СВЯТА РОДНАЙ МОВЫ Ў КУПАЛАЎСКАЙ БІБЛІЯТЭЦЫ

23 лютага 2022 г. вучоныя Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) Наталля Вікенцьеўна Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы, і Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы, прынялі ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы горада Мінска.

На мерапрыемстве прысутнічалі чытачы бібліятэкі – наведвальнікі клуба “Спадчына”, вучні 11 класа СШ № 27 горада Мінска і іх настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Зянонаўна Грышко, супрацоўнікі бібліятэкі.

Вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання Ірына Георгіеўна Звонава нагадала прысутным пра Міжнародны дзень роднай мовы, працытавала запамінальныя і пранікнёныя радкі класікаў беларускай літаратуры пра родную мову, яе ролю ў грамадстве і жыцці кожнага чалавека. Таксама яна расказала пра выданні, прадстаўленыя на арганізаванай кніжнай выставе “Нашы сябры слоўнікі”, у тым ліку і пра “Гістарычны слоўнік беларускай мовы”, што было вельмі прыемна аўтару гэтых радкоў, падкрэсліла ролю лексікаграфічных крыніц у авалодванні нормамі роднай мовы.

Наталля Вікенцьеўна Паляшчук выступіла з навукова-папулярнай лекцыяй “Праект стагоддзя айчыннай гуманітарыстыкі: «Гістарычны слоўнік беларускай мовы»”, падчас якой адзначыла прызначэнне такога тыпу лексікаграфічных даведнікаў і асаблівасці працы над імі, расказала пра падрыхтоўку “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” ў 37 выпусках, стварэнне яго картатэкі, назвала старабеларускія рукапісныя і друкаваныя тэксты (урыўкі з некаторых былі прадэманстраваны), якія паслужылі крыніцай матэрыялу для лексікаграфавання, пазнаёміла са структурай слоўнікавых артыкулаў, патлумачыла асноўныя прыёмы раскрыцця значэння слоў. Яна скіравала ўвагу ўдзельнікаў мерапрыемства на сацыяльную і практычную значнасць гэтага шматтомнага выдання, магчымасці яго выкарыстання асобамі без спецыяльнай гісторыка-лінгвістычнай падрыхтоўкі, у тым ліку настаўнікамі і вучнямі сярэдніх школ (напрыклад, на ўроках і факультатыўных занятках па беларускай мове, літаратуры, гісторыі, пры падрыхтоўцы да алімпіяд, віктарын, конкурсаў, распрацоўцы квэстаў, інтэлектуальных гульняў, выхаваўчых мерапрыемстваў, пры чытанні твораў на гістарычную тэматыку, пры напісанні навукова-даследчых прац, дакладаў на вучнёўскія канферэнцыі  і інш.).

Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка дапоўніла выступленне калегі ўспамінамі пра супрацоўнікаў аддзела гісторыі беларускай мовы, якія пачыналі працу над гістарычным слоўнікам, расказала пра цяжкасці пры расчытванні даўніх тэкстаў, асабліва напісаных скорапісам, пра запатрабаванасць выпускаў слоўніка і яго картатэкі вучонымі-гуманітарыямі.

Пасля выступлення Наталля Вікенцьеўна і Эльвіра Валер’еўна адказалі на пытанні прысутных (у тым ліку і пра любімыя словы старабеларускай мовы), прэзентавалі тэмы будучых сустрэч супрацоўнікаў аддзела гісторыі беларускай мовы з наведвальнікамі Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы горада Мінска.

 

Н.В. Паляшчук

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы