэнтра даследаванняўбеларускай культуры, мовы і літаратуры

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы