3 сакавіка 2018 г. пайшла з жыцця Валянціна Пятроўна Лемцюгова, выдатны беларускі вучоны, педагог, доктар філалагічных навук, прафесар.
Валянціна Пятроўна закончыла Чавускую беларускую сярэднюю школу і ў 1953 г. паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння ў 1958–1960 гг. настаўнічала на Валожыншчыне. Педагагічная кар’ера складвалася паспяхова, але жыццё ўнесла свае карэктывы. З 1961 г. яе лёс быў непарыўна звязаны з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа, дзе яна напоўніцу рэалізавала свой даследчыцкі талент. Валянціна Пятроўна прайшла ўсе асноўныя прыступкі сапраўднага навукоўца – ад малодшага навуковага супрацоўніка да доктара філалагічных навук, прафесара. З 1987 і да 2006 года яна загадвала аддзелам лексікалогіі і лексікаграфіі.
Навуковая спадчына Валянціны Пятроўны надзвычай багатая. Найперш яе ведаюць як вядучага спецыяліста ў галіне анамастыкі. За час працы ў Інстытуце Валянціна Пятроўна падрыхтавала і абараніла ў 1966 г. кандыдацкую дысертацыю па тэме «Тапанімія Міншчыны», а ў 1987 г. – доктарскую дысертацыю «Восточнославянская ойконимия в ее связи с семантической историей нарицательных названий типов поселений и жилища». У сваіх даследаваннях В.П. Лемцюгова разглядала тапанімічную праблематыку ў шырокай лінгвагістарычнай рэтраспектыве. Валянціна Пятроўна прымала ўдзел у ажыццяўленні буйных міжнародных і агульнанацыянальных праектаў: «Анамастыка Пабужжа» ў галіне навуковага супрацоўніцтва з Польскай акадэміяй навук, «Slowianska onomastyka» – агульнаславянскі праект, «Нацыянальны атлас Рэспублікі Беларусь». Ёю распрацаваны тэарэтычныя асновы стандартызацыі беларускіх геаграфічных назваў. Гэтыя распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне пры падрыхтоўцы і выданні розных па тэматыцы і маштабе карт, атласаў. Асобнае месца займае падрыхтаваны пад непасрэдным кіраўніцтвам Валянціны Пятроўны нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, выдадзены сумесна з Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Гэта выданне атрымала высокую ацэнку экспертаў камісіі па стандартызацыі пры ААН, якія рэкамендавалі яго ў якасці ўзору для іншых краін.
Валянціна Пятроўна шмат займалася папулярызацыяй навуковых ведаў. У 2008 г. была выдадзена кніга “Тапонімы распавядаюць”, у якой у навукова-папулярнай форме расказваецца пра паходжанне назваў беларускіх паселішчаў. З 2009 г. на старонках газеты «СБ» яна стала вяла рубрыку, у якой тлумачыла паходжанне беларускіх прозвішчаў.
Значнае месца ў даследаваннях В.П. Лемцюговай займалі пытанні лексікалогіі і лексікаграфіі. Яна з’яўлялася суаўтарам шэрагу буйных калектыўных лексікаграфічных прац, такіх як «Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970), «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» (1987), «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994). У суаўтарстве з Г.У. Арашонкавай яна падрыхтавала шэраг слоўнікаў для выкладчыкаў і студэнтаў, настаўнікаў і вучняў: «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (1987), слоўнік-даведнік «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах» (1991), «Кароткі слоўнік беларускай мовы» (1994). Валянціна Пятроўна распрацавала першы ў беларускай і славянскай лексікаграфіі «Украінска-беларускі слоўнік» (1980).
Пад яе кіраўніцтвам было ажыццёўлена ўнікальнае лексікаграфічнае даследаванне беларускай мовы пачатку ХХ ст., у выніку якога падрыхтаваны комплекс фундаментальных навуковых прац: «Слоўнік мовы “Нашай Нівы” (1906–1915)» у пяці тамах (выйшла тры тамы), манаграфіі «Мова “Нашай Нівы”. Варыянтнасць. Сінанімія» (2005), «Мова “Нашай Нівы”. Семантыка. Стылістыка тэксту» (2014) і «Мова “Нашай Нівы”. Сінтаксіс» (рукапіс).
Валянціна Пятроўна з’яўлялася старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, прымала актыўны ўдзел у дзейнасці Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і Тапанімічнай камісіі па найменаванні і перайменаванні вуліц пры Мінскім гарадскім савеце.
В.П. Лемцюгова ўнесла значны ўклад у падрыхтоўку навуковых кадраў Рэспублікі Беларусь, выхавала цэлую генерацыю кваліфікаваных моваведаў і спецыялістаў у галіне анамастыкі. Яе вучні сёння працуюць ў вядучых навучальных установах практычна ў кожным абласным горадзе рэспублікі.
Валянціна Пятроўна Лемцюгова – чалавек, бязмежна ўлюбёны ў сваю прафесію, беззапаветна адданы айчыннай мовазнаўчай навуцы і справе нацыянальнага адраджэння. Яна ўмела ў кожным чалавеку, незалежна ад яго прафесійнага занятку, абудзіць цікавасць да роднага слова, сваім прыкладам натхніць на творчы пошук...
Невымерная страта для беларускай нацыянальнай навукі і культуры, для ўсіх людзей, хто ведаў, працаваў і сябраваў з Валянцінай Пятроўнай –глыбокiм, удумлiвым i прынцыповым вучоным, добразычлівым, спагадлівым і шчырым чалавекам...
Супрацоўнікі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі