Лукашанец: Няма грошай на беларускамоўны пераклад? Давайце пісаць па-беларуску і паглядзім, ці знойдуцца грошы на рускамоўны пераклад

 

Аляксандр Лукашанец (злева). Фота Сяргея Гудзіліна.

 

 

Першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец заклікаў прымаць законы на дзвюх дзяржаўных мовах. З такой заявай ён выступіў падчас круглага стала ў парламенце.

 «Праз чвэрць стагоддзя мы прыйшлі да ўсведамлення важнасці выканання моўнага заканадаўства і вырашэння праблем гарманізацыі моўнага жыцця. Я выкажуся як грамадзянін, які мусіць выконваць моўнае заканадаўства. У нас дзве дзяржаўныя мовы.»

 Унясенне ўдакладнення «ці» ў Законе аб мовах трэба здымаць.

 Кожны грамадзянін у сваёй дзейнасці мае права карыстацца дзвюма мовамі і мае права любую інфармацыю атрымліваць на любой мове. Дзяржава павінна забяспечыць гэтае права любому грамадзяніну.

 Сыходзячы з гэтага, звяртаемся да «ці»: з афармлення гэтага закона чытаем, што прыярытэт на рускай ці беларускай, а ўжо пасля — на беларускай ці рускай. Трэба прымаць на беларускай і рускай!

 Усе законы ці ўсе гэтыя акты, якія маюць агульнадзяржаўнае значэнне, без усялякіх выключэнняў павінны публікавацца на дзвюх мовах.

 Што не дае часцей карыстацца беларускай мовай? Недастатковая моўная кампетэнцыя грамадства і дзяржслужачых - калі б не было такога, мы б і не абмяркоўвалі.

 На беларускай і рускай мове абавязкова. Я не бачу праблем, як гэта зрабіць. Усе нарматыўныя акты павінны падпарадкоўвацца Канстытуцыі і Закону аб мовах. Яны могуць падавацца на любой мове — лепш на дзвюх, — на канчатковым этапе іх абмеркавання будзе робіцца пераклад. Але прымацца і зацвярджацца на дзвюх мовах у адзін дзень. Яны павінны мець аднолькавую заканадаўчую сілу.

 Што да фінансаў: гэта не самае галоўнае, гэта - адгаворка. Тыя невялікія дадатковыя фінансавыя выдаткі, якія будуць звязаныя, акупяцца, таму што яны здымуць вялізную масу праблем. Гэта акупіцца. Мы 25 гадоў жывём у Рэспубліцы Беларусь, мы павінны ўсвядоміць гэта, усвядоміць статус краіны са сваім адметным тварам.

 У канстытуцыі БССР 1927, і 1937 законы прымаліся на некалькіх мовах. Няўжо цяпер, у ХХІ стагоддзі мы гэта не можам ажыццявіць у нашай дзяржаве? «У нас што, мала спецыялістаў, якія падрыхтуюць прафесійны пераклад? Гэта не праблема», — заявіў акадэмік Лукашанец.

 Няма грошай на беларускамоўны пераклад? Давайце пісаць па-беларуску і паглядзім, ці знойдуцца грошы на рускамоўны пераклад, прапанаваў ён.

 

 

 

Крыніца: https://nn.by/?c=ar&i=207597

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы