ІНСТЫТУТ МОВАЗНАЎСТВА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА І ТЭРМЕЗСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ: ШЛЯХ ДА СУПРАЦОЎНІЦТВА

23 верасня 2022 года адбылася сустрэча супрацоўнікаў інстытута з Умідам Ачылавічам Камалавым, выкладчыкам кафедры рускага мовазнаўства факультэта рускай і роднасных моў Тэрмезскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Рэспубліка Узбекістан), у рамках навуковай стажыроўкі.

Умід Ачылавіч выступіў з паведамленнем пра структуру і дзейнасць установы адукацыі, якую ён прадстаўляе, спецыфіку навукова-педагагічнай і грамадскай работы, статус рускай мовы як замежнай у Рэспубліцы Узбекістан. Даклад суправаджаўся відэапрэзентацыяй, на якой былі прадстаўлены фотаздымкі студэнцкіх мерапрыемстваў, прысвечаных рускай культуры (літаратурныя вечары па творчасці А. С. Пушкіна, святкаванне  Масленіцы, конкурс рускай песні). Стажор расказаў пра ўласныя навуковыя інтарэсы, засяродзіўшы ўвагу на тэме і аб’екце дысертацыйнага даследавання “Функционально-семантические типы оптативных предложений в русском и узбекском языках”, сутнасць якога адпавядае асноўнаму напрамку дзейнасці аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей.

Умід Ачылавіч паведаміў пра вынікі стажыроўкі ў Беларусі, у рамках якой ён наведаў аддзелы інтытута з мэтай абмену вопытам з калегамі, азнаёміўся з новымі метадамі супастаўляльнага вывучэння моў і камп’ютарнай лінгвістыкі. На аснове сабранага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі матэрыялу пры навукова-метадычнай падтрымцы вядучых спецыялістаў аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей падрыхтаваў рукапіс артыкула “Лексические средства реализации оптативной семантики в русском, белорусском и узбекском языках”, які плануецца апублікаваць у часопісе “Беларуская лінгвістыка”.

Стажыроўка была карыснай не толькі ў плане набыцця вопыту навукова-даследчай работы і ўдасканалення прафесійных навыкаў, але і з пункту погляду пашырэння ведаў па геаграфіі і культуры беларускага народа. У рамках стажыроўкі Умід Ачылавіч азнаёміўся з выдатнымі мясцінамі і прадпрыемствамі Беларусі: пабываў на Дні беларускай пісьменнасці ў г. Добрушы Гомельской вобласці (3–4 сентября), дзе прысутнічаў на адкрыцці помніка Івану Шамякіну, канцэрце «Усё яшчэ будзе…» Эдуарда Ханка; наведаў помнік архітэктуры XVIII–XIX стст. – Палац Румянцавых і Паскевічаў (г. Гомель), папяровую фабрыку і фарфоравы завод (г. Добруш), Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі (г. Мінск).

Падчас сустрэчы У. А. Камалава з дырэкцыяй інстытута былі абмеркаваны перспектывы беларуска-ўзбекскага ўзаемадзеяння ў галіне супастаўляльнай лінгвістыкі і гуманітарнай адукацыі (сумесныя навуковыя праекты, стварэнне беларускага вучэбнага цэнтра ва Узбекістане), вынікам чаго стала складанне дагавора паміж Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і Тэрмезскім дзяржаўным універсітэтам аб супрацоўніцтве ў сферы навуковай і адукацыйнай дзейнасці. З мэтай наладжвання дзелавых і творчых кантактаў стажор сустрэўся з дэканам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта С. А. Важнікам і старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі А. М. Карлюкевічам.

Выступленне Уміда Ачылавіча, які падзяліўся з прысутнымі ўражаннямі пра навуковую стажыроўку ў Беларусі і беларускі народ, завяршылася цікавым дыялогам з супрацоўнікамі інстытута.

А. Ванкевіч

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы