30 лістапада 2019 года пайшоў з жыцця Іван Ігнатавіч Крамко, вядомы беларускі вучоны, які зрабіў важкі ўклад у развіццё беларускага гістарычнага мовазнаўства.
Іван Ігнатавіч Крамко нарадзіўся 4 студзеня 1931 года ў вёсцы Беражна Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і сялян Ігната Андрэевіча і Надзеі Васільеўны Крамко. Там, на берагах Нёмана, прайшло яго дзяцінства. Падчас Вялікай Айчыннай вайны з восені 1943 г. да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён быў сувязным атрада “Камсамолец” на тэрыторыі Мірскага раёна.
Пасля заканчэння ў 1950 годзе сярэдняй школы ў мястэчку Мір Іван Ігнатавіч паступіў на філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, які закончыў у 1955 г. У тым жа годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1958 года да снежня 2004 года працаваў у сектары (аддзеле) гісторыі беларускай мовы на пасадах малодшага і старшага навуковага супрацоўніка.
У 1961 годзе Іван Ігнатавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Сінтаксіс складанага сказа Слонімскіх актаў другой палавіны XVI стагоддзя” (навуковы кіраўнік – М.А. Жыдовіч). У 1970 годзе яму было прысвоена навуковае званне старшага навуковага супрацоўніка.
Іван Ігнатавіч займаўся самымі рознымі аспектамі гісторыі беларускай мовы, але ў першую чаргу яго цікавілі пытанні гістарычнай лексікалогіі і лексікаграфіі, гістарычнага сінтаксісу, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, культуры беларускай мовы. Плёнам яго шматгадовай дзейнасці сталі звыш ста трыццаці навуковых работ, сярод якіх манаграфіі “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” (Т. 2, Мінск, 1968; у суаўтарстве), (“Сінтаксіс Слонімскіх актаў XVI ст. (складаны сказ)” (Мінск, 1970), “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (Мінск, 1970; у суаўтарстве), “Гістарычная марфалогія беларускай мовы” (Мінск, 1979, у суаўтарстве), “Мова беларускай пісьменнасці XIV–XVIII стст.” (Мінск, 1988, у суаўтарстве) і інш.), артыкулы ў навуковых зборніках, перыядычных выданнях (“Беларуская лінгвістыка” і інш.). Даследаваў ён і лексіку роднай вёскі Беражна, пра што друкаваў дыялекталагічныя нататкі ў зборніках “З народнага слоўніка” (Мінск, 1975), “Жывое слова” (Мінск, 1978), “Народная словатворчасць” (Мінск, 1979); Народнае слова (Мінск, 1986), “Жывое народнае слова” (Мінск, 1992).
Іван Ігнатавіч прымаў удзел у рабоце VII Міжнароднага з’езда славістаў (Варшава, 1973).
Пад кіраўніцтвам К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) Іван Ігнатавіч удзельнічаў у падрыхтоўцы другога выдання “Русско-белорусского словаря” (Мінск, 1982). Ён уваходзіў у склад рабочай групы, якая папаўняла рэестр слоўніка новымі словамі і праводзіла іх лексікаграфічную апрацоўку.
Іван Ігнатавіч з’яўляўся членам калектыву па падрыхтоўцы да выдання “Статута Вялікага Княства Літоўскага” 1588 года, выконваў адаптацыю тэксту Статута (“Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведеднік. Каментарыі” [Мінск, 1989]).
Але адной з галоўнейшых спраў у навуковым жыцці Івана Ігнатавіча стала праца над “Гістарычным слоўнікам беларускай мовы”. Ён быў сярод тых, хто распачынаў гэту дзейнасць, і прайшоў усе этапы работы над гэтым сапраўды ўнікальным і фундаментальным выданнем беларускай мовазнаўчай навукі.
Для слоўніка Іван Ігнатавіч расчытаў і апрацаваў тэксты пісьменнасці розных жанраў: “Статут Вялікага Княства Літоўскага” (1588), “Арыстоцелевы вароты (60-я гады XVI ст.), “Метрыка Вялікага Княства Літоўскага”, дакументы, змешчаныя ў “Актах, издаваемых Виленскою археографическою комиссиею для разбора древних актов” (Т. ХІХ, ХХ, ХХХVI, ХХХІХ), зборнік жыцій святых другой палавіны XVII ст. і інш. Прымаў удзел у стварэнні картатэкі слоўніка. Выпісаў 126 тысяч картак-цытат з вышэйназваных помнікаў старабеларускай пісьменнасці. Распрацаваў слоўнікавыя артыкулы для дваццаці васьмі выпускаў слоўніка (2, 6–9, 12, 15, 16, 18–37). Увёў у навуковы ўжытак і адпаведна ў кола крыніц “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” раней невядомы помнік “Гистория, або Повесть людей розных веры годных о образе чудовным пренайсвятейшей девы Маріи Жировицком…”, упершыню надрукаваны сумесна з А.І. Мальдзісам у зборніку “Помнікі культуры. Новыя адкрыцці” (Мінск, 1985. С. 128–132).
Іван Ігнатавіч з хваляваннем чакаў выхаду апошняга, 37-га выпуску “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, бо бачыў у ім каласальны навуковы і культурны патэнцыял.
Іван Ігнатавіч Крамко быў узнагароджаны медалём “Партизану Отечественной войны” ІІ ступені (1949, за подпісам сакратара Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР А.Ф. Горкіна), медалём “Ветеран труда” (1987), Ганаровай граматай НАН Беларусі за вялікі ўклад у падрыхтоўку “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” і ў сувязі з 70-годдзем з дня заснавання Інстытута, Падзякай Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У.Р. Гусакова за шматгадовую плённую навуковую дзейнасць і значны ўклад у стварэнне “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” ў 37-мі выпусках.
Адукаваны, дасведчаны, сумленны, прынцыповы. Да яго заўсёды можна было звярнуцца па кансультацыю, параду па самых розных пытаннях, і навуковых, і жыццёвых. Ён умеў падтрымаць, пашкадаваць...
Ён і ў апошнія гады цікавіўся, чым жыве аддзел гісторыі беларускай мовы, над чым працуе, імкнуўся дапамагчы па магчымасці, параіць, падказаць…
Мы, калегі, вучні, сябры, заўсёды будзем помніць Івана Ігнатавіча – Вучонага, Сябра, Чалавека, Беларуса.
Супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы