Адбылася службовая камандзіроўка выканаўцаў сумеснага праекта “Даследаванне семантычнай матывацыі ў беларускай і польскай мовах у дыяхранічным дыяпазоне”

З 16 па 25 верасня 2018 г. у рамках безвалютнага абмену паміж Польскай акадэміяй навук і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі адбылася службовая камандзіроўка выканаўцаў сумеснага праекта “Даследаванне семантычнай матывацыі ў беларускай і польскай мовах у дыяхранічным дыяпазоне” – вядучага навуковага супрацоўніка аддзела славістыкі і тэорыі мовы “Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Антропава М.П. і старшага навуковага супрацоўніка названага аддзела Герасімовіч В.В.– у Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук. Прадметам асаблівай увагі праекта з’яўляецца вывучэнне семантычнай матывацыі, вызначэнне матывацыйных паралеляў, якія паўсталі ў выніку развіцця агульнай праславянскай спадчыны ці ўзніклі незалежна адзін ад аднаго ў сувязі з намінатыўнымі працэсамі тыпалагічнага характару ў кожнай з абраных моў; распрацоўка матэрыялу праводзіцца ў дыяхранічным плане на аснове этымалагічных дадзеных, якія адносяцца да даследавання лексічных адзінак.

Падчас візіту вялася праца ў рамках тэмы ў аддзеле “Słownika prasłowiańskiego” (г. Кракаў), апрацоўваліся матэрыялы картатэкі Праславянскага слоўніка, праводзіліся кансультацыі з супрацоўнікамі аддзела прафесарам М. Якубовіч і асістэнтам Ш. Погвіздам і сумесныя пасяджэнні ўдзельнікаў праекта, абмяркоўваўся план супрацоўніцтва на 2019 г. Акрамя таго, даследчыкамі вывучалася недаступная ў Беларусі найноўшая навуковая славістычная літаратура ў бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы