28 сакавіка адбылася сустрэча першага намесніка дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літатуры НАН Беларусі А.А. Лукашанца і дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылова з прадстаўнікамі Эстонскага літаратурнага музея – Марэ Кыйвэ (загадчык аддзялення фалькларыстыкі, дырэктар Цэнтра эстонскіх перадавых даследаванняў, доктар філасофіі), Пірэт Воолад, (старшы навуковы супрацоўнік аддзялення фалькларыстыкі, доктар філасофіі), Андрэс Купер'янаў (навуковы супрацоўнік аддзялення фалькларыстыкі, магістр філасофіі).
Сустрэча адбылася ў межах міжнароднага навукова-даследчага беларуска-эстонскага праекта, у якім удзельнічаюць у тым ліку супрацоўнікі сектара этналінгвістыкі і фальклору Інстытута.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны вынікі міжнародных навуковых беларуска-эстонскіх мерапрыемстваў, а таксама перспектывы навуковага супрацоўніцтва беларускіх і эстонскіх вучоных-мовазнаўцаў у галіне этналінгвістыкі, дыялекталогіі, а таксама картаграфавання.
З 2015 г. у межах заключанага дагавора аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Эстонскім літаратурным музеем праведзены сумесныя навуковыя мерапрыемствы, апублікаваны зборнікі навуковых прац беларускіх і эстонскіх вучоных, ажыццёўлены ўзаемны ўдзел у канферэнцыях, семінарах, экспедыцыях. Акрамя гэтага, у перыяд з 2015 па 2018 г. у межах міжнароднага праекта пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Эстоніі навуковыя супрацоўнікі сектара этналінгвістыкі і фальклору Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа мелі магчымасць праходзіць навуковыя стажыроўкі і працаваць у фальклорным архіве Эстонскага літаратурнага музея.