21 верасня 2021 г. на базе УА «Мінскі гарадскі палац дзяцей і моладзі» прайшоў навучальны семінар «Першыя крокі ў даследчай дзейнасці» для вучняў 8–11 класаў, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў XLI гарадской канферэнцыі навучэнцаў у 2021/2022 навучальным годзе.
Работа семінара накіравана на рашэнне пытанняў якаснай падрыхтоўкі праектаў і арганізацыі даследчых работ. Па навучальных прадметах «Беларуская мова» (секцыя «Лінгвістыка») і «Беларуская літаратура» (секцыя «Літаратуразнаўства») семінар правяла навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа А.А. Марозава.
Гэтыя вераснёўскія сустрэчы ўжо сталі традыцыйнымі. Арганізатары штогод запрашаюць спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук для правядзення семінара з удзелам вучняў і іх настаўнікаў, кіраўнікоў будучых навуковых работ. Вучоныя-мовазнаўцы заўсёды з прыемнасцю пагаджаюцца, паколькі сустрэчы адбываюцца ў рамках дзейнасці «Школы юнага лінгвіста». Па-першае, яны ўмацоўваюць фундамент супрацоўніцтва паміж сярэдняй школай і навуковай арганізацыяй, робяць магчымым непасрэднае судакрананне вынікаў фундаментальных даследаванняў і патрэб жывой моўнай практыкі. Па-другое, нараджаюць перспектывы далейшага развіцця мовазнаўчай навукі, далучэння да яе маладога пакалення, якое, хочацца верыць, скажа сваё новае слова.
А пакуль школьнікі толькі вучацца, семінар дапамагае ім знайсці адказы на важныя для кожнага, хто ўпершыню бярэцца за навуковую справу, пытанні: што даследаваць, як дасягнуць у рабоце дастатковага даследчага навуковага ўзроўню, як будаваць даследаванне, з чаго пачынаць, як правільна сфармуляваць мэту і задачы навуковай працы, якімі метадамі карыстацца, якія патрабаванні неабходна ўлічваць і выконваць, як паспяхова абараніць сваю работу на конкурсе і многія іншыя.