АБ ПРАЕКЦЕ «БЕЛАРУСКА-РУСКІ ВІЗУАЛЬНЫ СЛОЎНІК НЕАФІЦЫЙНЫХ МІКРАТАПОНІМАЎ Г. МІНСКА»

3 лютага 2023 года перад супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ў рамках навуковай стажыроўкі выступіла дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка кандыдат філалагічных навук Наталля Пятроўна Лобань.

Н.П. Лобань расказала аб праекце студэнтаў 4-га курса філалагічнага факультэта БДПУ «Беларуска-рускі візуальны слоўнік неафіцыйных мікратапонімаў г. Мінска», кіраўніком якога яна з’яўляецца, яго галоўнай мэце, задачах, метадах збору і крыніцах фактычнага матэрыялу, этапах выканання, засяродзіўшы пры гэтым увагу на актуальнасці і навізне. Важнасць дадзенага праекта, на думку даследчыцы, заключаецца, у першую чаргу, у захаванні культурна-гістарычнай і лінгвістычнай спадчыны для наступных пакаленняў.

Н.П. Лобань акрэсліла прычыны ўзнікнення неафіцыйных назваў і прынцыпы працэсу намінацыі ўнутрыгарадскіх аб’ектаў. Яна прадставіла тэматычныя групы гарадскіх неафіцыйных мікратапонімаў, асноўныя спосабы іх утварэння, наглядна паказаўшы гэта на прыкладах.

Наталля Пятроўна пазнаёміла прысутных са структурай слоўнікавага артыкула, прадэманстравала інтэрактыўную карту, на якой можна знайсці выяву таго ці іншага аб’екта г. Мінска, што атрымаў неафіцыйную назву, і картку-апісанне. Карта знаходзіцца ў распрацоўцы, якой таксама займаюцца студэнты – выканаўцы дадзенага праекта.

Выступленне Н.П. Лобань выклікала цікавасць і ажыўленую дыскусію, было зададзена шмат пытанняў, на якія даследчыца дала вычарпальныя адказы.

 

І.У. Ялынцава

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы