Ці перакладуць на беларускую мову Кодэкс аб адукацыі?

Цікавы факт: у 20-я гады мінулага стагоддзя, пасля ўтварэння СССР, выданне законаў на беларускай мове распачалося ў Маскве на два гады раней, чым у Мінску. Паводле першай Канстытуцыі СССР, дэкрэты і пастановы найвышэйшых дзяржаўных устаноў павінны былі друкавацца на шасці мовах: рускай, украінскай, беларускай, грузінскай, армянскай і цюрка-татарскай. І хоць законы не ствараліся па-беларуску, а перакладаліся з рускай мовы, гэта ўсё роўна было сур'ёзным крокам наперад, бо пачала стварацца юрыдычная тэрміналогія па-беларуску.

Амаль праз стагоддзе з дваццаці шасці кодэксаў Рэспублікі Беларусь, тэксты якіх прадстаўлены сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, па-беларуску надрукаваны толькі Кодэкс аб культуры. Чаму беларуская мова знікла са сферы заканадаўства і як рэалізуецца на практыцы дзяржаўнае двухмоўе, абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Да ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаны прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, вядучыя вучоныя, педагагічныя работнікі і аматары роднага слова.


Аўтар манаграфіі «Мова беларускага заканадаўства ХХ стагоддзя: генезіс і эвалюцыя», дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы філфака БДУ, кандыдат філалагічных навук Ганна КУЛЕШ займаецца вывучэннем гэтай тэмы больш як 20 гадоў.

«Нягледзячы на тое, што ў грамадстве жыве стэрэатып, быццам бы беларуская мова ў заканадаўстве не ўжываецца, хачу заявіць, што ўсе кодэксы, якія прымаліся ў нашай краіне да другой паловы 90-х гадоў ХХ стагоддзя, выдаваліся па-беларуску, — падкрэслівае навуковец. — Мова заканадаўства развівалася ў тым ліку і таму, што да 2012 года ўсе законы і дапаўненні да дзеючых законаў і кодэксаў перакладаліся і публікаваліся ў афіцыйным друкаваным органе Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу — газеце «Звязда». Але з 2012 года адзіным месцам афіцыйнага апублікавання ўсіх заканадаўчых актаў стаў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал».

— У функцыі нашага цэнтра ўваходзіць збор, апрацоўка, афіцыйнае апублікаванне і распаўсюджванне прававой інфармацыі. Згодна з артыкулам 63 Закона аб нарматыўных прававых актах, іх афіцыйнае апублікаванне адбываецца на той мове, на якой яны былі прынятыя, — тлумачыць сітуацыю начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкіх работ Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Наталля СУДЗІЛОЎСКАЯ. — Закон павінен прымацца адначасова і на рускай, і на беларускай мовах, толькі тады беларускі варыянт можна лічыць афіцыйным перакладам. Кодэкс аб культуры прымаўся на беларускай мове, таму на ёй і апублікаваны.

Дзеючая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі апублікаваная толькі на рускай мове. Праект новай рэдакцыі кодэкса, які плануецца ўнесці ў парламент да 1 ліпеня, таксама ствараўся на рускай мове.

Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена АНІСІМ прапанавала стварыць рабочую групу для перакладу Кодэкса аб адукацыі на беларускую мову: час да ўнясення законапраекта ў парламент яшчэ ёсць. Яна паведаміла, што ўзнімала ў парламенце пытанне аб пашырэнні выкарыстання ў заканатворчай дзейнасці беларускай мовы. І атрымала адказ з Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, у якім сказана, што разгляд і прыняцце законапраектаў адразу на дзвюх дзяржаўных мовах пацягне істотнае ўскладненне заканадаўчай працэдуры, павелічэнне часу разгляду законапраектаў. Аптымальным варыянтам вырашэння гэтага пытання ў камісіі бачаць кардынальнае павелічэнне колькасці законапраектаў, якія ўносяцца і разглядаюцца ў Палаце прадстаўнікоў на беларускай мове. У прыватнасці, выключна на беларускай мове маглі б прымацца законы, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы адукацыі, навукі, культуры, нацыянальныя адносіны, а таксама законы, якія тычацца пытанняў правоў чалавека, сям'і і моладзі, дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі і г. д.»

Ва ўмовах білінгвізму

— Сутнасць дзяржаўнага двухмоўя заключаецца ў наступным: кожны грамадзянін краіны мае права карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай і атрымліваць любую інфармацыю — прававую, культурную і паўсядзённую — на любой дзяржаўнай мове, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ. — Другі асноўны прынцып — дзяржава праз свае інстытуты і сваіх прадстаўнікоў павінна забяспечыць кожнаму грамадзяніну рэальнае права карыстацца любой з дзяржаўных моў.

Калі мы будзем падыходзіць да прававой сферы дзейнасці менавіта з такіх моўных пазіцый, то ўсе законы, заканадаўчыя акты, указы Прэзідэнта павінны распрацоўвацца, абмяркоўвацца і зацвярджацца на дзвюх дзяржаўных мовах. Тады абодва варыянты будуць мець юрыдычную сілу.

— А ці многія з прысутных ведаюць, чаму ў Законе «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» першай згадваецца беларуская мова?— пацікавілася ва ўдзельнікаў круглага стала прафесар кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі МУС, доктар філалагічных навук, дацэнт Валянціна МАРОЗ. — У законе напісана, што «...дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы». У розных аўдыторыях звычайна даводзіцца чуць прыкладна такія адказы: маўляў, «літара «б» першая ў алфавіце» ці «таму што беларуская — наша родная мова». Насамрэч адказ на гэта пытанне ляжыць выключна ў прававой плоскасці. Дзяржаўны статус беларускай мове быў нададзены Законам «Аб мовах у Беларускай ССР», прынятым у студзені 1990 года. У 1994 годзе ў суверэннай Беларусі дзяржаўны статус беларускай мовы замацавалі ў Канстытуцыі. Па выніках жа рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў у нас устанавілася дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе (білінгвізм). Пытанне на рэферэндуме гучала так: «Ці згодныя вы, каб руская мова была далучана ў дзяржаўным статусе да беларускай?» Адказ быў станоўчым. Але паколькі менавіта руская мова была далучана ў дзяржаўным статусе да беларускай, гэты парадак вытрымліваецца цяпер і ў Канстытуцыі, і ў Законе «Аб мовах», куды былі ўнесены адпаведныя змяненні ў 1996 годзе.

Здаваць дзве мовы, а не выбіраць

На думку Аляксандра Лукашанца, трэба ствараць прэферэнцыі, у тым ліку і фінансавыя, для тых педагогаў, якія выкладаюць няпрофільныя дысцыпліны на беларускай мове. Гэта сусветная практыка, калі падтрымліваюць спецыялістаў у галіне менавіта той мовы, якая вымагае грамадскай падтрымкі. Можна паглядзець на вопыт Канады ці Фінляндыі. Да таго ж выпускнікі павінны здаваць экзамен за курс сярэдняй школы па дзвюх мовах: беларускай і рускай, а не выбіраць паміж імі. Тое ж датычыцца і абітурыентаў, якія здаюць дзяржаўную мову пры паступленні ў ВНУ...

Дарэчы, магчымасць выбару адной з дзяржаўных моў прывяла да таго, што беларускую мову здавалі ў апошнія гады толькі 15—20% ад агульнай колькасці абітурыентаў.

— Для беларускамоўных сем'яў вялікая праблема — забяспечыць свайму дзіцяці бесперапыннае навучанне на беларускай мове ад дзіцячага садка да ўстановы, дзе маладыя людзі атрымліваюць прафесію, — падкрэслівае Алена Анісім. — Трэба, каб у кожным раённым і абласным цэнтры дзейнічала хоць бы адна ўстанова з беларускай мовай навучання.

Галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына БУЛАЎКІНА запэўнівае: усё часцей ва ўстановах адукацыі сталі адкрывацца класы з беларускай мовай навучання для аднаго, двух, трох вучняў. І заснавальнікаў устаноў адукацыі — аддзелы адукацыі, спорту і турызму — міністэрства арыентуе на правядзенне гутарак з бацькамі будучых першакласнікаў, каб тыя выбіралі беларускую мову як прыярытэтную. На папулярызацыю мовы скіраваны правядзенне ў школах Тыдня роднай мовы, а ў дзіцячых садках — рэгулярных дзён беларускай мовы, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, наведванне літаратурных музеяў.

Але, напрыклад, бацькі ставяць пад сумненне эфектыўнасць выкладання ў пачатковай школе беларускай мовы. Ёсць меркаванне, што яна выкладаецца як замежная (усё з рускай мовы перакладаецца на беларускую), таму і стаўленне да яе ў дзяцей адпаведнае. У дзіцячых садках выхавальнікі не валодаюць беларускай мовай, таму дні роднай мовы ператвараюцца ў фармальнасць. А ў пачатковай школе на рускую мову адводзіцца больш гадзін...

— Пачынаючы з гэтага навучальнага года ў 2-м класе на вывучэнне беларускай і рускай моў выдзяляецца аднолькавая колькасць гадзін (незалежна ад мовы навучання ва ўстанове). На наступны год аднолькавая колькасць гадзін будзе ў трэцім, а праз год — і ў чацвёртым класах, — паведаміла ўдзельнікам круглага стала Ірына Булаўкіна. Такім чынам пачатковая школа паступова прыйдзе да аднолькавай колькасці гадзін па беларускай і рускай мовах. Толькі ў першым класе мы вырашылі пакінуць усё па-ранейшаму, бо там дзеткі толькі вучацца чытаць і пісаць...

Акрамя таго, вучні 10-х класаў сярэдніх школ могуць вывучаць беларускую мову і літаратуру на павышаным узроўні ў рамках профільнага навучання. У такіх класах раскладам прадугледжаны тры гадзіны на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў тыдзень.

Ірына Булаўкіна таксама паведаміла, што Міністэрствам адукацыі прынята рашэнне, што з наступнага навучальнага года ўсе інструкцыйна-метадычныя пісьмы па вучэбных прадметах будуць рыхтавацца для педагогаў на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Раней на беларускай мове рыхтаваліся толькі пісьмы для педагогаў пачатковай школы і настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

Мэта, дзеля якой варта жыць

Падчас круглага стала прагучала прапанова: для таго, каб забяспечыць выкладанне ўсіх прадметаў у школе на беларускай мове, трэба забяспечыць падрыхтоўку педагагічных кадраў з адпаведнай моўнай кампетэнцыяй. Ці хоць бы ствараць беларускамоўныя плыні і групы ў педагагічных універсітэтах і на педагагічных спецыяльнасцях.

А вось стварэнне ў Беларусі Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання — пакуль дыскусійная тэма.

— Міністр адукацыі Ігар Карпенка сказаў, што гэта пытанне патрабуе вывучэння. Мы сабралі з нашых універсітэтаў інфармацыю, каб атрымаць карціну наконт перспектыў пашырэння выкарыстання ў адукацыйным працэсе ў вышэйшай школе беларускай мовы і магчымасцяў выкладання на ёй, — праінфармаваў удзельнікаў круглага стала галоўны спецыяліст упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КУЛЬ. — Усе ВНУ запэўнілі, што ў студэнтаў першага курса абавязкова пытаюцца, на якой мове яны жадаюць навучацца, але большасць з іх выбіраюць рускую. Таму набраць групу з 20 студэнтаў для арганізацыі навучання на беларускай мове не атрымліваецца. На сённяшні дзень у 21 ВНУ пацвердзілі, што яны з некаторымі агаворкамі гатовы перайсці на выкладанне на беларускай мове, у першую чаргу, гуманітарных дысцыплін. Філасофію, гісторыю, псіхалогію можна лёгка ўспрымаць і на беларускай мове. З іншага боку, калі нашы выпускнікі едуць у Чэхію ці Польшчу, то за кароткі тэрмін яны асвойваюць там чужую мову, на якой збіраюцца атрымліваць вышэйшую адукацыю. А тут размова ідзе пра родную мову...

Выкажу ўласныя думкі: на мой погляд, патрабуецца нейкае палітычнае рашэнне, каб частка дысцыплін у нашых ВНУ выкладалася па-беларуску. А вось ці варта ствараць Нацыянальны ўніверсітэт, так бы мовіць, з нуля, ці нават на базе нейкай дзеючай ВНУ? Сёння паміж універсітэтамі ідзе жорсткая барацьба за абітурыентаў. Мне падаецца, што змагацца за Нацыянальны ўніверсітэт ёсць сэнс у чужой краіне, калі ты адносішся да нацыянальнай меншасці...

Аляксандр Лукашанец лічыць, што беларуская мова павінна перастаць быць фактарам канфрантацыі беларускага грамадства.

Наадварот, яна павінна стаць адным з сімвалаў яго яднання. З беларускай мовы павінны быць знятыя любыя ідэалагічныя і палітычныя ярлыкі. Прапагандай беларускай мовы павінны займацца людзі аўтарытэтныя і паважаныя. Беларуская мова павінна прапагандавацца на ўсіх узроўнях, у першую чаргу, у сферы навучання, у афіцыйнай дзяржаўнай дзейнасці і сродках масавай інфармацыі. І, можа, тады ў Дзень роднай мовы, калі прынята перш за ўсё згадваць мовы, якія знаходзяцца пад пагрозай заняпаду ці знікнення, мы будзем разважаць не пра беларускую мову, а пра мовы прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, што пражываюць у нашай краіне. Дзеля гэтай мэты варта і жыць, і працаваць...

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы