2 верасня 2020 года ў рамках «Тыдня мастацкага слова» адбыўся навукова-практычны семінар «Мова пісьменніка: камунікатыўныя і эстэтычныя аспекты». Мерапрыемства прайшло з удзелам вучоных Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.
Паміж удзельнікамі семінара атрымаўся сапраўдны міждысцыплінарны дыялог, у ходзе якога мова пісьменніка разглядалася і з боку творчых пошукаў, спроб і здабыткаў (як інструмент стварэння яркіх, непаўторных і запамінальных вобразаў), і з боку рэалізацыяй словам як асноўнай адзінкай мовы сваіх непасрэдных функцый (праблема ўжывання слова ў мастацкім тэксце; намінатыўная і рэпрэзентатыўная роля лексікі твораў; мова мастацкай літаратуры як аб'ект навуковага аналізу).
Падчас семінара неаднаразова падкрэслівалася думка, што мова літаратуры – гэта агульнанацыянальная мова, якая прайшла крышталізацыю пад пяром пісьменніка, у выніку чаго набыла свае мастацкія асаблівасці. Многія аспекты гэтага пытання якраз і знайшлі адлюстраванне ў выступленнях удзельнікаў: «Лексічныя запазычанні ў мове літаратуры (па творчасці У. Караткевіча)» (Яўген Гарадніцкі), «Вывучэнне чэхаславацкай школы беларускай літаратуры» (Мікалай Трус), «Праблема якаснага літаратурнага перакладу з беларускай мовы на рускую» (Алена Сяргеева), «Укладанне новага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”: магчымасці ілюстравання ўжывання слова прыкладамі з мастацкай літаратуры» (Алена Лапцёнак).
Была акрэслена і яшчэ адна кропка судакранання намаганняў вучоных двух інстытутаў. Адной з галоўных задач літаратуразнаўцаў з’яўляецца падрыхтоўка і выданне поўных збораў твораў беларускіх пісьменнікаў, пасля чаго калегі-мовазнаўцы могуць усебакова даследаваць мову гэтых твораў. Сярод перспектыў навуковага аналізу моўнай спадчыны – стварэнне «Слоўніка мовы Якуба Коласа». Ужо выдадзены і карыстаюцца попытам падобныя слоўнікі мовы Аляксандра Пушкіна, Тараса Шаўчэнкі, Янкі Купалы. Настаў час і для класіка беларускай літаратуры, чыё імя носіць Інстытут мовазнаўства.
У рамках семінара адбылася сустрэча не толькі з мастацкім словам, але і з тым, чыёй рукой гэтае слова было выпушчана ў шырокі свет да вялікай чытацкай аўдыторыі. Пачэсным госцем мерапрыемства стаў Сяргей Давідовіч: па прафесіі – юрыст, па прызванні – пісьменнік, мастак, разьбяр па дрэве, музыка, чалавек надзвычай адораны і ўнікальны.
Нямногія з сучасных беларускіх аўтараў маюць такую вялікую літаратурную спадчыну: 12 выдадзеных тамоў кніг паэзіі, прозы, казак, якія ён падарыў вучоным-гуманітарыям.
І нястомны творца не думае спыняцца на дасягнутым, каб жывое слова мела свой працяг на старонках напісаных ім кніг, каб новыя творы на роднай мове траплялі ў абсяг навуковых даследаванняў.
Тэкст Анастасіі Марозавай
Фота С. Дубовіка («Навука»), Марыны Варабей