
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў прыняў удзел у раённай канферэнцыі вучэбна-даследчых работ “Родны край у люстэрку навукі”, якая праходзіла на базе Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Арганізатарам канферэнцыі выступіў аддзел па адукацыі раёна. І.Л. Капылоў выступіў у якасці навуковага эксперта на секцыі ”Беларуская мова. Беларуская літаратура. Руская мова. Руская літаратура”, “Этнаграфія”. Вучнёўскія работы вызначаліся разнастайнасцю: інтэрнэт-камунікацыі па-беларуску, помнікі літаратурным героям, ручнікі як родавыя абярэгі, асаблівасці ўжывання жарганізмаў навучэнцамі, з гісторыі касцюма і інш. Усе прадстаўленыя на канферэнцыі работы скіраваны на выхаванне патрыятызму, павагі да роднай мовы, веданне гісторыі і культуры малой радзімы.


Падчас канферэнцыі І.Л. Капылоў уручыў Грамату Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі настаўніку ДУА “Амбрасавіцкая базавая школа Шумілінскага раёна” Пушновай Алене Міхайлаўне за захаванне і перадачу культурных традыцый беларускага народа. Дырэктар Інстытута мовазнаўства таксама перадаў начальніку аддзела па адукацыі Шумілінскага раёна Талстой Аксане Генадзьеўне для выкарыстання ў вучэбным працэсе “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак”.






