26 лістапада ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры адбылася сустрэча кіраўніцтва Цэнтра і кіраўнікоў яго структурных падраздзяленняў з удзельнікам III Форума вучоных дзяржаў-удзельнікаў СНД дацэнтам факультэта філалогіі Кыргызскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ж. Баласагына Жаныбаевай Майрамкуль Абыкееўнай.
Сустрэча складалася з некалькіх частак. Напачатку шаноўную госцю віталі харысты акадэмічнай капэлы пад кіраўніцтвам Г. П. Цмыг, якія выканалі некалькі беларускіх лірычных песень і тым самым стварылі непаўторную атмасферу душэўнасці і камфорту.
Выступаюць прадстаўнікі акадэмічнай капэлы
Пра асаблівасці функцыянавання Цэнтра як комплекснай навуковай установы, гісторыю яго стварэння, планы і навуковыя здабыткі расказаў прысутным дырэктар навукова-даследчай установы акадэмік А. І. Лакотка.
З канкрэтнымі вынікамі працы філіялаў Цэнтра, а таксама даследчымі планамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы М.А. Жаныбаева пазнаёмлася ў гасціннай атмасферы пры сустрэчы з дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і загадчыкамі аддзелаў двух інстытутаў. Гэта знаёмства і стала наступнай часткай навуковай імпрэзы.
І.Л. Капылоў расказаў пра дзейнасць Інстытута мовазнаўства, а затым кожны з прысутных на сустрэчы загадчыкаў аддзелаў сцісла распавёў, чым займаецца іх структурнае падраздзяленне, што зроблена яго супрацоўнікамі і над чым працуюць навуковыя калектывы зараз.
У час сустрэчы з загадчыкамі аддзелаў Інстытута мовазнаўства і Інстытута літаратуразнаўства
Вельмі ўзрушаная цеплынёй, дружалюбствам, якія панавалі на сустрэчы, уражаная вынікамі працы, Майрамкуль Абыкееўна ў сваім выступленні выказала надзею, што гэта яе першае знаёмства з навукоўцамі Цэнтра стане трывалым падмуркам для ўамацавання разнастайных навуковых сувязей паміж гуманітарнымі ўстановамі Кыргызстана і Беларусі, паслужыць распрацоўцы сумесных акадэмічных навукова-інавацыйных праектаў.
У якасці адметнай навукова-інфармацыйнай і пазнаваўчай часткі аб наведванні Беларусі госці прапанавалі экскурсію ў Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі.
В. М. Курцова