26 мая на базе Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся круглы стол “Перспектывы развіцця беларускай этналінгвістыкі” з удзелам старшага выкладчыка філалагічнага факультэта БДУ Кахновіч Н.А. і студэнтаў 3 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія”.
На навуковай сустрэчы Аліферчык Т.М., загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы, і Боганева А.М., загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору, пазнаёмілі студэнтаў з асобнымі пытаннямі, якія распрацоўваюцца ў межах падрыхтоўкі “Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа”, – асаблівасцямі картаграфавання элементаў традыцыйнай культуры. Былыя выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ, а цяпер малодшыя навуковыя супрацоўнікі Буйко Ц.С. (сектар этналінгвістыкі і фальклору) і Леу В.А. (аддзел славістыкі і тэорыі мовы) выступілі з дакладамі, у якіх адлюстраваны асобныя аспекты этналінгвістыных даследаванняў, а таксама міждысцыплінарныя сувязі этналінгвістыкі і этымалогіі, этналінгвістыкі і славістыкі.
Праведзенае навукова-адукацыйнае мерапрыемства, дзе разглядаліся тэарэтычныя і практычныя пытанні этналінгвістыкі, было актуальным для студэнтаў, якія вывучалі спецкурс па гэтай дысцыпліне.
Сустрэча стала заканамерным працягам круглага стала “Перспектывы развіцця беларускай этналінгвістыкі”, які прайшоў 22 лютага 2023 г. на філалагічным факультэце у рамках мерапрыемстваў Тыдня роднай мовы і аб’яднаў навуковых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і выкладчыкаў філалагічнага факультэта БДУ для абмеркавання перспектыў развіцця беларускай этналінгвістыкі.