Генадзю Апанасавічу Цыхуну – 85 год!

30 кастрычніка доктару філалагічных навук прафесару Генадзю Апанасавічу Цыхуну споўнілася 85 год!

У гэты ўрачысты дзень Генадзь Апанасавіч узнагароджаны медалём У.М. Ігнатоўскага за плённую шматгадовую навуковую і навукова-педагагічную працу, вялікі ўклад у развіццё беларускага і славянскага мовазнаўства, арганізацыю міжнароднага навуковага супрацоўніцтва ў галіне славістыкі.

Калектыў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ўрачыста павіншаваў юбіляра.

Ад імя Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў юбіляра павіншаваў акадэмік НАН Беларусі, старшыня Беларускага камітэта славістаў А.А.Лукашанец.

Падзяку за адраджэнне і пашырэнне беларускай мовы ў грамадскім жыцці ад імя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” ўручыла старшыня аб'яднання А.М. Анісім.

Свае віншаванні даслалі таксама прадстаўнікі навучальных і навуковых устаноў. Дэкан філалагічнага факультэта БДУ С.А. Важнік і загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Л.А. Казлоўская ў сваім віншаванні адзначылі навуковы і педагагічны талент юбіляра; загадчык кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ М.Р. Прыгодзіч і супрацоўнікі кафедры высока ацанілі дасягненні Г.А. Цыхуна ў дыялекталогіі, сацыялінгвістыцы, этымалагічных і славістычных даследаваннях. Ад імя членаў Камісіі лінгвістычнай бібліяграфіі пры МКС, у працы якой юбіляр бярэ ўдзел ужо некалькі дзесяцігоддзяў, даслаў віншаванне старшыня гэтай камісіі, кіраўнік Цэнтра навуковай славістычнай інфармацыі Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Павел Кавальскі.

Да віншаванняў далучыліся і шматлікія калегі, супрацоўнікі і вучні юбіляра.

_________________

Генадзь Апанасавіч – адзін з вядучых беларускіх спецыялістаў у галіне беларускага і славянскага мовазнаўства. Асноўная сфера навуковых інтарэсаў вучонага – беларуская лексіка ў яе сувязях з лексікай іншых славянскіх і неславянскіх моў, кірыла-мяфодзіеўская традыцыя ў Беларусі, арэальна-тыпалагічнае мовазнаўства, пытанні балканістыкі, даследаванне Палесся ў шырокім славістычным кантэксце, славянскія мовы ў сацыялінгвістычнай і сацыякультурнай перспектыве, гісторыя беларускай славістыкі, яе стан і дасягненні (штогадовыя бібліяграфічныя агляды ў міжнародных выданнях) і інш. Па ўсіх названых праблемах вучоным апублікаваны манаграфіі, брашуры (даклады на міжнародных з’ездах славістаў) і артыкулы ў айчынных і міжнародных выданнях (агульнай колькасцю звыш 350, з іх 5 манаграфій).

Цыхун Г.А. – доктар філалагічных навук (1983), прафесар (1996), акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (1994), Ганаровы доктар Сафійскага ўніверсітэта (2005), замежны член Македонскай акадэміі навук і мастацтваў (2009).

Сваю навуковую работу Цыхун Г.А. эфектыўна спалучаў з выкладчыцкай і навукова-арганізацыйнай дзейнасцю. Шмат гадоў працаваў і працягвае працаваць у сістэме атэстацыі навуковых кадраў (вучоным сакратаром, членам саветаў па абароне дысертацый, членам экспертных саветаў ВАК). З’яўляецца ганаровым членам Прэзідыума Міжнароднага камітэта славістаў, членам пяці міжнародных камісій пры Міжнародным камітэце славістаў. У свой час супрацоўнічаў з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, дзе чытаў лекцыі, вёў спецкурсы і практычныя заняткі па славянскіх мовах. Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы