29–30 красавіка 2019 года супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Таццяна Аліферчык (сектар этналінгвістыкі і фальклору) і Вадзім Шклярык (аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі) выступілі членамі журы другога тура рэспубліканскага этапу конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў ва ўзросце 13–17 гадоў з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Рэспубліканскі конкурс праводзіўся Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь з мэтай развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага фактара павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў у рамках рэалізацыі рэспубліканскай праграмы мерапрыемстваў па правядзенні ў Рэспубліцы Беларусь 2018–2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы.
Другі тур рэспубліканскага этапу конкурсу прайшоў на базе УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства» ў форме навукова-практычнай канферэнцыі, у ходзе якой навучэнцы абаранялі свае навуковыя праекты, чытаючы даклады, дэманструючы прэзентацыі і адказваючы на пытанні. Адбор работ для ўдзелу ў конкурсе праводзіўся па трох намінацыях: «Гісторыя роднага краю», «Культурная спадчына» і «Геаграфічнае краязнаўства». Пытанні тапанімікі, да якіх запрошаныя супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі маюць прафесійную цікавасць, закраналіся ў працах, прадстаўленых у першай намінацыі. Усяго падчас другога тура рэспубліканскага этапу конкурсу было прэзентавана каля дзесяці даследаванняў, прысвечаных тапонімам родных для навучэнцаў мясцін. Прыемна адзначыць, што аўтары чатырох такіх праектаў сталі ў выніку пераможцамі.
Дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны:
- Дземянчук Ганна, навучэнка ДУА «Сярэдняя школа № 9 г. Жодзіна» Мінскай вобласці (кіраўнік Сакаловіч Святлана Уладзіміраўна) за работу «Афіцыйныя і неафіцыйныя назвы вуліц горада Жодзіна»;
- Жыгалка Арцём, навучэнец ДУА «Сярэдняя школа № 1 імя В. Ф. Купрэвіча г. Смалявічы» Мінскай вобласці (кіраўнік Хамлюк Святлана Аркадзьеўна) за работу «Реконструкция ландшафта города Смолевичи и его окрестностей через топонимы края»;
- Панчык Аліна, навучэнка ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка» Мінскай вобласці (кіраўнік Енікава Валянціна Фёдараўна) за работу «Группировка топонимов Слуцкого района».
Дыпломам III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны:
- Папоў Мікалай, навучэнец ДУА «Мірская сярэдняя школа» Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці (кіраўнік Шуцьева Жанна Сцяпанаўна) за работу «Этналінгвістычны аналіз тапанімічнага поля вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна».
Фотаздымкі зроблены
аддзелам краязнаўства і патрыятычнага выхавання
УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства»