Запрашаем Вас на сустрэчу.

Гэтым разам у рамках асветніцкіх лекцый-дыскусій, арганізаваных Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і філіялам Дом-музей І з’езда РСДРП, сустрэча будзе складацца з дзвюх частак.

Спачатку Вас чакае прагляд дакументальнага фільма, створанага ў межах праекта “Беларускія остарбайтары”, які рэалізуецца МГА «Гісторыка» (Беларускі архіў вуснай гісторыі) сумесна з DOM – deutsch-russisches Haus für Begegnung, Bildung und Kultur in Landshut e.V., deutsch-belarussische gesellschaft e.V. (Dbg) пры падтрымцы фонда Erinnerung, Verantwortung und Zukunft.

Фільм рэпрэзентуе гісторыі і партрэты рэальных сведкаў Другой сусветнай вайны – людзей, якія былі вывезеныя з Беларусі ў Германію на прымусовыя працы. Остарбайтары – невядомыя ахвяры вядомай вайны.

Фільм складзены на аснове сапраўдных відэа-інтэрв’ю ўдзельнікаў тых падзей, якія былі сабраныя і запісаныя падчас экспедыцый «Беларускага архіва вуснай гісторыі» ў рамках праекта. Гэта ўнікальныя гісторыі рэальных людзей, якія дазваляюць кожнаму гледачу скласці сваё меркаванне аб прымусовай працы ў гады Другой Сусветнай вайны і лёсах былых нявольнікаў.

Большасць з іх мае горкі жыццёвы досвед: перажыўшы сталінскі тэрор 1930-х, нямецкі акупацыйны рэжым, прымусовую высылку ў Германію, яны сталі ізгоямі ў пасляваенным Савецкім Саюзе, паколькі афіцыйная прапаганда расцэньвала іх не як “ахвяр вайны”, а як “памагатых гітлераўскай Германіі”.

Толькі сёння, больш чым праз 70 год, тыя з іх, хто жывуць і зараз, пачынаюць казаць пра гэта адкрыта, перастаюць хаваць і хавацца. Яны вяртаюцца ў гісторыю такімі як ёсць, без прыўкрас. Яны былі, жылі, марылі... пакуль аднойчы іх жыццё не падзялілася на да і пасля. Яны шмат год неслі сваю таямніцу, свой сакрэт, які сёння становіцца часткай агульнай гісторыі.

Пасля прагляду адбудзецца дыскусія з рэжысёрам і сцэнарыстам фільма – гісторыкам Алесем Лапо.

 

Чакаем Вас 10 мая а 18.30.

Уваходны квіток у музей – 2 рублі.

 

УВАГА! Запісацца на лекцыю можна па тэлефоне +375 17 290-68-47 (Андрэй), альбо па адрасе электроннай пошты: domusmuseum@gmail.com

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы