У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, адбыўся круглы стол “Мова ў адукацыі, навуцы, заканадаўстве”, арганізаваны па ініцыятыве Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа
У мерапрыемстве прынялі ўдзел акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі член-карэспандэнт НАН Беларусі Каваленя А.А., дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анісім А.М., дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэмік Лакотка А.І., акадэмік НАН Беларусі Рашэтнікаў У.М., галоўны спецыяліст упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Куль С.В., галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Булаўкіна І.У., вучоны сакратар Нацыянальнага інстытута адукацыі Зелянко В.У., начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкіх работ Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Судзілоўская Н.В., першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры член-карэспандэнт НАН Беларусі Лукашанец А.А., загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ прафесар Прыгодзіч М.Р., дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ, доктар філалагічных навук Кулеш Г.І., прафесар Акадэміі МУС, Мароз В.К., доктар філалагічных навук член-карэспандэнт НАН Беларусі Лаўшук С.С., загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Курцова В.М., а таксама навуковыя супрацоўнікі інстытута, выкладчыкі ВНУ Мінска, журналісты і літаратары. Пасяджэнне вёў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў І.Л.
Адкрываючы мерапрыемства, А.А. Каваленя адзначыў, што зараз Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа павінны ўзначаліць і каардынаваць працу не толькі па даследаванні, але і па пашырэнні і папулярызацыі мовы ў краіне. У інстытуце за многія гады яго існавання створаны фундамент, на якім ва ўсёй краіне ажыццяўляецца распрацоўка вучэбных дапаможнікаў і праграм для ўсіх узроўняў адукацыі, функцыянуе сістэма выкарыстання беларускай мовы ў розных галінах справаводства, пішуцца навуковыя працы па гісторыі, філасофіі, мастацтвазнаўству і іншых навуках, а ў цэлым па Аддзяленні гуманітарных навук і мастацтваў выдадзена 5058 навуковых прац. Сёння ў нашым грамадстве беларуская мова ў заканадаўчай, навуковай, педагагічнай практыцы ўспрымаецца не як нешта неардынарнае, а як заканамернае, арганічнае для нашага народа і нашай краіны.
“Нядаўна на Бюро Прэзідыума НАН Беларусі заслухоўвалася Канцэпцыя развіцця Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, – нагадаў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. – Гэтая Канцэпцыя была ўхвалена, і сённяшні круглы стол служыць адным з фактараў яе практычнай рэалізацыі”.
На міжнародны статус беларускай мовы звярнуў увагу дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік А.І. Лакотка. “На свеце няма непрыгожых моў. У час глабалізацыі, – адзначыў Аляксандр Іванавіч, – імкненне да захавання моўнай разнастайнасці абсалютна натуральнае. Таму ААН і прыняла рашэнне аб святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. Прыемна адзначыць, што з кожным днём беларуская мова выходзіць за межы краіны і набывае аўтарытэт. Усе, хто хоць праз бываў за мяжой, ведаюць, з якой цікавасцю слухаюць нас там, калі мы размаўляем па-беларуску. Гэта сведчанне таго, што беларуская мова мае вялікі эстэтычны патэнцыял і што яна выконвае свае камунікатыўныя функцыі як высакаразвітая літаратурная мова. А настрой і жаданне абмеркаваць актуальныя праблемы яе функцыянавання і развіцця ў нашай краіне падчас дзён роднай мовы – гэта актуальна, знакава і важна”.
Асаблівую ўвагу ўдзельнікі круглага стала надалі пытанню выкарыстання беларускай мовы ў заканадаўчай і справаводчай практыцы. Так, Г.І. Кулеш звярнула ўвагу на тое, што паўнавартасны ў лінгвістычных адносінах справодчы і заканадаўчы тэкст не можа быць складзены непісьменна з граматычнага пункту погляду. Але, на жаль, такія з’явы ёсць. Увогуле ж, заканадаўства сучаснага перыяду развіцця мовы з’явілася яшчэ ў 20-я гады ХХ ст. Нягледзячы. што ў нашым грамадстве замацавалася ўяўленне, што беларуская мова ў заканадаўстве не ўжываецца, усе кодэксы, што выйшлі ў ХХ ст., выдаваліся па-беларуску да другой паловы 90-х гадоў. Апошнім стаў Выбарчы кодэкс 2000-га года. “Зараз, – адзначыла даследчыца, – на беларускай мове існуе толькі Кодэкс аб культуры (бо тэксты публікуюцца на той мове, на якой яны былі прынятыя). Але нават і гэта сведчыць пра тое, што беларуская мова мае заканадаўчы патэнцыял. Праўда, юрысты скардзяцца, што яны не могуць выкарыстоўваць беларускую мову, бо для гэтага няма адпаведнай лінгвістычнай базы. Таму задача ў тым, каб стварыць нарматыўны слоўнік юрыдычнай тэрміналогіі. У сістэме “Эталон”, – працягнула свае меркаванні Г.І. Кулеш, – з’явіліся беларускамоўныя тэксты. Але гэта машынны пераклад. Параўнальна з арыгіналам, ён вельмі недакладны. Якасць тэкстаў не вытрымлівае крытыкі! Чакаць, што нехта паправіць памылкі, прыдзецца шмат часу. За гэтую работу трэба ўзяцца неадкладна,” – завяршыла спецыяліст.
В.М. Курцова прапанавала: “На дадзены момант было б вельмі карэктна і карысна не даваць у друк такія пераклады. Яны выклікаюць толькі агіду”. Аднак многія з удзельнікаў пасяджэння прапанавалі рэдагаваць і выпраўляць “машынны” пераклад, а не адмаўляцца ад яго зусім.
Пэўныя тлумачэнні па пытанні дала Н.В. Судзілоўская, адзначыўшы наступнае. Афіцыйнае апублікаванне ажыццяўляецца на той мове, на якой прававыя акты былі прынятыя. Згодна з дзеючым заканадаўствам, апублікаванне прававога акта на іншай мове дапускаецца толькі пры наяўнасці яго афцыйнага перакладу. Пераклад не будзе патрэбным тады, калі “закон прыняты самім парламентам на рускай і беларускай мовах”. З гэтым у пэўнай ступені пагадзілася і А.М. Анісім: “Асноўнае пытанне, што тэксты заканадаўчых актаў павінны мець аднолькавую прававую сілу. Для гэтага трэба рыхтаваць гэтыя акты на абедзвюх мовах, а таксама мець механізмы іх зацвярджэння, прыняцця. Таму, – мяркуе дэпутат, – трэба вызначыць час, з якога ўсе заканапраекты павінны паступаць на абедзвюх дзяржаўных мовах”.
Своеасаблівым рэзюмэ па дадзенай праблеме стала выступленне А.А. Лукашанца. Ён адзначыў, што да вырашэння гэтага пытання мы строга павінны падыходзіць з улікам палажэнняў Асноўнага закона Рэспублікі Беларусь і прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя. “Гэта азначае, па-першае, тое, што кожны грамадзянін мае права карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай. Кожны грамадзянін мае права атрымліваць жыццёва неабходную яму інфармацыю на любой дзяржаўнай мове. Па-другое, дзяржава праз свае інстытуты павінна забяспечыць кожнаму грамадзяніну вольнае права карыстацца любой дзяржаўнай мовай”.
Дыскусія разгарэлася вакол пытанняў пашырэння беларускай мовы ў адукацыйнай прасторы краіны, навукова-метадычнага забеспячэння школ і ВНУ, мэтазгоднасці стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, якасці падрыхтоўкі настаўнікаў-прадметнікаў, здольных выкладаць на беларускай мове.
С.В. Куль паведаміў прысутным, што ўсе ўніверсітэты задаюць першакурснікам пытанне, ці хочуць яны навучацца на беларускай мове. Аднак практыка паказвае, што атрымліваць вышэйшую адукацыю па-беларуску жадае меншасць студэнтаў, тады як 21 вышэйшая навучальная ўстанова можа забяспечыць паўнавартаснае атрыманне адукацыі цалкам на беларускай мове. Таму ў Міністэрстве адукацыі лічаць, што пачынаць трэба з планамернага пераходу на выкладанне ўсіх дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага цыклу на беларускай мове, не залежна ад таго, на якой мове ажыццяўляецца астатняе навучанне. Такі падыход супрацоўнік Міністэрства адукацыі лічыць канструктыўным.
І.У. Булаўкіна падрабязна распавяла аб дасягненнях і праблемах навучання на беларускай мове ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй адукацыі. У апошні час адкрываюцца класы з беларускай мовай навучання, прычым пачынаючы з 2-га класа вывучэнне беларускай і рускай моў будзе ажыццяўляцца ў роўнай колькасці гадзін.
Удзельнікі круглага стала выказалі шмат прапаноў і вырашылі сфармуляваць іх у выглядзе рэзалюцыі, падрыхтаваць якую даручана дырэкцыі інстытута. Асобныя праблемы выкарыстання беларускай мовы ў навуцы будуць разгледжаны на навукова-практычным семінары па беларускай мове для настаўнікаў фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, які пройдзе ў інстытуце 28 лютага 2017 г.