Развіццё слоўнікавага складу беларускай мовы ў XXI стагоддзі і праблемы падрыхтоўкі новага акадэмічнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва НАН Беларусі і вучоных-мовазнаўцаў

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў выступіў з навуковым аналітычным дакладам "Развіццё слоўнікавага складу беларускай мовы ў XXI стагоддзі і стварэнне новага фундаментальнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” на пасяджэнні Прэзідыума НАН Беларусі. У сваім выступленні ён адзначыў, што ў навейшы перыяд гісторыі ў беларускай мове адбыліся істотныя  якасныя і колькасныя трансфармацыі, характэрныя як для агульнай сістэмы нацыянальнай мовы, так і для яе асобных падсістэм, у першую чаргу, лексічнай, якая з’яўляецца найбольш успрымальнай да ўздзеяння знешніх фактараў і вылучаецца асаблівым дынамізмам. Кардынальныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні, якія адбыліся ў канцы XX – пачатку XXI стст., істотна паўплывалі на лексічныя працэсы, што дазваляе разглядаць гэты перыяд як своеасаблівы этап у развіцці беларускай мовы. Пашырэнне і інтэнсіфікацыя міжнародных кантактаў, актыўнае паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу, з’яўленне новых з’яў і рэалій паслужылі прычынай актыўнага папаўнення лексічнай сістэмы беларускай мовы запазычаннямі з заходнееўрапейскіх моў, у першую чаргу, з англійскай, якая ў канцы XX ст. стала мовай глабальнай камунікацыі. Тэматычна новыя запазычанні ахопліваюць практычна ўсе сферы сучаснага жыцця. Акрамя знешніх умоў, якія садзейнічаюць запазычанню, выдзяляюцца і ўнутрымоўныя фактары, што ўплываюць на гэты працэс.

Працэс запазычання лексічных адзінак з заходнееўрапейскіх моў у  беларускую мову ў сучаснай лінгвістычнай літаратуры вызначаецца як тэндэнцыя да інтэрнацыяналізацыі. Паралельна ў беларускай мове назіраецца тэндэнцыя адштурхоўвання ад лексікі, агульнай з рускай мовай, якая праяўляецца ў правядзенні своеасаблівай рэвізіі існуючых моўных сродкаў і замене намінатыўных адзінак, агульных з рускай мовай, словамі з іншых славянскіх моў або лексічнымі адзінкамі, якія раней знаходзіліся на перыферыі моўнай сістэмы –тэндэнцыя да нацыяналізацыі.

Сучасны перыяд развіцця беларускай мовы характарызуецца актыўным вяртаннем ва ўжытак ўстарэлых слоў (архаізмаў), што прывяло да суіснавання варыянтных лексічных сродкаў.

Да ліку актыўных працэсаў сучаснай беларускай мовы адносіцца і працэс неалагізацыі, які вядзе да з’яўлення інавацый на ўзроўні лексікі.

Такім чынам, лексічная сістэма беларускай мовы знаходзіцца пад уплывам дзвюх тэндэнцый: адна з іх адлюстроўвае імкненне да змен і ўдасканалення лексіка-семантычнай сістэмы, што выражаецца ў змене семантыкі намінатыўных адзінак, а другая адлюстроўвае патрэбу ва ўстойлівасці і стабільнасці, што выражаецца ў кансерватызме і нязменнасці лексічнага значэння.

Важная роля ў фіксацыі, сістэматызацыі лексічных рэсурсаў мовы і яе нармалізацыі адводзіцца новаму тлумачальнаму слоўніку беларускай мовы. Тлумачальны слоўнік павінен максімальна поўна ахопліваць агульнаўжывальную лексіку сучаснай літаратурнай мовы, устойлівыя выразы, спецыяльную лексіку, адлюстроўваць змены ў семантычнай структуры слова, змяшчаць інфармацыю аб асаблівасцях ужывання лексічных адзінак. Пры гэтым слоўнік павінен быць нарматыўны і арыентавацца на шырокія колы карыстальнікаў.

