26 жніўня – 1 верасня па ініцыятыве НАН Беларусі прайшоў тыдзень роднага слова. Яго знакавымі падзеямі сталі Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства, урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, выстава навуковых і творчых прац вучоных Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі.
Сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў у гэтым годзе старажытны горад Слонім на Гродзеншчыне, які сёлета прыняў больш за 50 тысяч гасцей. Згодна з традыцыяй, напярэдадні свята была праведзена навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, удзел у якой прынялі вядомыя філолагі, гісторыкі, пісьменнікі, дзеячы мастацтва і святары. Яны правялі сустрэчы і гутаркі, прачыталі цыкл асветніцкіх лекцый у вёсках і аграгарадках Валожынскага, Маладзечанскага, Пухавіцкага і іншых раёнаў, наведалі славуты Лаўрышаўскі манастыр і прынеслі дабрадарны агонь ад Труны Гасподняй у горад над Шчарай, дзе запалілі светлую лампаду асветніцтва ў гонар беларускага слова.
У сваім віншаванні гасцям і ўдзельнікам свята Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Вялікая місія Дня пісьменства — аб’ядноўваць усіх беларусаў свету, перадаваць новым пакаленням літаратурныя і мастацкія скарбы нашага народа, любоў да матчынай мовы, выхоўваць беражлівыя адносіны да помнікаў даўніны, садзейнічаць умацаванню пачуцця гонару за Радзіму”.
Менавіта гэтым праблемам была прысвечана Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Слонімскія чытанні – 2019”, якая была арганізавана Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Канферэнцыю адкрыў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя. Ва ўступным слове ён падкрэсліў, што сёння “Сістэма сацыяльна-гуманітарных ведаў абумоўлівае захаванне і памнажэнне інтэлектуальнага капіталу чалавецтва. Менавіта вучоныя-гуманітарыі могуць даваць навукова-экспертныя ацэнкі, прадказваць рызыкі сацыяльна-эканамічнга і грамадска-палітычнага развіцця. Таму беларускія гуманітарныя навукі сталі важным складнікам айчыннай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, фактарам высокага прызнання нашай краіны на міжнароднай арэне. Істотна павышаецца роля навукі ў стварэнні спрыяльных умоў для захавання і развіцця навуковага патэнцыялу і духоўнасці нашага народа”. Канферэнцыя сапраўды прадэманстравала садружнасць гуманітарных навук у вывучэнні ўнікальнага краю, дзе мінулае літаральна на кожным кроку сустракаецца з сучаснасцю. Тон выступленням навукоўцаў і краязнаўцаў быў зададзены фундаментальным дакладам акадэміка Аляксандра Лакоткі “Роднае слова ў прасторы мастацкай культуры”, у якім увасобіўся комплексны падыход да даследавання мастацкай, славеснай і гістарычнай культуры нашай краіны.
Прадстаўнікі гістарычнай навукі, Вадзім Лакіза і Алена Трубчык раскрылі невядомыя старонкі мінулага Слонімшчыны ад часоў першабытнасці да ХХ ст. Акадэмік-скратар АГНіМ Аляксандр Каваленя параіў гісторыкам узяць пад асаблівы кантроль вызначэнне ключавых дат у гісторыі горада і краю, бо нават год заснавання Слоніма пакуль застаецца спрэчным. Так, афіцыйнай датай узнікнення паселішча лічыцца 1252 г., але ёсць падставы меркаваць, што старажытны Услонім (ці Заслонім) узнік яшчэ ў 1036 г.
Багаты матэрыял па асаблівасцях мясцовага маўлення, па укладзе ўраджэнцаў Слонімшчыны ў лінгвістычную навуку і культуру, а таксама па ўнікальных народных абрадах і казаннях быў прадстаўлены ў матэрыялах акадэмічных моваведаў Веранікі Курцовай, Міхаіла Тарэлкі, Алены Боганевай, прафесара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганны Мезенка, дацэнта БДУ Ірыны Сынковай і інш. Даўнім духоўным цэнтрам краю, ды і ўсёй Беларусі з’яўлянецца славуты Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, са станаўленнем якога цесна спалучана гісторыя айчыннага пісьменства. Гэтай праблематыцы былі прысвечаны даклады Ірыны Будзько і Сяргея Гараніна.
На працягу стагоддзяў Слонімшчына займала важнае месца ў культурным жыцці краіны. У ХVІІІ ст. горад над Шчарай нават называлі Палескімі Афінамі, бо менавіта тут прайшлі значныя этапы творчай дзейнасці Льва Сапегі і Яна Казіміра Агінскага – славутых мысліцелей і дзеячаў культуры, творчы ўклад якіх мае агульнаеўрапейскае значэнне. Развіццю прыгожага пісьменства прысвячаліся даклады літаратуразнаўцаў прафесара БДУ Вячаслава Рагойшы, Анатоля Трафімчыка, Анатоля Вераб’я, Вольгі Забродскай, Святланы Калядка і інш.
Адметнасцю канферэнцыі стаў, несумненна, шырокі ўдзел у ёй мясцовых даследчыкаў-краязнаўцаў Ірыны Радзецкай, Ліліі Карнейчык, Таццяны Ракуць, Сяргея Клёсава і інш., а таксама навучэнцаў мясцовай гімназіі і школ.
Падводзячы вынікі канферэнцыі, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, член Нацыянальнага аргкамітэта па правядзенні Дня пісьменства ў г. Слоніме Ігар Капылоў адзначыў важнасць правядзення свята, якое садзейнічае духоўна-маральнаму развіццю грамадства, захаванню духоўнай спадчыны Беларусі, прапагандзе нацыянальных культурных традыцый народа, паказу іх узаемасувязі з сённяшнім днём.
З нагоды святочных мерапрыемстваў 1 верасня былі праведзены брыфінг для журналістаў, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі новых навуковых і мастацкіх кніг. Старшыня дзяржаўнай камісіі па Нацыянальнай літаратурнай прэміі прафесар І.В. Саверчанка ўрачыста ўзнагародзіў пераможцаў, сярод якіх за лепшае навуковае даследаванне па літаратуразнаўстве была ўганаравана супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Святлана Калядка.
Шчыра віншуем лаўрэата Нацыянальнай прэміі і жадаем ёй новых поспехаў і творчых здзяйсненняў!
Сяргей Гаранін