Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Гарадоцкія чытанні ‒ 2023»

Дню беларускага пісьменства і Году міру і стваральнай працы прысвячаецца: Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Гарадоцкія чытанні ‒ 2023»

2 верасня адначасова з урачыстасцямі, якія ладзіліся з нагоды Дня беларускага пісьменства, у Гарадку прайшла Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя. Навуковы форум, як неад'емны атрыбут у складзе разнастайных мерапрыемстваў па святкаванні Дня беларускага пісьменства, ужо адбыўся ў 30-ы раз. Яго арганізацыяй займаліся Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Віцебскі абласны выканаўчы камітэт і Гарадоцкі раённы выканаўчы камітэт. Аднак асноўныя клопаты па правядзенні канферэнцыі на высокім навуковым узроўні былі ўскладзены на Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Удзельнікаў канферэнцыі і гасцей шчыра прымала сярэдняя школа № 2 г. Гарадка імя А. П. Сабалеўскага на чале з яе дырэктарам Нінай Мікалаеўнай Яфрэмавай. Гаспадары зрабілі ўсё, каб навукоўцы не мелі ніякіх праблем.

У канферэнц-зале сярэдняй школы № 2 г. Гарадка імя А. П. Сабалеўскага

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І. Л. Капылоў адкрывае Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю

 

Пра важнасць навукова-практычнай канферэнцыі як знакавай падзеі ў спісе разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства, сведчаць імёны тых асоб, што прыйшлі прывітаць удзельнікаў і гасцей канферэнцыі. З цёплымі вітальнымі словамі і пажаданнямі плённай працы перад імі выступілі: Вячаслаў Віктаравіч Дурноў, намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Ірына Міхайлаўна Палякова, старшыня Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта, Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч, старшыня грамадскай творчай арганізацыі “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Уладзімір Генадзьевіч Бабічаў, першы сакратар Віцебскай абласной арганізацыі ГА “БРСМ”, Вольга Уладзіміраўна Зелянко, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрсітва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ірына Уладзіміраўна Карповіч, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Вельмі адметнай стала прамова Ігара Іванавіча Бузоўскага, намесніка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выступоўца не толькі пажадаў поспехаў і плёну ў працы даследчыкам, удзельнікам навуковай імпрэзы, але і сам выступіў з дакладам “Інфармацыйны механізм як фактар фарміравання гістарычнага народа з этнічнай супольнасці”.

 

З вітальным словам выступае старшыня Гарадоцкага райвыканкама І. М. Палякова

 

Канферэнцыі, якія прысвячаюцца Дню пісьменства, ‒ гэта не толькі даклады і паведамленні навукоўцаў, краязнаўцаў, гэта і вельмі важная і вялікая навукова-творчая работа, якая праводзіцца сярод школьнікаў і навучэнцаў. Творчыя конкурсы прайшлі і на Гарадоччыне. Працы лепшых, пераможцаў конкурса, былі адзначаны ў час ўрачыстага адкрыцця канферэнцыі.

 

Узнагароды пераможцам творчых конкурсаў

 

Кожная канферэнцыя, якая праходзіць у Дзень пісьменства, заўсёды мае нешта адметнае. Іх адметнасць не толькі ў тым, што даследчыкі расказваюць пра выбітных людзей, якія нарадзіліся на гэтай зямлі і шмат зрабілі для развіцця культуры і памнажэння багацця роднага краю, або раскрываюць нейкія важныя гістарычныя падзеі, апісваюць фальклорна-этнаграфічныя асаблівасці рэгіёна. Звычайна цікавосткі робяць і мясцовыя ўдзельнікі канферэнцыі. Прыемная нечаканка адбылася і ў гэтым годзе. На канферэнцыі выступала вучаніца сярэдняй школы № 1 г. Гарадка. Удзелам вучняў у навуковых мерапрыемствах ужо нікога не ўразіш. Але гэта выступленне ўразіла і здзівіла. Перад прысутнымі выступала з дакладам вучаніца 5 класа! Выступала годна, з захапленнем расказваючы пра дом, у якім нарадзіўся знакаміты зямляк Гарадка Л. І. Дзяржынскі. Так важна, каб менавіта сваё, менавіта падзеі мясцовай гісторыі былі прыярытэтнымі ў даследчых росшуках падрастаючага пакалення, бо так фарміруецца любоў да сваёй Радзімы, гонар за людзей, якія праславілі твой родны кут.

 

Выступае самы юны дакладчык Ксенія Захарава, вучаніца 5 класа

 

Галоўным у выступленнях даследчыкаў было адно: расказаць прысутным пра адметнасць Гарадоччыны, пра гісторыю яе развіцця. Пра тое, якія назвы вуліц дамінуюць у Гарадку, якія з іх тыповыя для ўсёй Беларусі, а якія вядомы толькі тут, расказала прысутным доктар філалагічных навук, прафесар Г. М. Мезенка. Якімі адметнымі фальклорнымі традыцыямі, якія нідзе больш не зафіксаваны ў Беларусі, славіцца гэты куток Падзвіння паведаміла доктар філалагічных навук Т. В. Валодзіна. Аб тым, што агульнае ў традыцыйнай народнай гаворцы Гарадоччыны і суседняй Невельшчыны і чым сёння яны адрозніваюцца паміж сабой, даведаліся слухачы з даклада кандыдата філалагічных навук В. М. Курцовай. Лёс паэта, святара і педагога Юзафа Маралёўскага і ягонай багатай і разнастайнай паэтычнай спадчыны быў ахарактаразаваны І. Э Багдановіч, дактарантам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. Пра месца беларускай мовы ў духоўным жыцці насельніцтва Гарадоцкага раёна, дакладней у набажэнстве, расказаў прысутным І. М. Лагуноў, мясцовы краязнаўца.

Ваеннай гісторыі Гарадоччыны, дакладней здымкам, у якіх асвятляюцца асобныя падзеі з жыцця славутага партызанскага камандзіра Міная Шмырова, прысвяціў сваё выступленне кандыдат мастацтвазнаўства К. І. Рамішэўскі. Такія складаныя пытанні гісторыі, як лёс Гарадоцкага павета, яго ліквідацыя і захаванне, былі асветлены ў выступленні кандыдата гістарычных навук А. В. Бараноўскага. Якія таямніцы гісторыі хавае інвентар Азярышчынскага староства 1837 г. расказаў кандыдат гістарычных навук А. Б. Доўнар. Не абмінулі ўдзельнікі навуковай канферэнцыі і асобу Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы “Тарас на Парнасе”, — літаратурнага шэдэўра, створанага на гарадоцкай зямлі. Пра новыя, дагэтуль не вядомыя факты з жыцця творцы распавёў дактарант філалагічнага факультэта БДУ І. М. Запрудскі.

Правядзенне любой канферэнцыі нельга ўявіць без абагульнення і асэнсавання літаратурных, культурна-гістарычных і сацыяльна-грамадскіх з’яў, без устанаўлення заканамернасцей у іх развіцці. Гэтым аспектам на канферэнцыі былі прысвечаны выступленні дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэміка А. І. Лакоткі, дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі М. Л. Мысліўца, дырэктара літаратуразнаўства імя Янкі Купалы І. В. Саверчанкі.

Дзень беларускага пісьменства, што прайшоў у Гарадку, ужо стаў адметнай падзеяй у гісторыі Беларусі. Гістарычным фактам стала і канферэнцыя, прысвечаная Гарадоччыне, ролі выбітных асоб, якія прынеслі славу гэтаму кутку Беларусі.

 

В. М. Курцова,

загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы