
Горад Паставы Віцебскай вобласці ў 2026 годзе атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі. На працягу года на розных культурных пляцоўках горада прайшлі шматлікія цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы рознага маштабу і тэматычнай скіраванасці: фестывалі, творчыя сустрэчы, прэзентацыі, выставы і іншыя культурна-асветніцкія акцыі.
Адной з важных падзей у межах праграмы Года культурнай сталіцы стала Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Пастаўшчына: агульнанацыянальнае і рэгіянальнае ў гісторыі і культуры краю», арганізаваная Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Канферэнцыя стала важнай падзеяй у грамадскім і культурным жыцці рэгіёна, скіраванай на захаванне, вывучэнне і папулярызацыю яго багатай гісторыка-культурнай спадчыны.
Форум аб’яднаў шырокае кола ўдзельнікаў – гісторыкаў і мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў і краязнаўцаў, архівістаў і музейных работнікаў, бібліятэкараў і педагогаў, вучняў і аспірантаў, а таксама ўсіх, хто неабыякавы да мінулага і сучаснасці роднага краю, зацікаўлены ў асэнсаванні яго культурнай самабытнасці і захаванні гістарычнай памяці.
Актуальнасць правядзення такога навуковага форуму абумоўлена неабходнасцю ўсебаковага і комплекснага вывучэння рэгіянальнай гісторыі і культуры, выяўлення адметных рыс і ўнікальных характарыстык асобных тэрыторый, а таксама асэнсавання іх ролі і месца ў агульнанацыянальных гістарычных і культурных працэсах. Канферэнцыя стала важнай пляцоўкай для навуковага абмену, міждысцыплінарнага ўзаемадзеяння і абмеркавання актуальных пытанняў рэгіянальнага развіцця,
З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Вольга Юшкевіч, паэт, публіцыст, тэле- і радыёвядучы, заслужаны дзеяч культуры Навум Гальпяровіч, а таксама ўраджэнцы Пастаўшчыны — заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, акадэмік НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук Зянон Лоўкіс і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў.
У выступленнях было падкрэслена, што даследаванне роднага краю – гэта неад’емная частка пазнання гісторыі і культуры ўсёй Беларусі. Вывучаючы мінулае асобнага рэгіёна, мы ўзнаўляем цэласную гістарычную карціну краіны, а захоўваючы дыялектнае слова, народную песню, мясцовую назву ці сямейную памяць, беражом каштоўныя складнікі гістарычнай і духоўнай спадчыны беларускага народа.
Праца канферэнцыі засведчыла шырокую зацікаўленасць навуковай супольнасці гісторыяй і сучасным станам аднаго з самабытных рэгіёнаў паўночна-заходняй Віцебшчыны, яго багатай матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчынай, асаблівасцямі сацыяльна-культурнага развіцця і інтэлектуальным патэнцыялам. Разнастайнасць тэматыкі дакладаў дазволіла прадставіць Пастаўшчыну як унікальную частку нацыянальнай гісторыка-культурнай прасторы, у якой арганічна спалучаюцца агульнанацыянальныя традыцыі і мясцовыя адметнасці.
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў знаходзіліся пытанні гістарычнага развіцця Пастаўшчыны, яе ролі ў важнейшых падзеях беларускай гісторыі, фарміравання рэгіянальнай культурнай прасторы, захавання гістарычнай памяці і забеспячэння пераемнасці пакаленняў. Шырокі тэматычны спектр канферэнцыі адлюстравалі даклады, прысвечаныя розным перыядам і аспектам жыцця краю: «Нашчадкі Тызенгаўзаў у гісторыі Варапаева», «Пастаўшчына ў гады ваенных ліхалеццяў XX стагоддзя: невядомыя эпізоды», «Кнігазбор пастаўскіх базыльянаў: спробы рэканструкцыі», «Старонкі жыцця партыйных і савецкіх кіраўнікоў Пастаўшчыны», «Стараверскія абшчыны ў Лучаі, Захараўшчыне і Паставах: малавядомыя старонкі гісторыі», «Валуны Пастаўшчыны як геаграфічная і гісторыка-культурная каштоўнасць», «Вадзяныя млыны на тэрыторыі Пастаўскага раёна ў XVIII — першай палове XX стагоддзя», «Сядзібы Пастаўскага краю», «Перапіс насельніцтва Пастаўшчыны ў 1919 годзе», «Яўрэйскія карані ў пастаўскай зямлі» і інш.
Разгледжаныя тэмы прадэманстравалі шматаспектнасць даследаванняў і іх значны навуковы патэнцыял. Зварот да архіўных крыніц, гістарычных дакументаў, матэрыялаў музейных і бібліятэчных фондаў, а таксама да малавядомых фактаў і сведчанняў дазваляе не толькі ўдакладняць і дапаўняць асобныя старонкі мінулага Пастаўшчыны, але і адкрываць новыя напрамкі вывучэння гісторыі і культуры Беларусі ў цэлым.
Асобнае месца ў тэматыцы канферэнцыі занялі даклады, прысвечаныя вывучэнню моўнай адметнасці рэгіёна, асаблівасцей мясцовых гаворак і тапанімічнай сістэмы Пастаўскага краю. Гэты напрамак даследаванняў быў прадстаўлены выступленнямі «Гаворкі Пастаўшчыны сёння: развіццё структуры гаворак у сучасных камунікатыўных умовах», «Мова і гісторыя краю ў вусных аповедах жыхароў Пастаўшчыны», «Мікратапанімія Пастаўшчыны ў гісторыка-культурнай прасторы краю». Зварот да дыялектнай мовы, вуснай народнай творчасці і мясцовай тапаніміі дазваляе выявіць своеасаблівасць моўнай карціны рэгіёна, прасачыць гістарычныя працэсы, адлюстраваныя ў моўных адзінках, а таксама глыбей асэнсаваць узаемасувязь беларускай літаратурнай мовы з народнымі гаворкамі, культурнымі традыцыямі і духоўнай спадчынай народа.
Значная ўвага ўдзельнікаў канферэнцыі была нададзена літаратурнай спадчыне Пастаўшчыны, творчасці пісьменнікаў і паэтаў, чые творы раскрываюць гістарычнае мінулае, духоўны свет чалавека, прыродную прыгажосць і непаўторны характар роднага краю. Літаратурная дзейнасць ураджэнцаў і жыхароў пастаўскай зямлі разглядалася не толькі як форма мастацкага асэнсавання рэчаіснасці, але і як своеасаблівы летапіс рэгіянальнага жыцця, важны сродак захавання гістарычнай памяці, перадачы культурных каштоўнасцей і фарміравання пачуцця прыналежнасці да малой радзімы.
Гэтыя аспекты знайшлі адлюстраванне ў дакладах «Паэтычны голас Пастаўшчыны: Ніна Захарэвіч (па дакументах асабістага фонду Н. М. Захарэвіч у дзяржаўным архіве ў г. Глыбокае)», «Славутая верацейка: паэтэса Аліна Легастаева», «Пакліканы кодам Радзімы: папулярызацыя творчасці Уладзіміра Дубоўкі праз краязнаўчы турызм», «Ідэйна-тэматычныя пошукі ў рубаі Ігара Пракаповіча», «Жыццёвая адысея паэта Аркадзя Нафрановіча» і інш. Прадстаўленыя даследаванні засведчылі багацце літаратурных традыцый Пастаўшчыны, разнастайнасць мастацкіх пошукаў яе творцаў і значны патэнцыял рэгіянальнай літаратурнай спадчыны для далейшага навуковага вывучэння, папулярызацыі і ўключэння ў агульнанацыянальную культурную прастору.
У межах канферэнцыі адбылася сустрэча акадэміка НАН Беларусі Зянона Лоўкіса з выкладчыкамі і навучэнцамі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Вучоны выступіў з дакладам «Роля навукі ў развіцці тэхналогій атрымання прадуктаў харчавання», у якім асвятліў актуальныя пытанні ўзаемадзеяння навуковых даследаванняў і практычнай дзейнасці, а таксама значэнне навуковых распрацовак для ўдасканалення сучасных вытворчых працэсаў.
Вялікую зацікаўленасць настаўнікаў і вучняў школ горада Паставы выклікала выступленне настаўніка гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдата гістарычных навук Мікалая Півавара на тэму «Формы і метады ваенна-мемарыяльнай работы ў сярэдніх агульнаадукацыйных і сярэдніх спецыяльных установах адукацыі». У дакладзе былі закрануты актуальныя пытанні захавання гістарычнай памяці, патрыятычнага выхавання моладзі і выкарыстання розных форм мемарыяльнай дзейнасці ў адукацыйным працэсе.
Важнай культурнай падзеяй у праграме канферэнцыі стала прэзентацыя кнігі пастаўскай паэтэсы Сафіі Скабёлкінай «Ад вытокаў да прыстані», якая дала магчымасць удзельнікам пазнаёміцца з новай старонкай сучаснай літаратурнай спадчыны рэгіёна і творчым светам аўтара.
Ва ўрачыстай абстаноўцы вучні раёна і прадстаўнікі мясцовай творчай інтэлігенцыі былі адзначаны граматамі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі за актыўны ўдзел у навукова-даследчай і краязнаўчай дзейнасці, значны ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю.

Правядзенне канферэнцыі яшчэ раз пацвердзіла, што гісторыя і культура малой радзімы з’яўляюцца неад’емнай часткай нацыянальнай спадчыны. Менавіта праз вывучэнне рэгіянальнай гісторыі, мовы, літаратуры і традыцый раскрываюцца багацце і шматграннасць беларускай культуры, выяўляецца ўклад асобных мясцовасцей у фарміраванне нацыянальнай самабытнасці, забяспечваецца пераемнасць пакаленняў і захоўваецца непарыўная сувязь мінулага, сучаснасці і будучыні. Канферэнцыя стала не толькі пляцоўкай для абмену навуковымі ведамі і вынікамі даследаванняў, але і важным крокам у справе ўмацавання сувязяў паміж навуковай супольнасцю, установамі адукацыі і мясцовай грамадскасцю, садзейнічаючы далейшаму вывучэнню і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Пастаўшчыны.
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа
Ігар Капылоў