Канцэпцыя слоўніка прадугледжвае вырашэнне цэлага комплексу праблем, сярод іх першачарговымі з’яўляюцца: вызначэнне храналагічных межаў ахопу матэрыялу, фарміраванне крыніц слоўніка, выпрацоўка прынцыпаў адбору слоў і вызначэнне аб’ёму рэестра слоўніка, распрацоўка структуры слоўніка і слоўнікавага артыкула, устанаўленне неабходнага аб’ёму граматычнай інфармацыі аб слове і яго формах, распрацоўка сістэмы функцыянальна-стылістычных памет, вызначэнне асаблівасцей апісання лексічнага значэння слова, выяўленне і апісанне знешніх сувязей і адносін слова з іншымі словамі, паказ асаблівасцей ужывання слоў, падбор ілюстрацыйнага матэрыялу, устанаўленне ступені прадстаўленасці і спосабаў падачы фразеалагізмаў і спецыяльнай лексікі і інш. Кожная з праблем патрабуе індывідуальнага падыходу ў яе вырашэнні.

Пры распрацоўцы новага фундаментальнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы з аднаго боку неабходна захоўваць існуючыя лексікаграфічныя традыцыі, а з другога – паказаць узуальнае жыццё слова ва ўсёй яго паўнаце і дынаміцы за кошт пашырэння аб’ёму лінгвістычнай інфармацыі аб слове і рознабаковага яго апісання ў сістэмным, функцыянальным і нарматыўным аспектах. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” павінен стаць лексікаграфічным даведнікам новага пакалення, створаным з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і з улікам найноўшых патрабаванняў лексікаграфічнай тэорыі і практыкі, які дасць навуковае апісанне лексічнай сістэмы сучаснай беларускай мовы і паслужыць дадатковым доказам і паказчыкам лексічнага багацця адной з найстаражытнейшых славянскіх моў. Выхад у свет новага акадэмічнага фундаментальнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” павінен стаць важнай падзеяй у духоўным жыцці народа і чарговым доказам таго, што беларускі народ мае высокаразвітую еўрапейскую мову з надзвычай багатымі лексічнымі і фразеалагічнымі рэсурсамі і шырокаразгалінаванай сістэмай значэнняў.

З мэтай павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі новага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” і даследавання дынамікі лексічных працэсаў у сучаснай беларускай мове Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі  пастанавіў:

– да 2019 г. у рамках кластара “Міжнародная школа беларускай мовы і літаратуры” правесці шырокае абмеркаванне на мовазнаўчых кафедрах ВНУ краіны канцэпцыі новага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” і Інструкцыі па яго ўкладанні;

– на працягу 2018 г. арганізаваць навуковыя кансультацыі спецыялістаў Моўна-інфармацыйнага фонду НАН Украіны (акадэмік У.А.Шырокаў), Інстытута лінгвістычных даследаванняў РАН (член-карэспандэнт С.А.Мызнікаў) і навукова-практычныя семінары па абмене вопытам па стварэнні “Тлумачальнага слоўніка ўкраінскай мовы” і “Вялікага акадэмічнага слоўніка рускай мовы”;

– у 2019 г. забяспечыць аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” матэрыяльна-тэхнічнай базай (сервер, камп’ютары) для захавання і праграмнай апрацоўкі алічбаванай тэкставай інфармацыі для корпуса слоўніка;

– дырэктару Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылову падрыхтаваць і вынесці ў лістападзе 2018 г. на абмеркаванне Бюро Прэзідыума НАН Беларусі навуковую канцэпцыю “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”; размяшчаць на старонках газеты "Навука" і часопіса “Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук” матэрыялы, прысвечаныя праблемам даследавання лексічных працэсаў у беларускай мове і падрыхтоўцы новага фундаментальнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы;

– Рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству “Выдавецкі дом “Беларуская навука”  на працягу 2018 года перадаць філіялу “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” дзяржаўнай навуковай установы "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі" беларускамоўныя тэксты (Зборы твораў класікаў беларускай літаратуры, навуковыя манаграфіі, слоўнікі і інш.) з мэтай уключэння іх у корпус слоўніка.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы