«А.Я. МІХНЕВІЧ: ШМАТГРАННАСЦЬ ТАЛЕНТУ ВУЧОНАГА (ДА 90-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ)»

30 верасня 2026 года адбыўся круглый стол «А.Я. Міхневіч: шматграннасць таленту вучонага (да 90-годдзя з дня нараджэння)», арганізатарам якога выступіў аддзел беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Мерапрыемства прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння Арнольда Яфімавіча МІХНЕВІЧА – вядомага беларускага вучонага-лінгвіста, доктара філалагічных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі, імя якога вядома шырокаму колу мовазнаўцаў не толькі нашай краіны, але і далёка па-за яе межамі.

А.Я. Міхневіч – аўтар каля 600 навуковых прац, у тым ліку больш за 30 кніжных выданняў, прысвечаных праблемам беларусістыкі, славістыкі, сацыялінгвістыкі, тэорыі і гісторыі мовазнаўства. Сярод іх – «Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове: (трансфармацыйны аналіз)» (1965), «Праблемы семантычнага сінтаксісу беларускай мовы» (1974), «Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы» (1976), «Ораторское искусство лектора» (1984), «Говорите правильно: Краткий словарь-справочник» (2001), «Нямецка-беларускі размоўнік» (2003). Ён з’явіўся адным са складальнікаў двухтомнага 14-моўнага «Словаря славянской лингвистической терминологии» (Прага, 1977), галоўным рэдактарам і адным з аўтараў энцыклапедыі «Беларуская мова» (1994).

У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі розных аддзелаў Інстытута, а таксама прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны, з якімі была звязана прафесійная дзейнасць Арнольда Яфімавіча.

З вітальнымі словамі да гасцей і калег выступілі дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар мастацтвазнаўства, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.М. Папко і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра, кандыдат філалагічных навук, дацэнт І.Л. Капылоў, якія адзначылі  фундаментальны ўклад А.Я. Міхневіча ў развіццё беларускай лінгвістычнай навукі.

Пра жыццёвы шлях Арнольда Яфімавіча Міхневіча расказала прысутным І.У. Ялынцава, загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Яна засяродзіла ўвагу на тых працах, якія былі падрыхтаваны супрацоўнікамі сектара рускай мовы (з 1996 г. – аддзел беларуска-рускіх моўных сувязей) пад кіраўніцтвам і рэдакцыяй А.Я. Міхневіча.

Сваімі ўспамінамі падзялілася Л.А. Мельнікава, былая супрацоўніца аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, кандыдат філалагічных навук, якая працавала з Арнольдам Яфімавічам яшчэ ў сектары агульнага і славянскага мовазнаўства, на працу ў які ён быў залічаны ў 1963 годзе на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка.

Пра часы працы з Арнольдам Яфімавічам у сектары сучаснай беларускай мовы і культуры мовы, дзе ён працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, расказала В.П. Русак, загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, доктар філалагічных навук, прафесар.

В.К. Шчэрбін, дацэнт кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, кандыдат філалагічных навук, Л.П. Кунцэвіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, кандыдат філалагічных навук і В.М. Нікалаева, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, кандыдат філалагічных навук, дацэнт падзяліліся сваімі яркімі ўспамінамі пра перыяд працы ў сектары рускай мовы, які быў створаны ў 1977 г. і першым загадчыкам якога быў Арнольд Яфімавіч Міхневіч.

Загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Інстытута мовазнаўства А.М. Боганева ўзгадала пра той час, як працавала разам з А.Я. Міхневічам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры, дзе ён з 1995 па 2001 г. займаў пасады спачатку першага прарэктара, а потым і рэктара гэтай вядучай навукова-даследчай установы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

С.А. Важнік, дэкан філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, нагадаў аб працы Арнольда Яфімавіча ў названай навучальнай установе загадчыкам кафедры сучаснай беларускай мовы, а потым прафесарам (цяпер – кафедра беларускага мовазнаўства), а таксама пра яго тагачасныя выданні.

Шмат цёплых слоў пра Арнольда Яфімавіча як навуковага кіраўніка выказалі яго былыя аспіранты: А.П. Бяценя, прарэктар па вучэбнай рабоце БДУЗМ, кандыдат філалагічных навук, А.І. Цімашэнка, дацэнт кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства ГДУ імя Францыска Скарыны, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Ю.В. Назаранка, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Праведзенае мерапрыемства стала не толькі данінай павагі выбітнаму лінгвісту, але і магутным імпульсам для далейшага развіцця беларускага мовазнаўства. Навуковая спадчына Арнольда Яфімавіча Міхневіча – яго фундаментальныя працы, навуковыя канцэпцыі і метадалагічныя распрацоўкі – застаецца жывым і надзейным падмуркам для новых пакаленняў даследчыкаў, якія працягваюць развіваць традыцыі айчыннай філалагічнай навукі.

 

І.У. Ялынцава, В.М. Нікалаева

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы