Па ініцытыве пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь і Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа была праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя”. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Жаклін Перкінс, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандр Каваленя, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Варанецкі, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі пры Адміністрацыі Прэзідэнта Віктар Шаршун, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга Зелянко, першы сакратар Упраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Павел Слюнькін, прафесар Кембрыджскага ўніверсітэта Колін Уільямс, прафесар Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права Яраслаў Крывой, прадстаўнікі навуковай грамадскасці, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.
Адкрыў канферэнцыю дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, які расказаў аб праблемах захавання моўнай разнастайнасці ў свеце і ролі нацыянальнай мовы ў развіцці грамадства. І.Л. Капылоў адзначыў, што амаль палова моў свету, па даных ЮНЕСКА, знаходзіцца пад пагрозай знікнення. У сваім выступленні дырэктар Інстытута акцэнтаваў увагу на ролі беларускай мовы як неад’емнага атрыбута незалежнасці краіны, фактара кансалідацыі нацыі і гаранта гуманітарнай бяспекі, што знайшло адлюстраванне ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі краіны. Асобна Ігар Лявонавіч спыніўся на дзейнасці Інстытута мовазнаўства: расказаў пра комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне беларускай мовы, павышэнне яе грамадскага прэстыжу і папулярызацыю як базавай каштоўнасці нацыі. Адзначыў, што важнай задачай на перспектыву застаецца стварэнне ўмоў для парытэтнага функцыянавання беларускай і рускай моў ва ўсіх афіцыйных сферах, што цалкам адпавядае прынцыпам дзяржаўнага білінгвізму. Для нас надзвычай важны міжнародны вопыт, асабліва тых краін, дзе існуе неклькі моў – Швейцарыя, Канада, Бельгія, Люксембург, Фінляндыя, Вялікабрытанія і інш.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Андрэй Іванец, які ў сваім выступленні акцэнтаваў увагу на актуальнасці праблемы дзяржаўнага двухмоўя ў сацыяльным развіцці грамадстваў Беларусі і Вялікабрытаніі. Андрэй Іванавіч адзначыў важнасць работы НАН Беларусі па пашырэнні і падтрымцы беларускай мовы і нацыянальнай культуры і ўказаў на неабходнасць пашырэння кантактаў з даследчыкамі іншых краін па пытаннях вывучэння моўнай сітуацыі. “У гэтым кантэксце вопыт Вялікабрытаніі і меркаванні брытанскіх вучоных, – па словах Андрэя Іванца, – з’яўляюцца для нас новымі і цікавымі як у агульнатэарэтычным, так і ў практычным аспектах, што несумненна, паслужыць далейшаму развіццю дзяржаўнага двухмоўя і навуковых даследаванняў гэтых працэсаў у НАН Беларусі, а таксама збліжэнню нашых народаў і культур”.
Удзельнікаў канферэнцыі прывітала Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Жаклін Перкінс. Спадарыня пасол паведаміла, што яна нарадзілася ў Карнуоле, дзе некалі была свая мова, апошняя носьбітка якой памерла дзвесце гадоў таму, але мова адрадзілася і ёсць людзі, якія на ёй размаўляюць. Разам з тым цяжка ўявіць, што корнская мова стане паўсядзённай. Лёс корнскай мовы не ўнікальны. У свеце налічваецца каля 7000 моў і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Жаклін Перкінс была прыемна ўражана працай НАН Беларусі па вывучэнні беларускай мовы. Яна адзначыла, што мова – не проста сродак камунікацыі, яна адлюстроўвае жыццё грамадства і людзей, якія на ёй размаўляюць, дае адчуванне ідэнтычнасці. Веданне дзвюх і больш моў дае вялікую перавагу ў разумовым развіцці. Спадарыня пасол высока ацаніла намаганні па падтрымцы выкарыстання беларускай мовы, а таксама работу тых асобам і арганізацый, якія пачалі выкарыстоўваць і выкладаць беларускую мову сёння. Жаклін Перкінс адзначыла: “Білінгвізм – гэта не проста прыгожая рэч, а ён сапраўды важны, таму Брытанская амбасада мае задавальненне і гонар падтрымліваць гэтую канферэнцыю. Спадзяюся, што абмен вопытам паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю прынясе новыя ідэі і паслужыць на карысць абедзвюм краінам”.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віктар Шаршун у сваім прывітальным слове засяродзіў увагу на важнасці стварэння і развіцця тэрміналагічнага рэсурсу ў заканадаўчай сферы.
Прафесар Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права Яраслаў Крывой расказаў пра дзейнасць Інстытута, скіраваную на параўнанне розных сістэм права ў розных краінах свету. Яраслаў Крывой адзначыў, што асноўная ідэя гэтай канферэнцыі – вывучэнне досведу Уэльса, які справядліва можна лічыць інавацыйным у плане захавання сваёй нацыянальнай мовы.
На пленарным пасяджэнні прагучалі два даклады. Прафесар Кембрыджскага і Кардыфскага ўніверсітэтаў Колін Уільямс выступіў з дакладам “Афіцыйнае двухмоўе ў Вялікабрытаніі”, у якім расказаў пра моўную разнастайнасць у Еўропе, стан рэгіянальных моў меншасцяў, а таксама моў імігранцкіх меншасцяў. Асобна спыніўся на статусе карэнных гэльскіх моў Вялікабрытаніі ў Паўночнай Ірландыі, Шатландыі і Уэльсе і ступені афіцыйнага двухмоўя. Прэзентацыя даклада ахоплівала прававыя, палітычныя і практычныя пытанні двухмоўя ва Уэльсе, адзінай афіцыйнай двухмоўнай тэрыторыі Вялікабрытаніі. Па словах дакладчыка, на сённяшні дзень на валійскай мове гавораць 620 000 чалавек з трохмільённага насельніцтва Уэльса. У дакладзе былі таксама разгледжаны асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца прыхільнікі ўзмацнення двухмоўнага характару нацыі: пашырэнне асартыменту і павышэнне якасці двухмоўнай адукацыі, забеспячэнне гарантаваных законам моўных правоў у шырокім шэрагу арганізацый дзяржаўнага сектара. Ці будуць гэтыя паслугі рэалізаваны ў поўнай меры залежыць ад праграм навучання і павышэння ўзроўню інфармаванасці, нарошчвання патэнцыялу і, вядома, адносін і паводзін карыстальнікаў валійскай мовы. Колін Уільямс расказаў пра новыя перспектыўныя напрамкі развіцця моўнай палітыкі і сацыяльнага ўзаемадзеяння, звязаныя з інтэграцыяй імігрантаў і з’яўленнем новых носьбітаў валійскай мовы. Прафесар пазнаёміў прысутных з вынікамі інтэрв'ю, якія ён правёў з высокапастаўленымі дзяржаўнымі служачымі ў Каталоніі, Краіне Баскаў, Ірландыі, Фінляндыі, Вялікабрытаніі і Канады. Была зроблена выснова, што існуе неабходнасць у распрацоўцы па-сапраўднаму цэласнай палітыкі моўнага адраджэння. Прафесар Уільямс крытычна прааналізаваў практычныя праграмы па рэалізацыі амбіцыйнай стратэгічнай ініцыятывы Нацыянальнай асамблеі Уэльса “Мільён носьбітаў валійскай мовы да 2050 года”.
Даклад акадэміка Аляксандра Лукашанца быў прысвечаны аналізу шляхоў гарманізацыі моўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь. У сваім выступленні А.А. Лукашанаец вызначыў тып моўнай сітуацыі ў нашай краіне як экзаэндагеннае незбалансаванае блізкароднаснае дзяржаўнае двухмоўе, ускладненае мовамі нацыянальных меншасцей, нацыянальных дыяспар і пашырэннем прысутнасці сусветных моў (англійскай і кітайскай). У сваім выступленні А.А. Лукашанец звярнуў увагу на месца беларускай мовы ў агульнай камунікатыўнай прасторы, апісаў умовы функцыянавання беларускай мовы ў сітуацыі двухмоўя (лінгвістычныя, прававыя, ментальна-псіхалагічныя), звярнуў увагу на канструктыўныя і дэструктыўныя фактары функцыянавання беларускай мовы, акрэсліў сутнасць і прынцыпы дзяржаўнага двухмоўя, вызначыў першачарговыя задачы гарманізацыі моўнай сферы Рэспублікі Беларусь
На канферэнцыі працавалі тры тэматычныя панэлі. На першай тэматычнай панэлі “Раўнапраўнае функцыянаванне дзяржаўных моў як фактар гарманічнага развіцця грамадства” выступіла прафесар БДУ Ганна Кулеш, якая расказала пра актуальныя задачы лінгвістычнага забеспячэння парытэту беларускай і рускай моў у юрыдычнай сферы. Намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга Зелянко выступіла з дакладам аб навукова-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ў аспекце рэалізацыі дзяржаўнага двухмоўя. Старшыня грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім сваё выступленне прысвяціла дзейнасці грамадскіх арганізацый па забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму.
На другой тэматычнай панэлі “Юрыдычныя гарантыі забеспячэння дзяржаўнага двухмоўя” выступіў намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Віктар Шаршун, які расказаў аб тэрміналагічных рэсурсах, якія фарміруюцца на базе Цэнтра: інфармацыйна-пошукавая сістэма “ЭТАЛОН-ONLINE” і шматмоўны слоўнік юрыдычнай тэрміналогіі. Прафесар Акадэміі МУС Валянціна Мароз разгледзела правазнаўчы аспект функцыянавання дзвюх дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь. Дацэнт юрыдычнага факультэта БДУ Вадзім Самарын расказаў аб тым, як прадстаўлены білінгвізм на прыкладзе Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, а таксама падзяліўся цікавай інфармацыяй аб практыцы рэалізацыі дзяржаўнага двухмоўя у Ірландыі, Фінляндыі, Мальце, Люксембургу, сталіцы Бельгіі – Бруселі.
Трэцяя тэматычная панэль была прысвечана пытанням практычнай рэалізацыі дзяржаўнага двухмоўя. Дацэнт кафедры міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права БДУ Аляксандр Данілевіч падзяліўся ўласным вопытам выкарыстання беларускай мовы ў сваёй выкладчыцкай дзейнасці і адвакацкакй практыцы. Загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі зрабіў даклад на тэму “Выкарыстанне сістэм машыннага перакладу і сістэмы сінтэзу маўлення для забеспячэння даступнасці кодэксаў Рэспублікі Беларусь для людзей з інфваліднасцю па зроку”. Завяршылася работа панэлі выступленнем намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Алеся Сушы аб праблемах захавання і пашырэння нацыянальнай мовы.
Канферэнцыя прайшла ў дзелавой і канструктыўнай атмасферы. Удзел прадстаўнікоў розных сфер грамадскага жыцця, а таксама вучоных з Вялікабрытаніі аказаўся надзвычай карысны. Несумненна, што вынікі дыскусіі знойдуць прымяненне ў дзейнасці па ўвасабленні ў жыццё парытэтнага функцыянавання беларускай і рускай моў.